— Я думала, у цябе быў багацейшы досвед тады. Ты тады быў.
— Я тады проста сумаваў па табе. Настолькі, што нават не думаў — а раптам не атрымаецца, ці
што яшчэ. Проста рабіў тое, што падказваў інстынкт. У мяне такога працяглага ўстрымання потым ніколі не было, што праўда. І ты тады была таксама іншай. Без гэтага страху ўваччу, які быў спачатку. А яшчэ я проста любіў пах тваёй скуры, любіў да цябе дакранацца, і мне прыносіла асалоду проста вадзіць вуснамі і пальцамі на тваіх грудзях, руках, сцёгнах, жываце. Калі ўжо хочаш праўду, то я гэта рабіў тады, калі ты набралася, як бэля, і, хутчэй за ўсё, ты падумала, што мы з табой сапраўды пераспалі. Дзіўна, што ў мяне тады нават эрэкцыі не было, вось гэта дакладна памятаю. Гэта было ўзбуджэнне, але па-за фізіялогіяй.
Гаворачы гэта, ён пасунуўся бліжэй. Стаў асцярожна вадзіць кончыкамі пальцаў па шыі жанчыны, потым слізнуў ніжэй, пад выраз кофтачкі. Прыпаў вуснамі да ямінкі паміж ключыцамі. Ён зноў быў як у трансе, як тады, калі яны стаялі перад люстэркам у вестыбюлі рэстарацыі.
— І цяпер ты таксама хочаш мяне нефізіялагічна? — адной толькі фразай апякла яго Анна.
Грынкевіч зноў адсунуўся і нават павярнуўся спінай да яе. Ну навошта яна так? Ён і сам разумеў, што кажа нешта не тое і не так, як мусіў сказаць, што ўсё павінна быць значна прасцей і лягчэй. Аднак Анна не хацела яму дапамагчы ў кіраванні гэтай размовай. Больш за тое, яна быццам кінула новы выклік, і ў ім прачнулася злосць.
— Я заўсёды хацеў цябе надфізіялагічна, — вымавіў ён, па-ранейшаму седзячы спінай да суразмоўцы. — І вось калі мы ў другі раз развіталіся.
— Я не праганяла цябе тады! — з нечаканай эмацыйнасцю выгукнула Анна.
Грынкевіча здзівіў гэты ўсплёск пачуццяў, яму нават падалося, што ў словах Анны была нейкая сапраўдная, нявыказаная горыч, быццам яна хацела яшчэ нешта распавесці, скінуць нейкі цяжар.
— Не праганяла. Але сказала тое, што забіла адноўлены давер, — пачаў ён адносна спакойна і раптам, неспадзявана нават для сябе, зароў: — Ну якога д'ябла было сачыняць, што я ў цябе не першы?! Навошта ты гэта зрабіла?! Каб выпрабаваць мяне?!
— Я не магу табе гэтага сказаць, — адгукнулася Анна ціхім голасам, у якім чуўся сумны матыў віны.
«А вам, спадар, мне ўвогуле няма чаго сказаць, — звяртаецца Лепарэла да дона Атавіа. — Вы ж ведаеце, у жыцці здараюцца розныя неспадзяванкі...»
Яму не спадабалася тое, як Анна прамовіла апошнюю фразу. Яна зноў нешта хавала? Яна тады казала праўду? Грынкевіч нарэшце павярнуўся да яе тварам і зноў загаварыў, спрабуючы быць адносна спакойным:
— Таму і сышоў. Пасля гэтага мяне і панесла па ўхабах. Не адмаўляўся ад ніводнай магчымасці. Трахаў першую-лепшую, абы сімпатычная. Не сустракаўся ні з кім, але спаў з усімі. Ну, Маша. Я ніколі не лічыў Машу сваёй дзяўчынай, гэта яна сабе прыдумала. А тады мяне як пераклінавала. І ведаеш, калі мы сустрэліся зноў, мне балюча было бачыць цябе з іншымі хлопцамі. І я наўмысна прызначаў з твайго тэлефона спатканні іншым дзяўчатам, і наўмысна прасіў у цябе дапамогі ў выбары букетаў і падарункаў. Ты пагаджалася — і мяне гэта злавала яшчэ болей. Злаваў гэты твой спакой і пафігізм. Калі я прыходзіў да цябе, ты паводзілася так, быццам табе ўсё адно, ці ёсць я побач, ці мяне няма. Я ўспрымаў кожную сустрэчу з табой як паразу, як быццам ты мяне зноў і зноў кідала. Я спрабаваў адыграцца за кожную такую паразу.
— Хочаш сказаць, што ты на Ірыне адыграўся?
— Гэта быў амаль рэфлекс. — прызнаўся Грынкевіч. — Яна таго не заслугоўвала, але так ужо выйшла.
Абое адразу неяк паспакайнелі і далей загаварылі ўжо без падвышэння голасу. Анна пачала згадваць той год, канец траўня — пачатак чэрвеня. Іх юнацкае сяброўства імкліва перарасло ў бурны раман з начнымі спатканнямі ці паездкамі на лецішча да сяброў у буднія дні, калі там нікога няма. Ёй было ўсяго пятнаццаць — кожная блізкасць сама па сабе была злачынствам. І кожны раз яна з жахам думала: а што будзе, калі іх зловяць? Гэта было нават страшней за непажаданую цяжарнасць у ейным тагачасным разуменні. Адсюль і вечны страх у вачах, і няздольнасць адчуць нешта яшчэ, апроч гэтага страху.
Але найбольшым страхам было страціць яго, таму яна проста заплюшчвала вочы, каб ён не бачыў яе позірку. Вакол яго было так шмат дзяўчат, яскравых дзяўчат, і Анна разумела, што большасці з іх яна прайграе і ў прыгажосці, і ў розуме. У той травень — чэрвень ён рыхтаваўся да нейкага канцэрта: педагог па фартэпіяна выставіла яго граць разам з іншымі неспецыялістамі. На курсе ў іх была выключная прыгажуня Ларыса — і вось з гэтай Ларай ён граў на канцэрце ў чатыры рукі. Зразумела, што яны шмат займаліся разам. А яшчэ Грынкевіч пачаў выводзіць Лару ў кіно і на марозіва. З гэтага ўсё і пачалося.
Читать дальше