Дзэрліна звязвае рукі Лепарэла хусткай, ёй дапамагае селянін. (Ён усё ж вырашыў зрабіць свой унёсак у абарону cavalleria rusticana.)
№ 21а: Дуэт «Per queste tue manine».
Ну вось і дабраліся нарэшце. Мы бадзяліся па горадзе больш за шэсць гадзін, мы стаміліся. Цяпер нам трэба яшчэ аддзячыць гаспадароў нашага лесу Маруа за гасціннасць. Іншымі словамі, мы мусім пасядзець з імі на кухні і папіць гарэлкі. На стале з'яўляецца курчак-грыль, гародніна, садавіна — звычайны немудрагелісты заедак.
І дзве пляшкі «Сінопскай»: нуль семдзесят пяць і нуль пяцьдзясят У гаспадароў ёсць яшчэ пачатая паўлітра той самай «Сінопскай». Як добра, што я адгаварыла цябе набываць віно, хоць меней нап'емся. А табе няёмка, бо я вымушаная ўдзельнічаць у гэтым застоллі і спажываць негламурнае пітво. Харошыя дзевачкі не п'юць гарэлкі, табе трэба, каб у глыбіні душы я была харошай дзевачкай, ага. Бо ты сам у глыбіні душы харошы хлопчык, проста «жарсцю накрыла» і ўсё такое. Бывае.
Лепарэла моліць Дзэрліну пашкадаваць яго дзеля яе мілых пяшчотныхручак. Няўжо гэтыяручкі здольныя забіць чалавека?!
Гэтыя мужыкі будуць сцябаць гарэлку, як коні ваду ў спякотны летні дзень. Я падазрона гляджу на іх, потым на цябе. Ой, любы, баюся, не будзе ў нас сёння таго, дзеля чаго, уласна, мы сюды прыехалі! (У нас тут дзве мэты, высокая і нізкая: «Трыстан» і сэкс). Я ўжо зразумела твой дурны характар: зараз яны будуць налягаць на выпіўку і ты за імі, у табе прачнецца дух спаборніцтва і сэкс табе будзе глыбока пофіг Абы толькі мужыкі не падумалі, што ты слабак і не майстар выпіць. Не, пра «Трыстана» ты будзеш памятаць, пэўна ж.
Мужчыны ідуць курыць на гаўбец, мы з Валянцінай — гэта сяброўка гаспадара, Дзімы, — хуценька накрываем на стол. Мы з ёй у аднолькавым жаночым становішчы, у нас падобныя мужчыны, у нас падобныя ролі ў жыццях гэтых мужчынаў. Гэта добра: з такімі кабетамі мне заўсёды прасцей паразумецца. У такіх раскрываецца трэцяе вока, як толькі гаворка заходзіць пра мілосныя інтрыжкі. А яшчэ яна павадкамі і манерамі нагадвае маю мачаху, толькі, натуральна, гэтая нашмат маладзейшая. Ага, у яе таксама ёсць польская кроў, як і ў маёй мачахі. Сваякі ва Уроцлаве. Ну, а сама — карэнная пецярбуржанка, вось так.
Дзэрліна няўмольная: ніякай літасці лёкаю зладзюгана Джавані!
Я паспяваю зірнуць у вакно — у мяне дэжавю. Ну проста мінскія Шабаны ці Ангарская! Прамысловыя пейзажы, ЦЭЦ, чыгунка, гаражы. Мне, відаць, наканавана трахацца ў кватэрах з відам на ЦЭЦ, неістотна ў якім раёне, у якім горадзе і ў якой краіне.
Сядаем. Ну, за сустрэчу. Гаспадар Дзіма не проста адстаўны вайсковец, у яго мама музыкант, піяністка, вучылася ў Горавіца. Калі вам цікава, там шмат кніжак па музыцы і нот. Угу, нам цікава (вось зараз вы адсюль зваліце, а мы пойдзем у пакой і засядзем кніжкі чытаць, ага). У Пецярбурзе, відаць, няма проста вайскоўцаў, рабацяг ці дворнікаў. Нават гараджане зусім плебейскіх заняткаў часта пазначаныя прыналежнасцю да эліты. Прынамсі гараджане Дзімавага пакалення. Дзіму хацелі браць на кантрабас — рост і вялікая кісць, — але не склалася.
Лепарэла думае, як яму ўсё ж уцячы. Дзэрліна істэрычна крычыць: «Нават і не спрабуй, паскуднік!». Яна прывязвае Лепарэла да лаўкі, і цяпер шанцы на ўцёкі амаль нулявыя. Вось табе і прыгода з пераапрананнем у шмоткі гаспадара...
— А што там у цябе ў вушах? — гэта ты мне.
— Скрыпкі, напэўна, — гэта я пра свае сярэбраныя завушніцы, набытыя калісьці ў Варшаве.
— Не скрыпкі, а віёлы да гамба. «Плечы» ў іх пакатыя — у кантрабаса, дарэчы, таксама.
Пачынаецца размова пра будову струнных інструментаў смыковай групы. Ну і дзякуй Богу, абы не пра палітыку. Сачу за тым, колькі там засталося гарэлкі. Божа, зрабі так, каб гэтаму мужчыну не прыйшло да галавы пайсці ў краму і набыць яшчэ! Божа...
— Ну і як там у Беларусі? Калі мы ўжо аб'яднаемся?
Гэта Валянціна. У яе польская кроў, але гадавалася
яна ў Расіі, таму верыць у гэтую геапалітычную ўтопію. Я кажу, што ў Беларусі ўсё нармальна, ціха, а калі аб'яднаемся, я не ведаю. Валянціне, Дзіму ды іншым удзельнікам застолля такі адказ ідзе, як маласольны агурок пасля чаркі «Сінопскай». Але не табе.
А гэтая сялянская дура ўсё крычыць як рэзаная: жахлівы зладзюган, памагаты злачынцы, ты памрэш! Вось бы сюды і твайго гаспадара на жорсткую вендэту!
— Юля ў нас на Радыё Свабода працуе. Цэрэушніца яна.
Гэта такая рэмінісцэнцыя, якой я не злавіла. Я не глядзела фільм «Шырлі-Мырлі», які часам паказваюць па тэлебачанні. Я амаль не гляджу расійскіх фільмаў. Я наогул амаль не гляджу расійскага тэлебачання з таго часу, як закрылі «Намедни». І ўвогуле я неабавязаная разумець твой расійскі гумар. Мне цяпер вельмі і вельмі хочацца даць табе добрую поўху, сабраць рэчы і сысці. Я не за тым сюды прыехала, каб лавіць рэмінісцэнцыі.
Читать дальше