Бабуля западозрыла нешта праз некалькі месяцаў. Потым быў прыніжальны візіт да лекара і допыт: хто? Анна маўчала. Праўда, сустрэчы з настаўнікам давялося спыніць. Пазней ён паспрабаваў завабіць да сябе іншую дзяўчынку прыкладна такога ж веку, але тая не пайшла. Знайшлася новая ахвяра, якую гісторык ужо банальна згвалтаваў у летніку. Тут на яго завялі крымінальную справу. Але ён быў не проста настаўнік, а зяць начальніцы РАНА. Сам ён меў жонку і гадаваў з ёй дзвюх дзяўчатак-блізнятак гадоў дзесяці. Цешча зрабіла ўсё, каб справу спынілі, задзейнічала ўсе магчымыя сувязі і знаёмствы. Пра дзяўчынку ў летніку сказалі, што яе злавіў п'яны мясцовы падлетак, які потым знік. Самадуравінаватая, няма чаго хадзіць увечары за тэрыторыю летніка, сказалі ў міліцыі і нібыта працягвалі шукаць злачынцу, але неяк млява. Настаўнік пры гэтым ціха выпаў з кола падазраваных і нават сведкаў, але чуткі паўзлі. Тады бабуля і запыталася ў Анны: ён?
Бабуля любіла ўнучку такой, якая яна ёсць, а таму не стала яе ні ў чым вінаваціць. Амалія Рупель была ўпэўненая, што адзінаццацігадовая дзяўчынка не можа быць самадуравінаватай. І калі дарослы мужчына неяк скарыстаўся сітуацыяй, яго за гэта трэба судзіць. З такім перакананнем бабуля і пайшла ў міліцыю. Гісторыка зноў дапыталі па гэтай справе, праўда, толькі як сведку.
— Чым гэта скончылася? — спытаў Грынкевіч, калі Анна змоўкла, на паўслове абрываючы расповед.
— Нічым. Бабуля загадала майму бацьку прыехаць, распавяла пра ўсё, сказала, што гэтага мярзотніка трэба пасадзіць. А тата сказаў, што не трэба нам увязвацца ў гэту гісторыю, ніхто нічога не ведае — дый добра. Пашанцавала яшчэ, што я засталася жывая, здаровая і нецяжарная. Тут якраз падвярнуўся варыянт з абменам, і мы з бабуляй з'ехалі ў Піцер, дзе пра мяне і настаўніка ніхто не мог даведацца.
— І ён так і застаўся на свабодзе?
— Курсе на пятым ездзіла туды са спектаклем. Гартала ў гатэлі мясцовую прэсу, дык убачыла інтэрв'ю з ім. Ён цяпер дырэктар нейкага дзіцячага дабрачыннага фонду.
Дзэрліна і Мазэта таксама ў роспачы: нягодны лёкай нягоднага гаспадара ўцёк, як яны такое дапусцілі?!
Анна дапіла гарбату. Крыху пазней яна прызналася, што ўсе гэтыя гады нікому не выплюхвала ўспаміны пра Краснаярск. Цяпер ёй, натуральна, стала лягчэй.
— Калі я вярнулася ў Піцер, мне адразу арганізавалі нямецкую спецшколу па вялікім знаёмстве, дзіцячую студыю і дзіцячы хор, — працягвала яна. — Усё, абы я забылася пра Краснаярск. А потым з'явіўся ты. З табой усё само сабой склалася. Кожнае маё жаданне тады здзяйснялася. Ты нават тэлефанаваў мне тады, калі я гэтага вельмі хацела. А потым як быццам сувязь пачала слабець. Я перастала прадчуваць у дэталях добрае, затое выдатна бачыла кепскае. Я не верыла ў магчымасць аднаўлення такой сувязі, якой яна была спачатку. Вось таму і вырашыла цябе кінуць, як толькі падвярнуўся той «залаты хлопчык». Гэтак я падманвала свой лёс.
— Дзевяць гадоў таму я паклікаў цябе ў N. Ты таксама падманвала лёс? Ты не паехала тады, але ж цяпер ты тут. Лёс існуе, Нюта. І сувязь існуе, нікуды яна не падзелася. Я сніў цябе меней чым за месяц да твайго прыезду. І гэтая размова магла адбыцца значна раней, ты проста адклала яе амаль на дзевяць гадоў.
— Па-першае, я тады ўспрыняла тваю прапанову як п'янае трызненне, — пачала апраўдвацца Анна. — І калі ты нядаўна прыгадаў мне гэта, я вельмі ўразілася. Я не магла падумаць, што гэта было запрашэнне, што ты ўвогуле бачыў ува мне жанчыну на той момант. Па-другое, я ўжо хацела стаць рэжысёрам, прычым сапраўдным, не з оперна-рэжысёрскага факультэта. Там жа адны вакалюгі-няўдачнікі. А тут: «Паедзем са мной у N». У тыя пару гадоў я на цябе вельмі шчыра і па-жаночы злавалася, ну, пра гэта мы ўжо размаўлялі, чаму я мяняла каханкаў як пальчаткі. У той дзень, калі ты сышоў, дакладней, калі ты мяне сам кінуў. калі я сказала, што ты не першы. Я сядзела пад дзвярыма гадзіны тры і ціхаціха скуголіла. Потым згадала, што маці таксама садзілася вось гэтак жа на падлогу і чакала, што бацька патэлефануе.
— Дык што рабіць будзем, Нюта?
Анна нічога не адказала. Тады ён проста абняў яе адной рукой за плечы — хацеў, каб пасля гэтай нялёгкай споведзі яна адчула спагаду і цеплыню. Але яна, наадварот, яшчэ болей закрылася.
— Здаецца, ты хацеў, каб я ўсё распавяла табе. І ты хацеў мяне ціха адпусціць, ці не так? Вось і адпусці.
Госця ўхапілася за ратавальнае кола іроніі і дзякуючы яму зноў авалодала сабою. Цяпер па ейным выглядзе нельга было сказаць, што яна некалькі гадзін запар выварочвала ўласную душу. Анна паглядзела на гадзіннік. Было ўжо позна, адзінаццатая вечара. Яна раптам па-дзелавому прыгадала, што заўтра апоўдні вялікая рэпетыцыя, прычым ужо з элементамі дэкарацый. Стала збірацца, хоць Аляксею было відавочна, што размова яшчэ не скончаная. Адкладвала на потым? Яшчэ гадоў на дзевяць-дзесяць?
Читать дальше