Дзэрліна хоча схавацца ў альтанцы, кажа, што Джавані не павінен бачыць іх разам. Мазэта замест гэтага сам хаваецца ў альтанцы і выпіхвае адтуль дзяўчыну. Ён хоча паназіраць за тым, як яго нявеста будзе сябе паводзіць з кавалерам-свавольнікам. — Дарма ты гэтак катэгарычна, — адказала Анна. — Дзяўчынка маладая зусім, гадоў праз колькі набярэ абертонаў, навучыцца лепей абапіраць, калі будзе правільна займацца. А галасок абсалютна чароўны, пры гэтым такая прыгажуня. Хадзем павіншуем яе з прэм'ерай?
— Лепей заўтра. Я разумею, што дарагое яечка да Вялікадня, але цяпер мне дзіка хочацца есці. Заўтра я Іру ўбачу, я яе выклікаю, усё адно толькі яна можа на рэпетыцыю выйсці. Адна Дзэрліна заўтра працуе спектакль, другая вось СМС даслал а, што ў яе дзіця захварэла. Дарэчы, заўтра я цалкам збіраю фінал першага акта. Ну дык што — хадзем адсюль?
Анна кіўнула, і яны пайшлі па свае рэчы.
Дзэрліна застаецца адна і трымціць ад страху.
Сцэна XVII
Дзэрліна, дон Джавані разам са сваімі апранутымі ў ліўрэі лёкаямі, таксама Лепарэла.
Кавярня, куды яны ўжо не ўпершыню прыходзілі ўдваіх, у той вечар была не такой ужо і шматлюднай, відаць, таму што сярэдзіна тыдня. Адміністратар пасадзіў іх за столік ля акна. Анна вывучала меню і зноў бясспынна гаварыла.
— Ты так ніколі нічога не выбераш, — з паблажлівай пяшчотай дакараў Грынкевіч сваю спадарожніцу. — А між тым афіцыянтка ўжо глядзіць на нас і чакае.
— Я выбрала, — паведаміла Анна і згарнула меню.
Грынкевіч прыгадаў, што яна заўсёды ўмела рабіць дзве справы адначасова. Яна ў юнацтве магла размаўляць па тэлефоне і пры гэтым перапісваць канспект. Што за праблема з такімі талентамі вывучаць меню і ў той самы момант траскацець пра тэатральнае мастацтва. Калісьці яна вось гэткім жа чынам размаўляла з ім: ён мог прыйсці ў госці і з запалам апавядаць пра свае асістэнцкія турботы. Ён прыходзіў за разуменнем, а замест уважлівай слухачкі атрымліваў істоту, якая соўгалася туды-сюды па кватэры і амаль не звяртала на яго ўвагі. Часта яму падавалася, што Анна яго зусім не слухае. Але ж праз колькі дзён яна магла амаль дакладна працытаваць тое, што ён апавядаў, пакуль яна бегала па хаце з пыласмокам наперавес.
Сёння яна зноў прынцыпова выбрала віно.
— Ты маеш адзіны недахоп: зусім не прызнаеш гарэлкі ці іншых моцных трункаў, — сказаў Грынкевіч.
— Я магу выпіць шот-другі гарэлкі, калі ў кампаніі даводзіцца выбіраць паміж ёй і танным сапсаваным вінаматэрыялам. Пакуль вучылася ў Маскве, дык выпрацавала такі прынцып. А калі ёсць магчымасць выбіраць, ды яшчэ і за кошт мужчыны. Зразумела, я вазьму віно.
Добра, што яна не сказала «за кошт даўняга сябра». Грынкевіч адчуваў імпэт, яму рабілася вальней. У тым ліку ад таго, што гульня ішла паводле правілаў, так, як яму і падабалася. Позірк Анны не казаў наўпрост: пасля кавярні магчымы працяг. Яму пакідалі свабоду дзеянняў для таго, каб гэты працяг адбыўся.
— Мілая кавярня, — прамовіла Анна. — Не разумею, чаму Гюнтару яна не спадабалася. Мы з ім таксама тут былі. Інтэр'ер для яго, ты бачыш, як скрынка з цукеркамі. Так і сказаў. Зрэшты, ён тады быў не ў гуморы.
— А ён бывае ў гуморы? — з ледзьве заўважным раздражненнем пацікавіўся Грынкевіч. Размовы пра Гюнтара яму толькі бракавала!
— Ён флегматык, і ў яго такая неартыстычная манера камунікавання, што ўжо зробіш, — спакойна адказала Анна. — Ты ведаеш, я спачатку не магла да яго прызвычаіцца. Вакол мяне ўсе вельмі эмацыйныя — гэта натуральна, такі асяродак. Я, вядома ж, больш стрыманая ў параўнанні з іншымі, але Гюнтар — ну проста як сценка. А потым знайшла ў гэтым свае перавагі. Дарэчы, вы ў працы шмат у чым падобныя, дый у побыце таксама. Ён парадак любіць, нават на паперцы сабе план дзеянняў на найбліжэйшую рэпетыцыю заўсёды складае. Проста ты больш жвавы, дасціпны, гнуткі.
Дон Джавані з'яўляецца на сцэне і зноў абвяшчае, што для свята ўсё гатова, ён хоча пазабавіць сваіх гасцей-сялян. Аддае лёкаям апошнія каманды.
— Шмат п'ю, куру, і жанчын люблю болей. Увогуле, вяду нездаровы лад жыцця.
— А навошта табе гэта? Ну, курэнне, зразумела, звычка. Пітво ты цалкам можаш кантраляваць, як я бачу. А жанчыны?
— Бачу, ты змяніла жыццёвую філасофію.
— Стала больш дарослай, будзем так лічыць.
Яны сядзелі ў зоне для некурцоў, таму Грын-
кевіч папрасіў прабачэння і пайшоў пакурыць у вестыбюль кавярні. Насамрэч ён зноў пачаў нервавацца і таму хацеў пару хвілінаў пабыць на самоце, каб хоць нешта зразумець. Анна какетнічала і прымала заляцанні, але толькі прымала. Нечаканая спроба размовы пра мараль прымусіла яго паглядзець на сітуацыю незамутненым ад лібіда зрокам.
Читать дальше