Донна Анна і дон Атавіа сыходзяць.
Сцэна IV
Вуліца. Старадаўняя агароджа багатага дома, насупраць — гатэль. Золак. Дон Джавані і Лепарэла.
Рэчытатыў «Orsu, spicciati presto...».
Грынкевіч лічыў Маскву задужа небяспечным месцам: менавіта ў Маскве ён на кожным рагу напорваўся на даўняга сябра, аднакурсніка ці проста харошага чалавека, які марыў з ім і толькі з ім пабухаць. І менавіта ў Маскве Грынкевіч здраджваў свайму прынцыпу «ні кроплі алкаголю за працай». Вялікая Масква была месцам паселішча самотных душ. Прынамсі, гэтак яму здавалася кожны раз, калі ён сюды завітваў. Самотныя душы, што трапілі ў Маскву і грызлі свой кавалачак жыццёвага поспеху, пачуваліся як у Лімбе — камфортна, але журботна. Ён іх на свой капыл шкадаваў. Ці адно называў гэта шкадаваннем.
Ён нікому не мог адмовіць, нават калі адчуваў, што выпівае часта і замнога. Самотныя душы ўвесь час давалі яму зразумець, што памруць, пакуль не пакаштуюць ягонай пячонкі. І Грынкевіч, як той антычны герой-альтруіст, заўсёды быў пэўны — пячонка адрасце. Таму і ўгаворваў з чарговай самотнай і беспрытульнай душой пляшку-другую.
Так прамінуў першы тыдзень гэтай вандроўкі. А сёння яго чакала вельмі адказная п'янка: адна самотная душа хацела не проста разбавіць свае траблы гарэлкай — яна гатовая была даць грошай. Трэба разумець, у якасці кампенсацыі за з'едзеную пячонку. Воўчык, Грынкевічаў аднакурснік яшчэ па музвучэльні, прыехаў сюды і разгарнуў шпаркі бізнэс. Музыка для Воўчыка даўно перайшла ў шэраг салодка-настальгічных успамінаў пра юнацтва, калі ён «сапраўды жыў».
Іх рэдкія сустрэчы заўсёды былі напоўненыя рэтраспекцыямі. З такімі людзьмі ўвесь час пачуваешся нібы ў пральні, куды прыносіш мех вельмі розных анучак. Сюды белае, сюды каляровае, сюды бавоўну, а туды сінтэтыку. Манатонны і нудны занятак — гэтае сартаванне чужых траблаў. Але ж Воўчык так любіў намякаць, што без гэтага душэўнага прання гатовы засіліцца, так часта казаў, што грошы на мастацтва для яго не праблема... Што было больш важкім аргументам — уратаванне ад суіцыду ці атрыманне грошай — Грынкевіч не ведаў, але Воўчыка не пасылаў. Напэўна, ён усё ж гнаў двух зайцаў.
Аляксей быў старэйшым за Воўчыка на два з паловай гады, і, як тады казалі ўсе яго аднакашнікі, няясна што забыў на дырыгенцка-харавым аддзяленні. І праўда, навошта было пасля двух гадоў на музыказнаўчым, дзе ён быў выдатнікам-разумнічкам, забіраць дакументы і перапаступаць у іншую вучэльню, на менш прэстыжны а-ха? Воўчык быў адзіным, каго гэта мала цікавіла.
Воўчык, нявінная правінцыйная душа, з разяўленым ротам назіраў, як Грынкевіч дзеля размінкі пальцаў ганяў складаныя эцюды Шапэна, як ён з аркуша граў любыя харавыя партытуры, з якімі іншыя першакурснікі толькі пачыналі калупацца. Грынкевіч стаў яго каралём і богам, бо рашаў яму задачкі па гармоніі, вучыў курыць і распавядаў, як ездзіў на конкурсы за мяжу ў сваім піяністычным мінулым. А дзяўчаты. Найстарэйшы і найразумнейшы на курсе хлопец, нават калі ён не дужа высокі і ўвогуле не Апалон, адразу робіцца кумірам усіх без вынятку дзяўчат. Воўчык зайздросціў белай зайздрасцю.
Ён заўсёды з ахвотай бег па гарэлку і цыгарэты для старэйшага сябра, калі той раніцай пасля пагулянкі не мог узняцца з ложка. Ён без усялякіх спрэчак сыходзіў невядома куды на ўсю ноч з пакойчыка, які яны здымалі ўдвух, калі ў Грынкевіча было важнае спатканне. Ён частаваў яго пірагамі і сочывам, якія перадавала мама з роднага Рыбінска.
Так яны і прасябравалі, амаль па-сямейнаму, чатыры гады прасябравалі. Потым Воўчыка забралі ў войска, а Грынкевіч паступіў у кансерваторыю. Яшчэ пазней Воўчык прыехаў у Маскву, а Грынкевіч апынуўся ў N.
Лепарэла кажа дону Джавані, што мае да яго важную справу. Узяўшы з гаспадара клятву, што ён не будзе гневацца, лёкай кажа Джавані: сіньёр вядзе непрыстойнае жыццё. Дон Джавані разюшаны, але клятва стрымлівае яго ад таго, каб пабіць лёкая.
У Маскве Воўчыку было тужліва — прынамсі, пра гэта Грынкевіч чуў ад даўняга сябручка пры кожнай сустрэчы. Яму і ў Піцеры нявесела жылося, але ў Піцеры была свая рамантыка. Пасля вучэльні і войска Воўчык не пайшоў па дырыгенцка-харавой каляіне, а ціхенька збочыў на запасны пуць і скіраваўся на сартавальную станцыю. Ён і праўда пачаў у Маскве з разгрузкі вагонаў. Затое цяпер меў фірму «купі-прадай» з раскіданымі па горадзе гандлёвымі пунктамі, машыну, чатырохпакаёвыя апартаменты ў адносна новым доме, жонку і дваіх дзяцей у хаце, а таксама студэнтку на ўтрыманні недзе ў нанятай кватэры. Ён адбыўся як мужык! І пакуль Воўчык быў цвярозы, гэтая адбытасць складала асноўны змест размовы.
Читать дальше