Калі ўздыхае каханая, уздыхае і ён.
Анна пачала апавядаць пра Гюнтара. Яны пазнаёміліся тры гады таму ў Маскве. Яна была яшчэ студэнткай, а ён ужо меў нейкі досвед працы ў сябе ў Нямеччыне. Але яму дзеля цікаўнасці хацелася павывучаць рускую школу, і ён стажаваўся ў адным з маскоўскіх тэатраў. На той момант Гюнтар меў складанасці з рускай мовай, і Анна дапамагала яму гэтыя складанасці пераадолець. Праўду кажуць, што замежныя мовы заўсёды лепей вучыць з партнёрамі па ложку.
Потым яна зноў перайшла на спектакль, на свае канцэпцыі, якія выглядалі як зацяжны скок з парашутам. Грынкевіч слухаў не надта ўважліва. Час ад часу ён спрабаваў выклікаць тую, былую
Нюту, як Мефістофель выклікаў выяву Маргарыты для Фаўста. Але яна была Аннай. Канчаткова і беспаваротна. Позна ўвечары ён адчуў, што трэба развітвацца, хоць Анна і не праганяла яго, зусім як у былыя часы. Але ў гэтай кватэры не было асобнай канапы, каб уладкаваць госця.
— А тэнар мне патрэбны істэрычны. Зрэшты, мне ўсё адно, як ён будзе выглядаць і спяваць, тэнар гэта заўсёды тэнар, — казала яна, калі Грынкевіч ужо абуваўся ў вітальні.
— Ой не кажы! Ладна, калі яны проста тупыя, як боты. А бывае і горш. Ты проста яшчэ не бачыла таго хлопчыка са стажорскай групы, якога я на дона Атавіа як страховачны варыянт паставіў. Там такі Саша, зайчык зайчыкам. Консу летась скончыў, пакуль на маржовых партыях. Дык вось, ён у нас кшталту разумны. Падыходзіць да мяне ўчора з прэтэнзіяй і кажа такое: а чаго гэта ў нас у «Dalla sua pace.» няма мелізмаў і варыяцыяў? Маўляў, пры паўторы трэба — Da Capo. Я кажу: залезь у падручнік і павучы матчастку. Якое, каб табе заняло, Da Capo?! Тэарэтык хрэнавы, яшчэ вучыць мяне будзе.
Анна ад душы парагатала над гэтым расповедам.
— Ты ведаеш, я, напэўна, зраблю цябе ўдзельнікам спектакля, — сказала яна крыху пазней.
— Спадзяюся, мяне ты не станеш апранаць у сурдут і парык з коскай?
— Увогуле было б няблага, але тады ўжо трэба гэтак апранаць увесь аркестр, а на такія выдаткі тэатр не пойдзе, і.
— Нюта. Але ж «Дон Джавані» — ён усё ж не пра оперу, ён пра звычайных людзей. Пра іх пачуцці.
Ён са слабой надзеяй узіраўся ў ейныя вочы, яму ўсё хацелася нешта ў іх прачытаць. Анна не разумела і не адчувала гэтага. Можа таму, што была захопленая сваімі творчымі ідэямі.
— Разумееш, Лёшачка, я, пэўна, не маю ілюзій наконт таго, што з оперы можна рабіць гэтакі тэатральны арт-хаўс. То бок, апранаць спектакль у сучасныя касцюмы і паказваць нейкія праблемы сучасных людзей. Што такога адмысловага я скажу гледачу? Што ва ўсёй гэтай опернай гісторыі пра пакаранага свавольніка няма кахання? Ну дык гэта ўжо ўсе ведаюць. І што адсутнасць кахання — вельмі актуальна і сучасна, гэта таксама ўсе ведаюць. Людзі збяднелі на пачуцці. Ім хочацца або прыгожа і без абавязальніцтва, або з надрывам і з раздзіраннем болек, як у тваёй Машы. Лямур-тужур на офісным стале — вось гэта цяпер актуальна. Каханне існуе толькі ў галовах сучасных людзей. Або ў скайп-логах, лічы — таксама ў галаве. Кожны хоча верыць: тое, што ён перажывае, — прыгожа і непаўторна. А насамрэч гэта пошла і брыдка, як раманы Вішнеўскага. Дык навошта нагадваць людзям пра гэта? Лепей ужо зрабіць сцёб з оперы.
— Якой таксама няма!
Ейныя гнеў і гора — ягоныя. І яму не зведаць радасці, пакуль каханая не стане шчаслівай, прызнаецца дон Атавіа.
Абое раптам зарагаталі, бо цудоўна адно аднаго зразумелі. Грынкевіч ужо стаяў у вітальні апрануты і гатовы ісці. Анна нечакана правяла пальцамі па яго шчацэ і злёгку кранулася вуснамі яго вуснаў. Гэта быў нявінны сяброўскі пацалунак, які выглядаў натуральным, хоць і быў спантанным.
— Вось забаўна, — сказала яна з усмешкай. — Я ніколі не думала, што ты адпусціш бараду і вусы, ды яшчэ і так схуднееш.
Грынкевіч пацалаваў Анне руку, хутка развітаўся ды пайшоў. Ён не мог зразумець яе. Наўрад ці яна яго спакушала, надта ўжо спакойны ў яе быў позірк. Але надта ж адчайна яна спрабуе сябраваць, каб гэта было абыякавасцю. Так, яна змянілася, стала нібыта іншай. Раней была процьма розных, цяпер адзін Гюнтар. Але нешта яна цямніць з гэтым Гюнтарам.
Дома ён сачыніў чарговы ліст бацьку, у якім даводзіў, што музыкант не можа быць прывязаны да пэўнай глебы, і гэта нармальна. Распавёў яму пра «Дона Джавані» і пра тое, як яго будуць ставіць.
Ён лёг спаць рана, хоць назаўтра меў выходны. А раніцай наступнага дня чамусьці доўга аглядаў сябе ў люстэрку пасля таго, як пачысціў зубы. Рука сама пацягнулася па брытву і крэм на галенне. Неўзабаве Грынкевіч ужо выглядаў амаль такім, якім ён быў гадоў восем таму, ад'язджаючы ў N — хіба шчокі болей праваліліся і сталі бачнымі зморшчыны ад крылаў носа да куткоў рота. Ну, і адкрыўся шнар, дагэтуль схаваны барадой. Тым не менш яму спадабалася гэтая спантанная перамена, і ён усміхнуўся самому сабе.
Читать дальше