Да ганка падыходзіла Анна разам з Гюнтарам. Да таго, каб убачыць іх разам, Грынкевіч не быў падрыхтаваны, хоць нядаўна і чуў, што бляклая моль яшчэ прыляціць у N да прэм'еры. А як жа ж — вяселле зусім хутка! Тым не менш яму хапіла вытрымкі, каб суха павітацца — парукацца з Гюнтарам і кіўнуць Анне. Яна ўжо кранулася ручкі ўваходных дзвярэй, але раптам павярнулася і гукнула Грынкевіча. На хвілінку.
Лепарэла вітае маскі, якія ўваходзяць у залу. Ім адразу падносяць напоі. Дон Джавані прамаўляе тост: «Viva la liberta!». Ён праслаўляе свабоду, і госці шматкроць паўтараюць за ім: «Viva, viva la liberta!». Іхні тост гучыць як урачысты гімн свабодзе (1787 год — Вялікая французская рэвалюцыя...).
— Ты ведаеш, што да мяне прыходзіла Маша? У сацсетках. Я спачатку не зразумела, хто мяне дамагаецца. Потым раскусіла. Карацей, яна завяла падстаўную анкету. І, я так зразумела, яна збіраецца ў N. Гэта каб ты ведаў. Дарэчы, яна ўпэўненая, што ў нас з табой бурны раман. Але, калі ласка, пастарайся не ўцягваць мяне ў вашыя разборкі.
Сказаўшы гэта, Анна знікла за дзвярыма службовага ўвахода. Гештальт дабудаваўся. Віртуальная красуня-псіхолаг яўна была Машай. Напэўна, нага ўжо не баліць і трэба паціху павялічваць рухальную актыўнасць. Але ж не да такой ступені, каб проста сёння прыехаць у N. Ну, а далей будзе бачна.
Джавані загадвае музыкантам граць. Музыканты на сцэне выконваюць менуэт. Асноўны аркестр зноў маўчыць.
Менуэт.
Дон Атавіа танчыць менуэт з доннай Аннай. Донна Эльвіра заўважае ў натоўпе Дзэрліну і незадаволена адзначае: зноў гэтая сялянка!
Ён быў гатовы знішчыць увесь свет і найперш — усіх жанчын, калі ўзняўся ў рэпетыцыйную залу. Там у калідоры ён пабачыў натоўп аркестрантаў, сярод якога стаялі Анна і Гюнтар. Жаніх абдымаў нявесту за талію, пакуль тая балбатала з канцэртмайстаркай віяланчэльнай групы.
Донна Анна кажа дону Атавіа, што ёй цяжка. Той просіць яе рабіць выгляд, быццам усё ў парадку.
Аднекуль здалёк чуўся голас Ірыны, якая спявала ў класе арпеджыа на нон-легата і падбіралася недзе да сі бемоля. Значыць, гэта быў амаль канец распеўкі. Тут жа ў калідоры стаяў Собалеў і чакаў, відаць, пакуль яго запросяць увайсці ў залу.
— Слухай, дружа, — ціха сказаў ён Мішу, якога ўбачыў ля дзвярэй. — Ты затрымай Собалева, калі ласка. Мне з Іркай трэба пагутарыць, каб ён не замінаў. Яна ў мяне атрымае. Сучка, хацела рэпетыцыю сарваць.
— Ды ўсё я разумею! — падміргнуў Міша і пайшоў адцягваць увагу Собалева.
Джавані загадвае Лепарэла заняцца Мазэта і адцягнуць яго ўвагу. Сцэнічны аркестр працягвае граць менуэт, але да яго далучаецца яшчэ адна група аркестрантаў, якая адначасова грае контрданс. Тэмы двух абсалютна розных танцаў сплятаюцца ў дзівосны кантрапункт.
Калі ён увайшоў у клас, Ірына спявала стакатнае практыкаванне. Увогуле, гэты клас не прызначаўся для салістаў-вакалістаў, тут займаліся пераважна групы струннікаў, таму апроч раяля тут было некалькі пюпітраў.
Яна не звяртала на яго ўвагі. Грынкевіч апусціў века раяля. Спявачка вымушаная была прыбраць рукі з клавіятуры, каб ёй не зашчаміла пальцы.
— Што адбываецца? — пачаў ён.
— А што адбываецца? — перапыталася яна, зрабіўшы нявінны выгляд.
Апранулася яна сёння таксама як быццам на фотасесію. І бэзавага колеру блузка з расшпіленым лішнім гузікам ёй пасавала. І станік пад гэтай блузкай быў з чорна-залатых карункаў. Ну, а спадніца-клёш да сярэдзіны сцёгнаў увогуле не магла нікога пакінуць абыякавым.
— Значыцца, на рэпетыцыі мы цяпер ходзім тады, калі нам спадабаецца.
— А. ты пра гэта, — са смехам адказала Ірына і павярнулася да яго спінай. — Я думала, ты хацеў са мной пра ўчорашнюю «Травіяту» пагутарыць, як і абяцаў.
— Прыйшла б своечасова, пагутарылі б.
— Ну так, нічога асабістага, онлі э бізнэс. Ты нават проста па-чалавечы ўчора не падышоў і не павіншаваў мяне. Я разумею, што дэбют быў не бліскучы, але мог бы хоць добрае слова сказаць. Калі ты ўсё слухаў, зразумела.
Джавані запрашае Дзэрліну на танец. Донна Анна назірае за гэтым і ціха прамаўляе, што ўжо не можа трываць.
Гэта ўжо была справядлівая крыўда, і Грынкевіч не адразу знайшоў што адказаць. Зрэшты, замест прабачэнняў ён пайшоў у нахабны контрнаступ:
— Ісці ды віншаваць? Мне падаецца, кошык кветак быў па-за канкурэнцыяй. Мне засталіся толькі размовы на прафесійныя тэмы, якія можна адкласці і на потым. Ты сама зрабіла выбар. Нават сёння прывалакла яго за сабой. Навошта? Мяне пазлаваць? Ці ў вас цяпер нешта накшталт мядовага месяца?
Читать дальше