Лепарэла распавядае. На загад гаспадара ён прывёў у дом сялян і стаў забаўляць іх чым мог. «Брава!» — у захапленні ўскрыквае дон Джавані.
Ірына сапраўды апошнім часам парушала тэхніку бяспекі, хоць раней і ўпрошвала рабіць так, каб Собалеў ні пра што не здагадваўся. Калі ж яна бачыла Грынкевіча разам з Аннай, з ёй адбывалася нешта неверагоднае. Пару разоў на рэпетыцыі Ірына спрабавала з ёй зачапіцца, але рэжысёрка выкліку не прыняла. Анна, здаецца, пра нешта здагадалася, і менавіта з паводзінаў Ірыны. Прынамсі, яна задавала Грынкевічу асцярожныя пытанні, і той выкручваўся як мог.
— Собалеў носіць рогі, праўда? — не адчэпліваўся бас.
— Ну, было нешта аднойчы. — няўпэўнена прамовіў Грынкевіч, граючы абыякавасць. — Так, мімаходзь. Не хачу звязвацца.
— Ат. — Міша зрабіў жэст, які быў бы дарэчы ў фінале тэлевізійнага супершоў, дзе пераможца атрымлівае мільён даляраў. — Так яму! Я ж ведаў, што ты яе не прапусціш. Слухай, Лёха, як ты гэта робіш? Прабач, але што ў табе такога? Яны так лёгка на цябе западаюць і так намёртва. Дарэчы, Танька таксама выносіць мне мозг тваімі адносінамі з Івановай. Таксама распытвае, што я пра яе ведаю. Ты з ёй па-ранейшаму, ці што?
— Ды нічога ў мяне з ёй няма! Я ж кажу — з вясны мы з Танькай разбегліся, і яна да мяне ніякіх прэтэнзій не мела. А цяпер і мне мозг выносіць, але не наконт Івановай. «Травіята» — гэта быў яе спектакль, яна там была салісткай асноўнага складу. Цяпер уводзяць Ірку, яна баіцца канкурэнцыі, штодня скардзіцца: застануся без партыяў, не гатовая я браць цяжкі рэпертуар. Пытаюся: а я тут пры чым? Я што — партыі размяркоўваю? Яна ў слёзы. Ай, ну іх.
Найперш Лепарэла хацеў адцягнуць увагу Мазэта, які раўнуе Дзэрліну. Лёкай напаіў сялян, і хлопцаў, і дзяўчат. Яны развесяліліся, сталі танчыць і спяваць. І тут...
Грынкевіч зірнуў на манітор тэлефона. Тэлефон паказваў, што Мішу трэба ісці паціху распявацца і грымавацца, а яму — шукаць прас у касцюмернай. Ім сёння нават налілі па сто грамаў каньяку, хоць звычайна артыстам, асабліва перад спектаклямі, наліваць забаранялася. Дый Міша не злоўжываў перад выхадамі на сцэну, проста сёння яму трэба было скінуць стрэс пасля скандалу з жонкай. А Грынкевіч пад уздзеяннем гамеапатычнай дозы алкаголю перастаў думаць пра Ірыну і вырашыў: няхай усё ідзе сваёй чарадой. Калі дзяўчына пачала раскрывацца перад ім з такіх бакоў, дык ён не збіраецца перад ёй прагінацца. Ён дагэтуль шмат чаго ёй прапаноўваў, але ж не абяцаў. І гэта слушна. Толькі бракавала яму яшчэ адной Машы, хіба з папраўкай на большую колькасць звілін і спакайнейшы тэмперамент.
...і тут зявілася Дзэрліна. А разам з ёй? А разам з ёй — донна Эльвіра, і яна, вядома ж, лаяла дона Джавані, а лёкай моўчкі стаяў і слухаў. Перачакаў, пакуль спадарыня накрычыцца, потым ціхенька вывеў з замка, а сам замкнуў дзверы і пакінуў Эльвіру на вуліцы. «Брава! Брава! Беспадобна!» — у захапленні крычыць дон Джавані.
Каньяк бадзёрыў і паляпшаў настрой. Грынкевіч прыйшоў у касцюмерную і пазаляцаўся да маладой яшчэ тамтэйшай супрацоўніцы, якая гатовая была сама адпрасаваць ягоныя кашулі. Але ў дзвярах ён убачыў Анну. Пры Анне яму чамусьці няёмка было вось так карыстацца жаночай дабрынёй. Ён узяў прас і стаў ля прасавальнай дошкі, якую касцюмерка ўсё ж ветліва засцяліла белай прасцінкай.
Анна павіталася з ім і касцюмеркай. Дзіўна: яна была ў тэатры ўсяго пару тыдняў, а ўжо кожная душа яе тут ведала і любіла.
— Табе трэба было ісці не ў рэжысёры, а ў шпіёны, — сказаў Грынкевіч, калі яна спынілася ля яго. — Ты так умееш здабыць прыязнасць навакольных, што табе не праблема было б выпытваць у іх розныя дзяржаўныя таямніцы.
— Нічога ты не разумееш, Лёша, — адказала Анна. — Я ж вырасла ў касцюмернай. Я ў садок не хадзіла, і маці штодня цягала мяне на працу. Мне дазвалялі прымерваць на сябе розныя касцюмы. Гэта было весела. Я ў гадоў дзевяць прыходзіла з балетнай студыі і прыкідвала, колькі мне будзе, каля я надзену сапраўдную вялікую пачку. А потым я ўжо марыла пра касцюм Афеліі.
— Застанешся на спектакль? — пацікавіўся Грынкевіч, якому насамрэч не вельмі хацелася, каб Анна бачыла менавіта «Эліксір» і менавіта сённяшні паказ.
— А ты, я так адчуваю, не дужа хочаш, каб я засталася. — адказала Анна, праходжваючыся ўздоўж вешалак, на якіх віселі, быццам скінутыя лебядзіныя крылцы, дзясяткі белых балетных пачак. — Не турбуйся, усё будзе добра. Я хацела Іру паслухаць як належыць, бо нешта на ейныя спектаклі не трапляю. Яна неяк варожа да мяне ставіцца. Гэта праз донну Анну?
Читать дальше