— А пасля я сустрэла «залатога хлопчыка», — распавядала Анна. — Ён улягаў за мной так, як ты за Ларай.
— Я не ўлягаў за ёй, — з крывой усмешкай адпрэчыў Грынкевіч, які нават не адразу згадаў тую дзяўчыну, але здзівіўся, што Анна пра яе памятае. — У яе, здаецца, быў надта небяспечны хлопец, я б не рызыкнуў. Але гэта жарт. Насамрэч у мяне была ты. І ты трымалася са мной як бестурботнае стварэнне, якога ўсё задавальняе. Дый увогуле, хіба я рабіў нешта не тое? Ці мела ты да мяне ўцямныя прэтэнзіі?
— Наконт прэтэнзій. Справа ў тым, што на той момант я гэтых прэтэнзій да цябе назбірала дай божа колькі, — сказала яна. — Але я пятай кропкай адчувала, што пакуль я іх не выказваю, усё будзе добра. А калі я спрабавала паглядзець крыху наперад, то мне вельмі ясна малявалася карціна, як ты мяне кідаеш. І ты потым так часта разыгрываў яе перад маімі вачыма, але з іншымі. Я глядзела і думала: як правільна я зрабіла, са мной было б тое самае. Чаму я сказала табе, што ты не першы? Хацела праверыць. А ты мяне не зразумеў, ты нават нічога не запытаўся: не першы дык не першы. Проста ўзяў і сышоў. Было балюча, не апісаць як. Але я тады, прынамсі, не паўзла за табой на каленях і не хапалася рукамі за тваё паліто, як. як.
Апошнія словы яна прамовіла з нейкім новым адценнем адчаю і болю. Грынкевіч насцярожыўся.
— Як хто? Кажы, не бойся. Нам з табой ужо няма чаго страчваць. І саромецца няма чаго. Я пра цябе зашмат ведаю, каб збянтэжыцца.
— Як мая маці за бацькам. Я, Лёша, з маленства ведаю, як агідна выглядае жанчына, выпрошваючы ў мужчыны ўвагі, пяшчоты і цяпла. І калі мне было яшчэ гадоў сем, то я сабе сказала, што ніколі не буду прасіць мужчыну, каб ён мяне не пакідаў. Або я буду кідаць, або сам няхай сыходзіць, аднак трымаць не стану.
— Але.
Клубок пачынаў размотвацца, і нейкія прычынна-выніковыя сувязі рабіліся зразумелымі.
«Ну, вось і здарылася неспадзяванка, — працягвае тлумачыць Лепарэла. — На вуліцы горача, а тут прахалода, выпадкова знайшоў у цемры дзверы, трапіў у гэты дом. Хіба ж я ведаў, чый ён?»
Анну тым часам як прарвала. І яна пачала распавядаць пра сваё дзяцінства, пра маці, што днямі магла сядзець ля тэлефона ў чаканні званка ад бацькі, нібы сабака, якога гаспадары прывязалі ля крамы ці паліклінікі, а самі цішком сышлі. Маці тады ўжо амаль не працавала. Яна часам магла не звяртаць увагі нават на дзіця, якое трэба было пакарміць і пакласці спаць. Анна даволі хутка зразумела, што ад маці нічога не дамагчыся, і навучылася сама з сабой гуляцца, самастойна апранацца і самастойна знаходзіць сякую-такую ежу на кухні. А маці ціха вар'яцела. Нават калі яна была не пры тэлефоне, яна магла проста сядзець у пакоі і паўдня глядзець у вакно.
Калі прыходзіў бацька, маці імгненна ператваралася ў вясёлую і жвавую істоту. Спрабавала быць гасціннай і ветлівай. А бацька прыходзіў толькі дзеля таго, каб забраць дачку на шпацыр. Ён быў прыўкрасны — высокі такі бландзін з правільнымі рысамі твару. Маці аднойчы нават прыдумала казку — маўляў, тата нарадзіўся на сонцы, таму ён такі. Бацька ў свой час любіў дачку: яму, як ні дзіўна, падабалася выводзіць яе ў свет. Яна выглядала як лялька, як Беласнежка з нямецкай казкі, матчыны ўсходнія рысы на мяккім дзіцячым тварыку яшчэ не чыталіся, скура была светлай і матавай, а вочы — блакітнымі. Бацька браў Анну з сабой на рэпетыцыі ў тэатр, на кінастудыю. Там яго ўсе расхвальвалі: ах якое прыгожае дзіця! Прычым гучала гэта менавіта як камплімент самому тату, стваральніку такое красы. Анна любіла бываць у тэатрах і на кінастудыях, там было шмат вясёлых і добрых людзей, якія з ёй вазіліся, частавалі яе цукеркамі і казалі шмат цёплых словаў. Анна паступова стала разумець, што бацьку спачувалі. Маўляў, ажаніўся па вялікім каханні з шызафрэнічкай, атрымалася такое прыўкраснае дзіця, але як цяпер быць. Рупель прымаў гэтыя спачуванні — і пасля кожнага такога выхаду ў свет вяртаў Анну назад, да маці. А тая час ад часу, калі на яе навальваўся смутак, на каленях маліла яго, каб застаўся хоць бы на ноч. Лепарэла заўважае, што мсціўцы як быццам страцілі пільнасць. Трэба скарыстацца момантам і ўцячы ад іх, думае няшчасны лёкай.
Калі маці праходзіла чарговы курс лекавання, бацька пасяляўся ў іх кватэры. Там рабілася чыста, а ў кухні з'яўлялася больш разнастайная ежа. А яшчэ ў кватэры з'яўлялася шмат розных людзей, многіх з якіх Анна бачыла ў тэатры ці на кінастудыі. Сярод іх былі вясёлыя і прыгожыя цёці, якія і наводзілі ў кватэры чысціню і гатавалі ежу. З адной з такіх цёцяў Рупель ужо быў афіцыйна жанаты, але пра гэта дзяўчынка даведалася толькі пасля матчынай смерці.
Читать дальше