Ён вярнуўся да стала. Анна сядзела і задуменна глядзела ў акно, за якім бачылася ўжо амаль пустая і амаль начная, невечаровая вуліца. Была адзінаццатая. Гэтая кавярня зачыняецца апоўначы, папярэдзіў адміністратар.
— Ведаеш, Лёша, я чамусьці была ўпэўненая, што заспею цябе тут з жонкай і дзецьмі, — сказала Анна, калі ён вярнуўся і сеў за столік. — А нічога не мяняецца. Як быццам цябе на паўзу паставілі.
— А так і было, — адказаў ён і моўчкі ўзяў ейныя рукі ў свае. — Давай вось так хаця б хвілінку пасядзім моўчкі.
Яна апусціла вочы і нічога не адказала, але і не адняла рук. Так яны і сядзелі адно насупраць другога, трымаючыся за рукі, пакуль афіцыянт не прынёс іхную замову.
— Ты цудоўна ведаеш, Нюта, што я цябе. Што ты асаблівая для мяне, — загаварыў ён, калі Анна зноў паспрабавала вывесці размову ў нейтральныя воды.
— Толькі праз тое, што было калісьці?
Ён адклаў свой прыбор, паставіў локці на стол і счапіў рукі, як у малітве. Гульня заканчвалася, то бок, гэта ўжо не быў той прыемны флірт, на які Анна вялася колькі дзён запар.
— І праз тое, што было, таксама. У цябе цяпер такая парфума, што ты пахнеш, нібы летні дождж. Я запомніў гэтую гаркавую свежасць тваёй скуры, гэты пах дажджу і навальніцы, які застаўся нават пасля лазенкі. Ты ж гэта памятаеш? І вось цяпер я цябе хачу, як быццам мне зноў васямнаццаць гадоў. Ты такая характарная, рэзкаватая тварам, а насамрэч пяшчотная.
— Не трэба, Лёша.
Лёкаі ідуць да сялян і запрашаюць іх на свята.
— Кажуць, што калі ў чалавека здараецца інфаркт, у яго адмірае частка сэрца. Прынамсі, так гэта тлумачыць мой бацька. У мяне тады адмерла частка душы. З гэтым не кладуць у рэанімацыю і не ставяць кропельніц, але гэта больш небяспечна. А цяпер я адчуваю, што гэты душэўны некроз кудысьці знік, мне як быццам зноў васямнаццаць гадоў. Я тады быў напраўду шчаслівым, бо ўсё жыццё было асэнсаваным, напоўненым і зразумелым. Я ведаў, што хачу быць дырыгентам і што ім стану, што я малады, таленавіты, што ў мяне ўсё наперадзе, я ведаў, што ты будзеш побач заўсёды. Ты была каменным падмуркам майго жыцця. Можа, для цябе з тваімі тагачаснымі поглядамі гэта было неістотна, а для мяне.
— Для мяне гэта было істотна! — прамовіла яна з горыччу і зірнула на яго так, быццам прасіла пра апошнюю літасць.
— Чаму ж ты мяне кінула? Хоць цяпер можаш гэта растлумачыць?
— А што мае тлумачэнні зменяць?..
Яна прамовіла гэта з роспаччу і безнадзейнасцю. Грынкевіч не ведаў што адказаць, бо пакуль нават не ўяўляў, навошта завёў гэту размову. Хіба ён бачыў нешта далей за сённяшні вечар і ноч, якая, безумоўна, будзе? Хіба Анна не жанчына, якая хоча пэўнасці і мае на яе права?
Сцэна XVIII
Дон Джавані, Дзэрліна, Мазэта. Дзэрліна спрабуе як-небудзь схавацца.
Сітуацыю ўратаваў мабільнік: тэлефанаваў габаіст і настойліва адпрошваўся з заўтрашняй рэпетыцыі, бо трэба тэрмінова прайсці тэхагляд. Грынкевіч сказаў, што няма пытанняў, хоць звычайна неахвотна адпускаў аркестрантаў. Гэтае невялічкае інтэрмецца дазволіла яму крыху супакоіцца. Ён не стаў замінаць Анне чарговым разам перавесці размову на бяспечную тэму. Людзей у зале рабілася ўсё меней, да закрыцця заставалася ўжо мала часу. Афіцыянт прынёс ім гарбату.
— А памятаеш, як ты мяне тады адчысціў на развітанне, калі ў нас былі супольныя народзіны? — нібыта нязмушана і з усмешкай раптам сказала яго візаві.
Грынкевіч здзіўлена ўзняў бровы. Ён не думаў, што Анна будзе згадваць гэты выпадак з гумарам.
— Я табе за гэта вельмі ўдзячная, бо іначай я б сапраўды ляцела на аўтапілоце немавед куды. Я б нават у тэатралку не сабралася, усё б засталося на ўзроўні фантазій, а тут захацелася давесці, што я не пустазелле. Я недзе праз тыдзень пасля твайго ад'езду пайшла ў цырульню і папрасіла, каб мне пагалілі галаву. Радыкальны спосаб пазбавіцца чырвоных валасоў. Усе былі ў шоку, акадэм я выйшла спяваць у парыку. Я тады яшчэ адзін акадэм праспявала і забрала дакументы з кансерваторыі. А потым я пачала здымаць пірсінг, потым нейкія спадніцы і туфлі сабе набыла. Праўда, калі я ў тэатралку на рэжысуру паступала, мне прапанавалі акторскае. Там хтосьці з выкладчыкаў быў зацікаўлены ў травесці, а ў мяне быў якраз той тыпаж. Але я ўсё ж памкнулася на рэжысуру. Ну, і знайшла сябе ў мюзіклах.
— Ты ўпэўненая, што гэта тваё?
— Упэўненая. Ты ўжо не ўпершыню мяне пра гэта пытаеш. І я не разумею, чаму ты ставішся да гэтага жанру так непрыязна. Як і да таго, што мы робім з Гюнтарам.
Читать дальше