На бяду Грынкевіча, Маша была без хоць якога мужыка. Але яна надта добра выглядала і надта ўжо міла з ім паводзілася. Яны разам выйшлі з канцэртнай залы і сталі ля помніка Маякоўскаму. Завязалася досыць прыязная гутарка. Спёка ў тыя дні стаяла пякельная, нават познім вечарам у Маскве было горача. Ісці ў сваю прасмажаную сонцам камуналку на Малой Дзімітраўцы, якую ён не здаваў кватарантам, бо часта сюды наязджаў, Грынкевіч не хацеў. Тут было зусім блізка, а яму хацелася перачакаць хаця б гадзіны дзве, пакуль спёка хоць крыху спадзе. Яны пайшлі з Машай гуляць па горадзе, і размова ў часе шпацыру была мірная, быццам два гады таму не было ў іх скандальнага развітання, быццам не рабіла Маша ніякіх дурасцяў і быццам ён тады не ўдарыў яе пры людзях — у прысутнасці ўсёй трупы і ўсяго аркестра N-скай оперы. Пасля гэтага Маша з'ехала ў Маскву і ажно два гады Грынкевіч нічога пра яе не чуў.
Яму падалося, што Маша нарэшце стала дарослай і незалежнай ад свайго паўднёвага тэмпераменту. Да таго ж ён па-ранейшаму пачуваўся вінаватым, бо, можа быць, яна б так не паводзілася, калі б ён не развязаў вайну яшчэ ў юнацтве. Яна любіла паўтараць банальную фразу: «Ты зламаў мне жыццё!». І самае жахлівае было ў тым, што Маша часткова мела рацыю.
Ён быў першым і па-сапраўднаму адзіным, хоць, вядома ж, за два гады растання Маша рабіла нейкія няўцямныя сэксуальныя спробы з іншымі кавалерамі. У той задушны вечар, пасля спектакля ў канцэртнай зале Чайкоўскага, яна так і сказала: «Папросту не ўяўляю сябе з кімсьці яшчэ. Можаш лічыць гэта своеасаблівай вернасцю. Ці дурасцю. Але я цябе кахаю, Грынкевіч».
Дон Джавані падаерэпліку: гэтая бядачка яўна пакінутая сваім каханкам, трэба яе суцешыць.
Маша падавалася больш разважлівай і спакойнай, ейныя немалыя грудзі і пышныя клубы надта ўжо апетытна выглядалі ў летняй ільняной сукенцы, яна прызналася ў каханні. У Грынкевіча толькі што адбылася шалёная ноч з Ірынай, і тая сказала, што не варта паўтараць, пагатоў ён з'язджае. Гэта добра, што ён з'язджае, так лепей для іх абоіх. Сезон заканчваўся, наперадзе быў аплачаны адпачынак, а потым абхадны ліст, разлік і — бывай здаровы, горад N. Грынкевіч яшчэ не перабраўся ў Маскву, але яе варта было паціху абжываць ужо цяпер. У Маскве ёсць сякоетакое, але ўсё-ткі ўласнае жытло з перспектывай адсялення ў асобную кватэру, ёсць амаль сабраны ўласны аркестр, ёсць ідэі, як пракарміцца, пакуль не раскруцішся. Чаму б не мець у Маскве яшчэ і афіцыйную кабету, на якую ў ложку ён за столькі гадоў не скардзіўся і з якой не сорамна на людзі выбрацца? Грынкевіч у той вечар, зразумела, пайшоў праводзіць Машу дадому, а яна, ведама ж, запрасіла ў госці на каву. Так і адбыўся рэнесанс.
А потым ён паехаў у N сабраць рэчы і атрымаць разлік. І там яму прапанавалі застацца і далі пастаноўку. Таму засваенне Масквы адкладалася сама меней на год. На гэты год трэба было неяк іначай планаваць жыццё.
Але Маша не ўмела планаваць толькі на год. Ёй трэба было планаваць жыццё і адносіны сама меней на пяцігодку, як савецкую эканоміку. Яна зноў, як у былыя часы, стала выкладваць перад Грынкевічам увесь свой сацыяльна-псіхалагічны анамнез. Кубанскія казакі, мама-камсорг, татавыпівоха і цётка, якая з'ехала з глузду на глебе праваслаўя, — зноў давялося пакаштаваць гэтай грымучай сумесі. Маша званіла штодня, кантралявала кожны ягоны крок і ўсё цікавілася, калі ён падпіша абхадны ліст. Маша віла гняздо. Ці латала старую клетку, якую Грынкевіч здолеў разламаць два гады таму.
І вось цяпер яна заспела яго сваім званком у рэстарацыі, дзе ён паціху нажыраўся з Воўчыкам і адкуль думаў пашыбаваць да Алёны.
— Ты станеш алкаголікам у сваім N! — пачала Маша сваю прамову. — Я ўяўляю сабе, што там адбываецца: зноў Мішэль, зноў твая любімая духавая секцыя.
— Машааааа! — паспрабаваў спыніць яе Грынкевіч.
Маша мела адметнасць: яна была прыроджаным прамоўцам. Калі яна прыехала ў Піцер, то ніхто не заўважаў у яе нават прыкметаў паўднёвага акцэнту, які часам бывае ў ейных землякоў. А калі яе нешта раздражняла, яна пачынала казаць падкрэслена правільнымі фразамі. Адна толькі гэтая правільная будова сказаў была здольная давесці да вар'ятні каго хочаш.
— Ты звольніўся?
— Чаму цябе гэта так турбуе?
— Дзіўнае пытанне! Мы вырашылі жыць разам, мы думалі пра сумесны адпачынак у верасні. Мне падаецца, я маю права ведаць, дзе ты знаходзішся і што маеш рабіць. Мая праца не дазваляе мне зрывацца з месца ў любы момант. Адпачынкі плануюцца за год наперад. У адрозненне ад мяне, ты маеш адносна вольны графік. Прынамсі, ты мяркуеш так жыць у Маскве. Я не хачу ўтручацца ў тваю працу, але я хачу ведаць: калі?
Читать дальше