Дзяўчаты будуць весяліцца, забаўляцца, танчыць то алеманду, то менуэт.
Пасля спектакля настрой у яго быў такі, што яму нават не захацелася адчысціць трубача за сапсаванае сола. Заўтра сустрэне яго і спакойна пагаворыць, так нават лепей будзе. Ён хутка пераапрануўся і стаў чакаць Ірыну. Як заўсёды, яна выйшла амаль апошняй. Аднак зграйка дзяўчат з хору ўсё ж адзначыла, што яны пакідаюць тэатр разам. Грынкевіч нават наўмысна прыабняў яе за талію. Гэта заўважылі і два аркестранты, што курылі каля ўвахода. Грынкевічу міжволі зрабілася прыемна: нягледзячы на змытую касметыку і на нешыкоўнае ўбранне, Ірына выглядала эфектна.
— Ну што ж, будзем вучыцца не гуляць у хованкі. — уголас прамовіў Грынкевіч і пачаў ціхенька напяваць: — Elisir di si perfetta, di si rara qualita, ne sapessi la ricetta, conoscessi chi ti far!
— Неблагая італьянская, — зрабіла камплімент Ірына.
— У кансерваторыі хадзіў разам з вакалістамі вольным слухачом на заняткі, вунь Іванова якраз памятае. У мяне была тады шалёная юнацкая мара — трапіць на стажаванне ў прыстойны еўрапейскі тэатр. Вучыў мовы, чакаў шчаслівага шанцу. Я ж быў з маладых ды ранніх кандуктараў, ухітрыўся пераскочыць на сімфу з харавога. А цяпер я сяджу ў N, а маладзейшыя стаячаму лапці падплятаюць, хоць і паступалі пасля першай вышэйшай.
У рэстарацыі было не вельмі накурана. Да таго ж зачынялася яна ажно а другой гадзіне ночы, а была толькі палова на адзінаццатую вечара. Пасля спектакля дырыгент і прымадонна былі занадта стомленыя для думак пра ноч кахання, але ў той жа час занадта ўзрушаныя, каб разысціся па дамах і заснуць. Пасля спектакля артыст павінен ісці ў рэстарацыю. Іншага шляху няма.
— Іншага шляху няма. — прамовіў ён. — Будзеш цяпер хадзіць са мной у рэстарацыі ў гонар маленькіх прэм'ер. А пасля звычайных спектакляў табе давядзецца да раніцы сядзець са мной на кухні і піць гарбату з каньяком. І слухаць мае развагі пра музыку. І сачыць, каб я не напіваўся.
Ірына паведаміла, што пакуль жыве ў мамы. З Собалевым яна пасварылася, сказала яму, што больш нічога ад яго не хоча. Яе чарговым разам дастала жонка алігарха, а Собалеў не стаў нічога рабіць. Таму Ірына проста пакінула яму ключы ад нанятай кватэры і сышла адтуль у чым была — у старых джынсах і ў куртцы, якую набыла яшчэ на першым курсе. Зрэшты, а чаму не? Грынкевіч глядзеў на яе, такую мілую і простую без дарагіх шмотак. Што яму, уласна, яшчэ трэба? Не бегаць жа ўсё жыццё за морквай, як той асёл з прыпавесці.
— А ты заўсёды піў?
Гэтае пытанне было неспадзяваным. Настолькі неспадзяваным, што ён сказаў праўду, якую даўно не выцягваў з памяці.
— Не. У мяне быў перыяд, калі я амаль год не піў нічога, апроч піва. Дый тое не штодня.
— Праўда? — Ірына калупалася відэльцэм у салаціку з курыцай. — А што тады здарылася?
— Нешта адмысловае, — адказаў Грынкевіч, стрэсваючы першы попел з цыгарэты. — Я амаль год сустракаўся з адной дзяўчынай. Ёй не падабалася, колькі я п'ю, і я стаў піць меней. Дакладней, амаль не піць.
— І яе звалі.
Джавані ж будзе выхопліваць то адну, то іншую і па чарзе забаўляцца з красунямі.
— Аксанай. Ты наўрад ці можаш яе ведаць, яна зусім не з гэтай тусоўкі. Увогуле не з багемы. Звычайная дзяўчына з невялікай фірмы. Менеджар па персанале, ці як гэта завецца. Гэта гады чатыры таму было, тут, у N.
— А што здарылася потым?
— А потым яна задала пытанне, на якое я не змог адказаць так, як яна хацела. Замест гэтага я прынёс ёй пярсцёнак. Яна сказала, што ў такім разе не варта. На гэтым і развіталіся.
— Пра што ж яна запыталася?
— Яна запыталася, ці я кахаю яе.
Грынкевіч зноў стрэс попел і пашкадаваў, што
ўспаміны пра мінулае не згараюць гэтаксама хутка, як цыгарэты.
— Мы пазнаёміліся ў аўтобусе. Я ехаў дадому, а яна — некуды на юбілей да цёткі, як потым выявілася. Выходзіла яна на пару прыпынкаў раней. Гляджу — сімпатычная паненка, яўна толькі што з цырульні. А тут навальніца пачалася, а дзяўчына без парасона. Я і загаварыў з ёй. Выйшаў на тым самым прыпынку, правёў пад сваім парасонам да той кавярні, узяў тэлефон. Так усё і пачалося. Спакойна так з ёй было, добра. Ніводнага разу адносіны не высвятлялі, не сварыліся. Вядома ж, шмат што ў маім жыцці яна лічыла дзікім, а я, наадварот, не разумеў, як можна жыць па раскладзе ад дзявятай да шостай плюс два выходныя. Зрэшты, дзеля яе я завязаў з п'янкамі. Я цяпер ужо не дужа і п'ю, а раней, калі маладзейшы быў, добра мог даць. А галоўнае, мне нецікава было ёй здраджваць. Маша, ну, тая самая. Карацей, Маша тады зразумела, што гэта сур'ёзна, і атруцілася нечым, нейкіх пігулак нажэрлася і лягла паміраць проста ў адной з грымёрак. Гэта, безумоўна, не падзейнічала. Як ні дзіўна,
Читать дальше