Ён тады быў злосны на бацьку, вельмі яго асуджаў і ўсё гэта прагаворваў Нюце. Яна слухала з нібыта адчужаным выглядам і амаль нічога не казала, апроч таго, што ўсё ў свеце мае завяршэнне. «Як ты можаш такое казаць?!» — выбухнуў хлопец. «Я — магу, бо ведаю», — адказала дзяўчына. Ён тады раззлаваўся на яе і сапраўды хацеў сысці, але дзяўчына яго затрымала. Прасіла прабачыць яе, казала, што потым як-небудзь распавядзе, што яна мела на ўвазе. Гладзіла яго па шчаках, па непаслухмяных валасах. Яна пацалавала яго першая, і гэты пацалунак агаломшыў хлопца, бо не меў нічога агульнага з ранейшым досведам падлеткавай гульні ў «бутэлечку» з іншымі дзяўчатамі. Калі б не гэткая спантанная ініцыятыва, ён бы яшчэ працяглы час не ведаў, што Нюціны грудзі, клубы ды ногі заслугоўваюць больш пільнай увагі. А магчыма, увогуле б лічыў яе проста сваім зэ бэст фрэнд.
Атавіа няпроста быць і мсціўцам, і суцяшальнікам.
Яна ж нашмат пазней прызналася, што хацела яго ў той момант хоць чым-небудзь супакоіць, і толькі.
— Дарэчы, як твой тата маецца? — запытаўся Грынкевіч.
— Фантастычна! У мяне неўзабаве будзе яшчэ адзін брат, недзе пад новы год.
— Чакай. Тваёй мачасе, як я памятаю, гадоў не так ужо і мала для такіх рэчаў.
— Тая мне ўжо не мачаха! — хмыкнула Анна. — Яна проста трэцяя жонка Антона Рупеля. А маёй новай мачасе ўсяго дваццаць пяць.
№ 10а: Арыя «Dalla sua pace.».
Анна паклала сабе ў талерку салату і знакам папрасіла яшчэ віна. Грынкевіч спрабаваў перастрававаць навіну пра Рупеля і адначасова назіраў за дзяўчынай. Яе сапраўды цяжка было назваць жанчынай, маладой жанчынай. Толькі дзяўчынай. На ейным твары былі адно слабыя намёкі на мімічныя зморшчыны. Анна захавала пэўную свежасць і чысціню аблічча. У дваццаць гадоў ёй здалёк можна было даць дваццаць пяць: прыкладна ў такім узросце кабета пачынае страчваць юнацкую наіўнасць рысаў і нават твар з пухлымі ад прыроды шчакамі набывае нейкую драматычнасць. Аднак Анна і ў дваццаць гадоў мела тое, што Грынкевіч мог назваць «драматычнасцю рысаў». А вось цяпер яна таксама выглядала гадоў на дваццаць пяць. Вечная Беатрычэ.
Ён падумаў, што непрыстойна ўсё ж вось так сядзець, утаропіўшыся на чужую дзяўчыну. Цяпер не тыя часы і не той момант. Таму Грынкевіч і вярнуўся да абмеркавання асабістага жыцця Рупеля.
— Жвавы ў цябе татачка!
Іронія, відаць, была такой канцэнтраванай, што перарадзілася ў сарказм. Анна запытальна на яго зірнула.
— Зрэшты, у нашым асяродку ўсялякае бывае. — працягнуў Грынкевіч, дадаючы свайму выказванню талерантнасці.
— Мне, паміж намі, дзевачкамі, так прасцей, — сказала Анна, адпіваючы віно з келіха. — З трэцяй жонкай праблемы былі даўно, яшчэ калі я ў школе вучылася. Потым пачаліся непрыемнасці з маім брацікам. Яму цяпер амаль дваццаць, а ён нідзе не вучыцца, не працуе і сядзіць у камп'ютарным клубе на «стралялках». І яшчэ яго пару разоў бралі за распаўсюд сам здагадайся чаго. Бацька ўжо тады адчуваў, што на ім прырода адпачне, яшчэ калі я ва ўніверсітэт паступіла. Вось ён і займаўся мной, як больш перспектыўным нашчадкам, пакуль я не сказала: усё, тата, досыць з мяне. Два гады не размаўлялі, нават са святамі адно аднаго не віншавалі. Я тады не пашкадавала нерваў, каб памяняць прозвішча, ты сабе не ўяўляеш, што там было. А тры гады таму ён знайшоў сабе студэнтку, якая глядзела на яго як на айца, сына і святога духа ў адной асобе. І цяпер у нас з бацькам адносіны проста цудоўныя. Ён увесь заклапочаны чацвёртай сям'ёй і перыядычна бегае ў міліцыю адмазваць сына ад трэцяга шлюбу. З найстарэйшым там свая гісторыя, я толькі ведаю, што мой краснаярскі брат калі ажаніўся, то ўзяў жончына прозвішча. Там канцы абрубленыя. На мяне ў яго хапае часу, толькі каб раз на два тыдні пагутарыць па тэлефоне пра справы і запытацца пра жыццё і здароўе. А мне толькі таго і трэба.
— Але ж чацвёртая жонка. Маладая жонка і ў такім веку.
— Ён добра выглядае, дарэчы, як на свае шэсцьдзясят. А наконт маладой жонкі, дык ты яго павінен зразумець.
— Каханка і жонка — гэта рознае, — запярэчыў Грынкевіч.
— Ты стаў кансерватыўным?
Дон Атавіа напраўду кахае сваю нявесту донну Анну. Ягоны мір і спакой у душы залежыць ад таго, наколькі спакойная і шчаслівая яна.
Грынкевіч зноў прамаўчаў. І Анна змоўкла таксама. Навошта яна запрасіла яго ў госці, для Грынкевіча было загадкай. Яна, вядома ж, спрабавала паводзіцца з ім так, нібыта яны зэ бэст фрэндз і нічога большага. Але цяпер у яе быў прыкладна такі самы выраз твару, як тады, калі ў тэатры яна атрымала СМС пра самую вялікую недарэчнасць.
Читать дальше