— Рамантычны ў цябе выгляд з гэтай фрызурай, лепей, чым кароткая стрыжка ці коска, — прамовіла яна.
Затым ужо моўчкі прыбрала валасы, што падалі яму на твар. А ён стаяў і чамусьці хваляваўся, як хлопчык, ад гэтых праяваў клопату. Пазней ён падумаў, што Анна проста па-жаночы хацела ператварыць сцюдзёную ваду яго іроніі ў лёгкае віно жадання. Мужчына не будзе спрачацца з жанчынай, якую хоць крыху жадае, ён дазволіць жанчыне быць і прыземленай, і банальнай, і неразумнай. А ў той момант з ім здарылася зацьменне, ці не ўпершыню з таго дня, як Анна з'явілася ў N. Цяпер яна перастала быць для яго толькі горкасалодкім успамінам пра мінулае і нязбыўнай марай, жанчынай, якую ён ужо не мог атрымаць. Ён не ўслухоўваўся ў словы цёплай прыязні, якія яна казала яму. Яна захацела развітацца сяброўскім пацалункам і дакранулася халаднаватымі вуснамі да яго засмяглага рота, але пацалунак ужо не атрымаўся такім бясхмарна-цнатлівым, як некалькі дзён таму, калі Грынкевіч заходзіў да яе ў госці.
Гэта быў пацалунак-прадвесце, далёкі раскат грому перад моцнай залевай.
Фінал гэтай сцэны развітання ўбачыла Ірына, якая толькі што пераапранулася і паправіла грым да другога акта.
— Якія пяшчотныя адносіны. — вымавіла яна, калі Анна знікла недзе ў натоўпе харыстаў, мімансу і рабочых сцэны, якія таксама тут курылі. — Я стаяла і назірала за вамі. З вас хоць фігуркі ляпі на вясельны торт.
— Ты не ў гуморы? — халодна запытаўся Грынкевіч. — Ты прыйшла сюды, каб падыхаць тытунём? Гэта вельмі карысна падчас спектакля?
Выглядала на тое, што ён узяў занадта рэзкі тон. Ірына была як стогадовае дрэва, якое вытрывала ўсе нягоды, але гатовае было паваліцца ў не самую лютую буру. Ён вырашыў прытрымаць коні, бо наперадзе быў яшчэ другі акт, і калі ў яе зараз на нервовай глебе будзе спазм.
— Прабач, мяне Басаў сёння да шалу даводзіць, — загаварыў Грынкевіч прымірэнчым тонам.
— Пры чым тут Басаў! — не сунімалася Ірына. — Ты за гэтыя некалькі тыдняў ператварыўся ў невядома што.
— Супакойся. Мы з Аннай ведаем ад но ад наго так доўга, што раўнаваць мяне да яе проста смешна і непрыстойна. Па адчуваннях яна для мяне нешта накшталт стрыечнай сястры.
— Кузіначкі? Калі б ты мог сябе бачыць з боку. Добра, што яна своечасова ўцякла, а то я не ведаю што было б.
— Слухай, дарлінг, чаму ты мне не закочваеш сцэны рэўнасці, калі я рудую Жэньку з кардэбалета ціскаю? Ці калі ў рэкламны аддзел заходжу гарбаты папіць?
— Чаму? А таму што ты больш нікога не ціскаеш, як яна тут з'явілася! Ты спіш са мной і ў момант аргазму называеш мяне Аннай! З цябе гэтае імя вырываецца разам са струмянём спермы. Ты думаеш пра яе, калі займаешся са мной сэксам! Прыйшла гэтая дамачка, хвосцікам махнула — і ты ўжо гатовы на ўсё. Ты на яе глядзеў толькі што я не ведаю як.
Вось дура, думаў Грынкевіч, міжволі параўноўваючы Ірыну з Машай. Здаецца, розны тэмперамент, розны тыпаж, а якія яны падобныя. Знайшла момант сварыцца. На якую халеру яна накручвае сябе! Нельга нервавацца ў часе спектакля! Гэтую сцэну трэба было купіраваць як мага хутчэй. Грынкевіч выціснуў з сябе ўсю магчымую пяшчоту, якая ў ім яшчэ заставалася, і нагаварыў Ірыне нейкай бязглуздзіцы, абы яна супакоілася. Ёй працаваць другі акт. А ён, дырыгент спектакля, не зацікаўлены ў тым, каб яна спляжыла ўвесь паказ.
— Яна — Нюта. Я ніколі не называў яе Аннай. Яна з'едзе ў снежні. У яе ўсё добра з асабістым жыццём, устойлівыя адносіны, і ўсе дзялы, — дадаў ён для пэўнасці.
— Калі гэта цябе стрымлівалі ўстойлівыя адносіны?
— У яе не такія адносіны. У яе сапраўдныя.
Ірына, відаць, нарэшце паверыла яму і ўзяла
сябе ў рукі. Гэтым варта было карыстацца.
— Дык я магу сёння запрасіць цябе на адзначэнне маёй прэм'еры? — сказаў Грынкевіч ужо з усмешкай. — Калі ты мне пра Собалева не схлусіла, зразумела. Хадзем пагуляем пасля спектакля ці што? Павячэраем недзе. Я ж ніколі з табой не гуляў.
Дзяўчына пагадзілася, і Грынкевіч адчуў, што навокал пачынаецца мірнае жыццё. У другім акце ён ужо меней пераймаўся праз тэнара, хоць сусветны хіт «Una furtive lagrima.» ў ягоным выкананні атрымаўся цалкам крымінальным. Грынкевіч хіба спінным мозгам адчуў, дзе гэты лапушка будзе рабіць недарэчныя пашырэнні, нейкім дзівам падладзіў пад яго аркестр — і толькі таму яны не раз'ехаліся. Публіка пляскала ў ладкі. Потым ён выходзіў на паклон і атрымліваў з рук адміністратара спрадвечны букет жоўтых ружаў. Марго сядзела ў пятым радзе партэра, Грынкевіч яе бачыў. У галаве складваўся тэкст ветлівай СМС з падзякай за ўвагу і букет. Але гэтая СМС — апошняе, што ён сёння створыць. А можа, ён увогуле напіша ёй заўтра.
Читать дальше