— Дурнічка. Хіба справа ў карцінах і позах?
Ён заснуў пад яе шэпт, сплятаючы сваё цела
з целам Анны ў марскі вузел абдымкаў. Потым сон плаўна перацёк у мілаванне, як жвірок у пясочным гадзінніку. І так яны да самай раніцы то прачыналіся, то засыналі на непрацяглы час. І калі ён выйшаў у кухню пакурыць, Анна таксама прачнулася і выбралася з ложка следам за ім. Ён стаяў ля прыадчыненай форткі, а яна цёрлася тварам аб яго плячо.
— Тады было іначай, — лагодна прашаптаў ён. — Ты была стрыжаная.
Анна засмяялася, выхапіла з яго пальцаў толькі напалову скураную цыгарэту, выкінула яе ў вакно. Ён спачатку абурыўся, потым зразумеў, што гэта новая гульня-дражнілка, і пагнаўся за Аннай у пакой. Злавіў яе ў ложку, яна жартам абаранялася ад пераследніка, паміж імі завязалася падушачная баталія, у якой Анна дазволіла сябе перамагчы.
— Калі сур'ёзна, то кідай курыць, — сказала яна, заміраючы ў ягоных абдымках.
«Няхай яна асушыць ад слёз свае прыўкрасныя вочы...»
Раніцай яны пілі каву на кухні, збіраючыся на рэпетыцыю. Анна, быццам гарэзлівае дзіця, сядзела на крэсле з нагамі. На ёй была кашуля гаспадара кватэры, гэты звыклы ранішні ўбор госці, якая не думала заставацца на ноч, але так ужо выйшла. Грынкевіч згадваў яе дваццацігадовую, калі яна сама набывала сабе мужчынскія кашулі. Дзіўна, але ёй пасавала хлапечая вопратка. Нездарма ж яе прапаноўвалі на акторскае амплуа травесці. Праўда, цяпер у яе круглейшыя клубы, дый жанчына ў мужчынскай кашулі на некалькі памераў болей чым трэба — гэта зусім іншая гісторыя і зусім не хлапечы шарм.
Цяпер ягоная вопратка заўсёды будзе крыху пахнуць ейнай гаркаватай парфумай, і гэта цудоўна.
— Што ты будзеш рабіць пасля прэм'еры? — запытаўся Грынкевіч, накладваючы ёй у талерку амлет. — Я так разумею, што ў Нямеччыну ты ўжо не едзеш.
— Пакуль не прыдумала. Хачу адпачыць. У мяне ж паралельна мюзікл у Маскве, якраз пад новы год выпускаць. Вось трэба здаць усю тую працу. Напісаць сцэнар чарговага відэакліпа, мяне прасіў аднакурснік. Потым найду чым заняцца. Гэта калі я адбору не прайду.
— Які адбор?
— Мне ўчора даслалі запрашэнне паўдзельнічаць у адборы на адзін фестываль у Аўстрыі. Там набіраюць рэжысёрскую групу на вялікі оперны праект. Ясна, што сама я там нічога не пастаўлю, але папрацаваць з сусветнымі зоркамі, завесці знаёмствы. Туды трэба ехаць у сярэдзіне студзеня, недзе на месяц.
— А пасля?
— Усё залежыць ад таго, дзе я змагу працаваць.
— А не ў сэнсе працы?
— Усё залежыць ад таго, дзе мяне будуць чакаць.
Апошнюю фразу Анна прамовіла з хітраватай усмешкай. Грынкевіч пацалаваў яе, а потым сказаў:
— Геаграфічна цябе будуць чакаць у N, а пасля ў Маскве. А ўвогуле, што з той геаграфіі. Я буду чакаць цябе паўсюль і заўсёды.
— А я заўсёды буду вяртацца.
Упершыню за некалькі тыдняў у яго нарэш-
це знікла пачуццё трывогі, калі ён падумаў пра тое, што будзе адразу пасля прэм'еры. Пакуль Анна адзявалася і прычэсвалася, ён збіраў ноты і думаў, што цяпер так будуць пачынацца многія-многія дні. І што ў яго цяпер адчуванне, быццам ён жыве з гэтай жанчынай не першы год. Зрэшты, ён так шмат часу быў проста побач, што быць разам выглядала нечым лёгкім і натуральным.
Яны выйшлі з дому і скіраваліся ў тэатр. Анна са смехам казала, як цяпер ашалее сарафаннае радыё і колькі будзе размоў. Яна ішла і ў асобах паказвала самых зацятых тэатральных пляткарак. Грынкевіч паміраў ад смеху, наколькі дакладна Анна за кароткі час выхапіла іх характэрныя інтанацыі і нават любімыя слоўкі. Ужо непадалёк ад тэатра ён раптам спыніў яе і пацалаваў.
— Я цябе кахаю, Нюта.
— Дзіўны ты. Сёння ў сне ты называў мяне Аннай, хоць наяве я заўсёды Нюта. А яшчэ ты не хацеў выпускаць мяне з абдымкаў.
«Скажыце маёй каханай, што я гатовы памерці дзеля яе. Але я ўсё адно хачу вярнуцца!» — паўтарае Атавіа.
— Я і цяпер не хачу цябе адпускаць, жабкавандроўніца. І ў Аўстрыю не хачу адпускаць, але давядзецца. Проста мне вельмі хочацца нагнаць усё, што мы згубілі за гэтыя гады, ва ўсіх сэнсах згубілі.
— Мне часам страшна. Вось я была Аннай Рупель і як быццам жыла не сваім жыццём. Цяпер я для публікі Лана Іванова, але гэта таксама нібыта не я.
— Возьмеш маё прозвішча і пачнеш усё з чыстага аркуша.
— Зноў за мяне вырашаеш?
— Не, тут я нічога не магу вырашыць. Магу толькі прапанаваць. Але так, прынамсі, ты зноў можаш стаць Аннай.Яна раптам пасур'ёзнела і змоўкла. І да самага тэатра яны ішлі, не кажучы ніводнага слова. Ля брамкі, што вяла ў дворык ля службовага ўвахода, Грынкевіч убачыў немаладога мужчыну, які падаўся яму знаёмым. Мужчына стаяў, прыкрываючы шыю каўняром пухавіка. Быў ён апрануты як на больш малады і жвавы ўзрост, хоць сам ужо не выглядаў юным хлопчыкам. Вельмі сівы бландзін з паўночнымі рысамі твару, бародка, акуляры.
Читать дальше