— Гюнтар не алкаголік, — адказаў Грынкевіч, спрабуючы стрымлівацца, але яго таксама несла на імклівае крэшчэнда. — А яшчэ ён мае сувязі, грошы і з ім ты можаш атрымаць пашпарт грамадзянкі Еўрасаюза. Але што ён будзе рабіць, калі ў цябе здарыцца чарговы заскок? Ты мне стварала ілюзію палётнасці ў адносінах, а цяпер яму робіш такое самае. Аднак у пэўны момант ты можаш сарвацца. Што цябе з ім звязвае, апроч разліку? Вось у што я не хачу верыць, дык гэта ў тое, што ты стала халоднай меркантыльнай сукай, якая дзеля ўласных кар'ерных мэтаў пойдзе на ўсё!
— Так, даражэнькі, я стала такой вось сукай! І не твая сабачая справа, як я буду ўладкоўваць сваё жыццё!
У гэты момант адчынілася акно на другім паверсе і нехта з суседзяў крыкнуў:
— Маладыя людзі! Я зараз на вас міліцыю выклічу! Што за крыкі?!
Грынкевіч стаў выбачацца і казаць, што ўсё ў парадку. Сусед зачыніў акно. Анна між тым працягвала мітусіцца, як пантэра ў клетцы.
— Дзе таксоўка?! Можа, яны што наблыталі? — пыталася яна. — Які ў іх нумар, я забылася. Я тут у N не паспела вывучыць нумары таксовак. Лёша, які нумар у гэтай службы таксі? Ты мяне чуеш?!
— Не крычы, а то і праўда міліцыю выклічуць. А я не гатовы заночыць у пастарунку.
Тут у Анны зазваніў мабільнік.
— Так, выклікала. Пятнаццаць хвілінаў стаю ля пад'езда. Пачакайце. Дом нумар сорак, пад'езд другі. Усё слушна. Я пераблытала нумар дома?! Лёша, які ў цябе нумар дома. Ты што робіш?!
Ён вырваў у яе з рук тэлефон і скінуў размову з дыспетчарам. Анна паспрабавала адабраць у яго мабільнік, але Грынкевіч шпурнуў яго некуды ў кусты.
— Дваццаць шосты ў мяне дом, — сказаў ён, зграбаючы Анну ў абдымкі. — А ты нарэшце падала голас, гэта ўжо нешта. Прынамсі, я ведаю, што злосць і гнеў ты выяўляць умееш. Questa furia disperata!
— Адпусці мяне і знайдзі мне мой тэлефон! Іначай я сапраўды буду крычаць і з вялікай асалодай здам цябе мянтам.
Дон Атавіа абвяшчае, што неадкладна паведаміць пра злачынствы дона Джавані ўладам. Свавольнік павінен быць пакараны правасуддзем.
Ён адпусціў яе, але сам застаўся на месцы. Яна была жанчынай, але ж пры гэтым яна была рэжысёрам.
— Мабільнік! — жорстка прамовіла Анна. — А калі ты яго ў дадатак разбіў.
— Мы яшчэ не скончылі размовы.
— Мабільнік!
Грынкевіч зразумеў, што перайшоў мяжу. Або ён усё яшчэ недастаткова ведаў Анну, або за гэтыя гады яна змянілася больш істотна, чым ён думаў. Ён моўчкі дастаў уласны тэлефон, набраў Аннін нумар, каб хутчэй знайсці мабілку па гуку.
Тое, што ён пачуў, калі загучаў рынгтон, прымусіла Грынкевіча страпянуцца. Гэта быў другі эпізод з восьмай, фінальнай п'есы «Крайслерыяны» — жарсная, парывіста-безнадзейная тэма. Гэтую п'есу ён граў калісьці на заліку па фартэпіяна — якраз тады, калі Анна прамяняла яго на «залатога хлопчыка». Мала хто ведаў, з чаго ў васямнаццацігадовага хлопца атрымалася такая пранікнёная інтэрпрэтацыя музыкі Шумана. А ён проста спавядаўся інструменту, выплюхваў свой боль.
— Прынамсі, буду ведаць, што за музыку ты паставіла на званкі ад мяне, — сказаў амаль шэптам, падаючы Анне яе тэлефон. — І, прынамсі, буду ведаць, што ты лепшая, чым пра сябе толькі што нагаварыла. І заўсёды была лепшай. І будзеш.
— Змоўкні ты нарэшце. Мне блага, вельмівельмі блага. Хіба не бачыш?
— Ты гэтую музыку слухала, калі хацела, каб я вярнуўся, так? І я тады вярнуўся. Нездарма ж ты цяпер паставіла яе на мае званкі. Толькі на мае, праўда?
Анна раптам затуліла твар рукамі. Яна ціха прамаўляла, што часам ненавідзіць яго, што ёй не варта было ехаць у N, што за гэтыя паўтара месяца ў яе ў галаве ўтварыўся вэрхал і жыццё пачало плавіцца, як свечка, што яшчэ крыху — і яна з'едзе з глузду. Ён разумеў, якая барацьба ідзе ў ейнай скалечанай душы, але раптам сам пачуўся знясіленым і раздушаным успамінамі, музыкай і гэтым нечаканым адкрыццём. Ён не ведаў, што яшчэ можна і варта зрабіць. А яна сыходзіла. Яна вельмі рэзка зрушыла з месца і хуткім крокам пайшла ад яго пад'езда. Грынкевіч стаяў і глядзеў Анне ўслед. Дык ці варта было правакаваць яе на гэтую пачварную сцэну, толькі каб яна цяпер сышла?
Ён стаяў на месцы, а ў вушах усё яшчэ гучала гэтая тэма з фіналу «Крайслерыяны». Ананкэ, няўжо ты такая няўмольная?! Няўжо нічога нельга зрабіць?!
— Нюта! — выгукнуў ён, калі Анна ўжо выходзіла з двара яго дома. — Я цябе кахаю!!!
№ 21: Арыя «II mio tesoro».
— Я цябе кахаю! Кахаю цябе! — яшчэ раз выгукнуў ён і сарваўся з месца, каб дагнаць, спыніць яе, як быццам нехта моцна штурхнуў яго ў спіну.
Читать дальше