Аксана да таго інцыдэнту з разуменнем паставілася. Адзіная жанчына, якая мне верыла. Я пра гэта ведаў і таму ні ў чым ёй не хлусіў.
— І калі яна цябе запыталася, ці кахаеш ты яе, ты не стаў ёй хлусіць.
— Ты разумееш, мне з ёй было добра і лёгка, але я не мог акрэсліць гэта адчуванне як каханне. Можа быць, я не здольны закахацца з першага позірку, мне патрэбны час. Я не аматар ружовых смаркачоў і прызнанняў, за якімі нічога не стаіць. Магчыма, я толькі-толькі пачаў яе па-сапраўднаму да сябе падпускаць, пачаў ёй давяраць. І калі б яна вось так па-жаночы не паставіла пытанне рубам.
— А пярсцёнак быў заручальны?
— Так. Баяўся яе страціць. А яна сказала, што гэта неістотна і нічога не дае, калі кахання няма. Сама ўсё і вырашыла.
— Мудрая жанчына.
Ірына змоўкла і занялася вячэрай. Напэўна, яна зразумела зашмат. Нават болей, чым ёй дазвалялі зразумець.
А заўтра зранку Джавані папоўніць свой каталог дзясяткам новых жаночых імёнаў.
— Ты ведаеш, Ізольда хацела атруціць Трыстана за тое, што ён занадта лёгка аддаваў яе іншаму. Без барацьбы. Ёсць жанчына, якую я кахаю, а ёсць абавязак. — раптам выдала яна.
Грынкевіч насцярожыўся.
— Гэта рэфлексіі з нагоды сённяшняга «Эліксіра кахання»? Ці, можа, ты пачала слухаць Вагнера? Нетыповае хобі як на спявачку твайго амплуа. Тады ў цябе ёсць шанец наладзіць адносіны з Аннай — яна, як я памятаю, захаплялася. Але ты робішся сапраўднай артысткай: у цябе знікае дэмаркацыйная лінія паміж сцэнай і жыццём. — сказаў ён і нават не ўсвядоміў, што амаль працытаваў Анну.
Яму захацелася палезці яшчэ за адной цыгарэтай, але ён падумаў, што сёння занадта шмат курыць.
— Не, Лёша, я, напэўна, не змагу ўсё жыццё чакаць, пакуль ты станеш мне давяраць ці як там гэта ў цябе называецца. Я, можа, не такая мудрая і спакойная, як гэтая Аксана, — сказала Ірына, адстаўляючы ад сябе талерку. — Нават Собалеў кажа, што кахае мяне.
— Кажа — ключавое слова, — стомлена адпрэчыў Грынкевіч. — І нічога не робіць дзеля таго, каб вам абоім было лепей і каб вы былі разам. Хіба толькі грашыма аддае. А як бы ён гэтае каханне праяўляў, калі б, напрыклад, сеў у турму з канфіскацыяй?
— Досыць.
Ірына ўзнялася з месца і ўзяла тэлефон. Яна выклікала таксоўку. Грынкевіч спрабаваў яе спыніць, але не ведаў, што ёй сказаць. А можа, не ведаў таму, што нейкае ўнутранае пачуццё загадвала яму не спыняць Ірыны. Калі яна, накінуўшы паліто, выбегла з рэстарацыі, ён вярнуўся на сваё месца. Ён дапіваў віно, чамусьці думаючы, што Ірына ўсё адно вернецца. Не цяпер, дык у чацвер.
Няхай сёння дзяўчаты весяляцца, забаўляюцца, танчаць то алеманду, то менуэт. А заўтра зранку каталог дона Джавані папоўніцца дзясяткам новых імёнаў.
«Ты ведаеш казку пра Рапунцэль? — усплылі ў памяці словы. — Дык вось, ты як той прынц. Толькі вашай каралеўскай высокасці пан Бог даў зашмат гонару. І ты глядзіш знізу на Рапунцэль, якая сядзіць у вежы. Але ты не хочаш сказаць: “Рапунцэль, спусці свае коскі долу!”. Бо ты прынц і ты пэўны, што не каралеўская гэта справа — прасіць пра нешта ў простай Рапунцэль. І ты ходзіш да гэтай вежы, як на працу. Ты чакаеш, што яна ўсё ж спусціць коскі. А яна таксама глядзіць на цябе зверху, але не спускае косак, бо ёй ведзьма забараніла. Нашто табе Рапунцэль? Вакол процьма прынцэс, якія кахаюць цябе і чакаюць. А ты ходзіш да Рапунцэль, якая сядзіць у вежы адна са сваімі страхамі. І, можа быць, яе не кахае ніхто. Апроч цябе, які ўжо столькі гадоў нясе вахту пад вежай, але маўчыць з гонару». — «Што ж мне зрабіць?» — «Знайсці яе і сказаць: Рапунцэль, я цябе кахаю. Іначай яна не спусціць косаў долу, а ты будзеш дурыць галовы прынцэсам, якім насамрэч патрэбныя іншыя прынцы, а не ты. Бо табе патрэбная Рапунцэль». — «Яна не спусціць косаў долу. Сумняваюся ў тым, што ёй гэта трэба ўвогуле». — «Пагатоў варта яе знайсці, каб закрыць для сябе гэтую тэму. Не дык не». — «Усё не так проста. Яна не Рапунцэль, яна Снежная каралева.» — «Я вашаць і ты вашаць, а хто ж нам хлеба напашаць. Так і ў вас».Келіх з віном раптам выслізнуў з рук, і ён ачомаўся толькі тады, калі ўбачыў, як чырвоная вінная пляма расплываецца па светлым абрусе. Паўз яго прайшла афіцыянтка і кінула нешта наклталт: «Нічога страшнага». Грынкевіч стаў збірацца, папрасіў рахунак і пакінуў ладны гасцінец.
На жаль, толькі ў казцы эліксір кахання здымае ўсе пытанні наконт таго, каму варта сказаць першае слова.
Джавані выпівае келіх віна і шпурляе яго на падлогу. Келіх разбіваецца са звонам, а свавольнік з радасным смехам уцякае.
Читать дальше