Ён раптам спыніўся і змоўк.
— Даруй, я зноў не пра тое. Я і ў Маскве загрузіў цябе Курэнтзісам і ўсім астатнім.
— Нічога, цяпер усё будзе іначай. Не маўчы, кажы. Ты, відаць, доўга маўчаў. І. мне таксама цябе бракавала. Вельмі.
Гэтыя словы яна прамовіла таксама без усмешкі і пры гэтым апусціла вочы. Грынкевіч выдыхнуў. Ён ужо амаль не адчуваў зямлі пад нагамі, але гэта быў стан нейкага найвышэйшага шчасця, якое можна нечакана спасцігнуць хіба ў вельмі рэдкія хвіліны. Як быццам ён восем гадоў пражыў на чужыне і толькі цяпер сустрэў суайчынніка.
— Але нам трэба ісці, — раптам сказала яна амаль дзелавым тонам.
— Куды?! — агаломшана запытаўся Грынкевіч. Ён вяртаўся ў рэчаіснасць, як чалавек, якога выводзяць са стану поўнай анестэзіі.
— Да дырэктара. Ён сказаў, што выклікаў цябе таксама, — адказала Анна, якая ў сваю чаргу не разумела здзіўлення свайго суразмоўцы. — Ці ты яшчэ не ведаеш?.. Праўда не ведаеш?!
Грынкевіч толькі хістаў галавой. Тады Анна засмяялася:
— Я ж прыехала сюды ставіць «Дона Джавані»!
Донна Анна і дон Атавіа ўражаныя і самім з'яўленнем донны Эльвіры, і яе словамі. Яна трымаецца вельмі годна і вельмі высакародна, ейныя слёзы ў вачах — не фальш.
Пасля кароткага прыёму ў дырэктара, сэнс якога быў у тым, каб пазнаёміць дырыгента і рэжысёра спектакля, Грынкевіч вярнуўся да сваіх аркестрантаў. Да канца рэпетыцыі ён быў у амаль самнамбулічным стане. Ён мала што зразумеў з Анніных тлумачэнняў, якія яна паспела даць. Вядома было толькі, што яна рэжысёр «Дона Джавані» і яна будзе тут у найбліжэйшыя два з паловай месяцы, хай сабе наездамі, але будзе, а значыцца, напраўду нікуды не падзенецца. Болей за тое, яна цяпер сустракаецца з мастаком, яшчэ пагутарыць з дырэктарам, а пасля чакацьме Грынкевіча, каб разам паабедаць. З ейных вуснаў гэта гучала так, як быццам яны не бачыліся ўсяго пару дзён і проста трэба сёе-тое па працы абмеркаваць, а для яго, для Грынкевіча, гэта было як запрашэнне сесці на кілім-самалёт і скіравацца ў краіну здзяйснення мараў.
Вядома, што і па працы ім трэба шмат пра што пагутарыць, але праца не ішла да галавы. Збольшага таму, што Грынкевіч цяпер пачуваўся вучнем мага, калі таму самастойна ўдалося начараваць прыход чалавека, сустрэць якога без чарадзейства было амаль немагчыма. Яна прыйшла так, быццам прачытала ягоныя думкі на адлегласці, і гэта само па сабе было цудам, здольным уразіць любога. Скончыўшы рэпетыцыю, Грынкевіч пайшоў на сустрэчу з ёй. Ці ўсё ж на спатканне?
Анна напраўду сядзела на канапе ў фае службовага ўвахода і чакала яго. Яна зноў зірнула на яго з усмешкай: маўляў, дарма ты, дурненькі, не верыш у рэальнасць усяго, што адбываецца. І затраскацела так, што ён цяпер пазнаваў колішнюю Нюту. Адразу запісала ў сваю мабілку нумар Грынкевіча. Пачала апавядаць, пра што яны дамовіліся з мастаком, як яна дабіралася сюды амаль з прыгодамі і нават была палічыла гэта кепскім знакам, але ж «Дон Джавані» — гэта праца, дзеля якой не толькі варта, а трэба рызыкаваць.
Грынкевіч слухаў яе, ледзь паспяваючы ўстаўляць адно-два словы паміж маналогамі. Нарэшце ён моўчкі абняў яе адной рукой за плечы, і так яны рушылі з тэатра на вуліцу. Толькі тады Анна змоўкла і як котка пацёрлася шчакой аб ягонае плячо.
— Як жа мы мяняемся і разам з тым застаемся ранейшымі. — прашаптала яна.
Ён нічога не адказаў. Проста цешыўся ейнай прысутнасцю побач. І яна таксама маўчала ажно да самай кавярні, куды яны прыйшлі. Яны занялі столік ля акна ў зоне курцоў: Анна пагадзілася тут сесці, бо народу пакуль было няшмат. Час абедзеннага меню скончыўся, а час вячэры ды іншых забаў не надышоў — такі графік у людзей, што жывуць паводле схемы «ад дзявятай да шостай». Багема, зразумела, у гэтую схему не ўпісваецца.
— Ну, а цяпер распавядай па парадку, як цябе да нас занесла, — сказаў Грынкевіч, калі яны ўладкаваліся за столікам і вырашылі, што замаўляць.
— Вельмі проста і вельмі складана. Вучылася я ў Маскве, прычым спачатку гэта была рэжысура драмы. Я ўжо тады, калі на пэа вучылася, пра гэта думала. Таму, натуральна, у кансерву я нават і не паступала. Якраз скончыла ўніверсітэт. Знайшла рэпетытараў. Рыхтавалася цэлы год па майстэрстве, чытала кніжкі па гісторыі тэатра, глядзела касеты і дыскі са спектаклямі, сама па тэатрах бадзялася, наведвала ўсё, што можна. Карацей, прарвалася. Потым здала кватэру ў Піцеры, каб было чым плаціць за навучанне, ды з'ехала ў Маскву. Я цяпер там ужо стала жыву. Вучылася на драме. А потым неяк уцягнулася ў музычны тэатр і перавялася. Праўда, у мяне ў Нямеччыне ёсць некалькі супольных драматычных работ, а тут збольшага мюзіклы.
Читать дальше