Ён задуменна размешваў цукар у сваім кубку з гарбатай. Ён ведаў, што ні гісторыя агульная, ні гісторыя асабістая не любяць умоўнага ладу. Але ж цяпер яму ўсё ж хацелася думаць, што б здарылася, калі б тагачасная Нюта раптам сказала яму: «А паехалі ў N».
Свавольнік заўважае Дзэрліну і ловіць яе, хоць яна і спрабуе ўцячы ад яго. Джавані хоча ўвесці сялянку за сабой.
— Чаму ты мяне тады паклікаў? — запыталася яна. — Са шкадавання?
Яна ці то наўмысна не хацела яго разумець, ці то сапраўды не разумела.
— Нюта. Тое, што я да цябе ўвесь час адчуваў і дагэтуль адчуваю, не ўпісваецца ў нейкае адно азначэнне. Гэта ўсё адно што параўноўваць гучанне самотнай скрыпкі ці флейты з гучаннем поўнага аркестра разам з хорам і салістамі. Разумееш? На той момант ты была для мяне як хатняе кацянё, якое я не меў права кінуць. Я думаў, што ты сама не выкараскаешся. Я баяўся за цябе. А чарада гэтых. Я чамусьці быў пэўны, што ўсё гэта некалі скончыцца, што табе надакучыць самой. Але ж было б лепей, каб усё скончылася раней, пакуль ты сабе жыццё зусім не паламала, таму я і сказаў: паехалі са мной. Верыў, што перамена абстаноўкі пойдзе на карысць. Калі ты мяне ў першы раз кінула. Самым страшным было не тое, што ты мяне на некага іншага прамяняла, наконт гэтага я неяк нечакана хутка супакоіўся. Самым страшным было тое, што ты магла зусім сысці з майго жыцця. І гэта адбылося, калі я з'ехаў сюды. Калі ты сказала, што табе і так усё падабаецца, гэта было складана. І калі я сказаў табе.
— Нічога ты мне не казаў. Забудзем пра ўсё, добра? — прашаптала яна і раптам дакранулася пальцамі да яго вуснаў.
Гэта была не проста пяшчотная просьба змоўкнуць — гэта быў усплёск жарсці, якую Анна стрымлівала. Тады ён перахапіў яе далонь і прытуліў да сваёй шчакі. Не, ён не быў цяпер спакушальнікам, ён проста шмат гадоў сумаваў па ёй — і вось нарэшце ў іх агульны вечар, спатканне, а не сустрэча сяброў-калегаў. Яго зачароўвала непаўторная пяшчота, з якой Анна пачала гладзіць яго па шчоках, па валасах, тое, як яна правяла пальцам па глыбокім шнары на яго падбароддзі. Ён займеў гэты шнар гадоў пяць таму, ужо ў N, і пасля пачаў адпускаць бараду.
— Рэдка, калі да мужчыны хочацца проста дакранацца. Такая ў нас, у жанчын, асаблівасць: мы як коткі, гатовыя болей прымаць такой пяшчоты, чым аддаваць. А з табой чамусьці іначай.
Ён зведаў шмат чаго з жанчынамі, некаторыя былі вельмі дасведчанымі і нават дасканалымі каханкамі, а цяпер ён даходзіў да шалу толькі ад таго, што Анна лашчыла даланёю яго твар. Тая, якую ён назваў калісьці «ніякай», толькі каб наўмысна прынізіць і абразіць. Цяпер ён нявольнік яе жаноцкасці. Ён сам інстынктыўна пацягнуўся да яе, каб злавіць хоць адзін пацалунак, аднак Анна мякка адхілілася. Яна цяпер насамрэч пахла дарагой гаркавай парфумай, а не летнім дажджом, — трэба прыняць гэтую ісціну і ведаць сваю партыю.
Тады Грынкевіч загаварыў крыху адчужаным тонам, быццам пераказваў чыюсьці гісторыю хваробы:
— Калі ты мяне тады кінула, без тлумачэнняў, на роўным месцы, мне не хацелася жыць. Асабліва пасля таго, што адбылося. Я месяцы тры не мог нічога рабіць, ледзь не вылецеў з вучобы, ледзь не пастрачваў усе свае падпрацоўкі, ледзь не застаўся на вуліцы. Аднойчы я сядзеў на падваконні ля расчыненага акна, гэта быў дзявяты паверх. Я глядзеў уніз, і мне было не страшна. Пару секунд — і ўсё скончана. Я проста не ўяўляў, што апроч цябе можа быць нехта яшчэ. Я думаў пра бацькоў. У іх, прынамсі, быў яшчэ мой брат, я іх не пакідаў зусім адных. Да таго ж я думаў, што калі мяне не стане, то тата нарэшце развяжацца са сваёй каханкай і вернецца да мамы назусім. Я гэта пралічваў вельмі сур'ёзна і нікому не прагаворваў. Відаць, я вар'яцеў. Потым я трапіў на адзін семінар для харавікоў, мяне заўважыў вядомы дырыгент і сказаў, што я павінен сур'ёзна займацца, што б ні адбывалася, што ўва мне ёсць музыка, ёсць нерв. Толькі пасля гэтага да мяне пачала вяртацца прытомнасць. Больш са мной ніколі такога не было, каб я не хацеў жыць.
Анна не глядзела на яго. Яна сядзела апусціўшы твар і моўчкі слухала.
— Госпадзе, што ж я тады нарабіла. — прашаптала яна. — Калі б з табой такое здарылася, я б не перажыла таксама. Гэта ж тое самае, што з маці. Толькі тут была б вінаватая я.
— Гэта слабасць, я сабе такога больш ніколі не дазваляў, нават калі мяне тут у кут загналі і я ледзь не застаўся па-за прафесіяй. Было і такое, але. — сказаў ён, нібыта супакойваючы яе, спрабуючы зняць з яе віну. — Але чалавек не можа не хацець жыць. А з жанчынамі. Рэч ва ўнутраным адчуванні, калі знікае «я» ці «ты», а застаецца толькі «мы». Потым мы зноў сустрэліся, памятаеш? Адзіны дзень, калі два гаваруны амаль не размаўлялі, толькі мілаваліся і маўчалі ў перапынках. Ты была каротка пастрыжанай, і я памятаю адчуванне, як ты сваім хлапечым «вожыкам» цёрлася аб маё плячо. Я курыў на кухні ўначы, а ты прыйшла загорнутая ў коўдру і казала мне, як не хочаш прапусціць ніводнай кроплі гэтай ночы. І як ты слухала восьмую п'есу з «Крайслерыяны», каб я вярнуўся. І я сапраўды вярнуўся! Ты мяне начаравала тады. А потым.
Читать дальше