Цёця Даша, дзядзькава жонка — дарэчы, чысцюткая расіянка, — пасля хаўтураў ішла па вуліцы з маці і ўсё распавядала, як іхную дачку Віку паставілі загадчыцай аддзялення «Беларусбанка» — адзначылі нарэшце. А ў Вікі дачка ўжо зусім нявеста, вучыцца на другім курсе, ёй далі прэзідэнцкую стыпендыю. Цёця Даша вельмі любіла гасцяваць у Грынкевічаў і заўсёды брала маці ў палон, быццам найлепшую сяброўку.
— Вось шчасце ў людзей — даслужыцца, — прабубнеў дзядзька, слухаючы, як жонка пераказвае сямейныя навіны.
Ён ішоў на прыпынак разам з пляменнікамі, якія зноў ніяк не маглі застацца сам-насам, каб пагутарыць. Аляксей чакаў звыклых дзядзькавых кпінаў, якія трэба будзе або ігнараваць, або адбіваць. Але сваяк трымаўся: братава смерць занадта ўразіла яго, каб займацца «маскальскім пытаннем». Увечары, калі Грынкевіч ужо збіраўся ехаць на вакзал, дзядзька нават падышоў да яго і моўчкі абняў.
Развітанне з маці было больш шчымлівым. Яна паабяцала прыехаць у N за дзень да прэм'еры. А яшчэ яна паабяцала нарэшце засвоіць камп'ютар, каб прасцей было штодня размаўляць.
— Віця яшчэ тут застаецца, ён мяне навучыць, — сказала яна, злёгку ўсміхаючыся.
Лепарэла думае, што цяпер яго ўратуе толькі цуд.
Яна не ішла праводзіць сына на вакзал, бо не хацела пакідаць сваякоў адных і ўвогуле вельмі стамілася. Цяпер яна трымала за аброжак чорнага кудлача, які рваўся на вуліцу за сваім свежаабвешчаным гаспадаром. Сабаку давялося зноў замкнуць.
— Мама. Я цябе вельмі люблю, — сказаў Аляксей, ужо стоячы на парозе.
Жанчына схавала твар на сынавым плячы, потым пацалавала на развітанне.
Ён ужо выклікаў ліфт, калі раптам гукнуў брат: «Алесь, ты пачакай, я цябе правяду».
Гэта была найлепшая прапанова, якую сёння мог зрабіць яму Віктар. Грынкевіч пачакаў пяць хвілінаў, пакуль брат надзене куртку і абуецца, і яны разам выбраліся з дому. На вуліцы Аляксей закурыў. Часу да цягніка было яшчэ дастаткова, і таму яны не сталі даганяць тралейбус, што якраз падышоў да прыпынку. Віктар пачаў казаць, што сумуе па тралейбусах, якіх няма ў яго амерыканскім горадзе. Стоячы на прыпынку, яны глядзелі на яшчэ некрануты лёдам вадаём з вербамі на беразе, улетку раскошнымі, а цяпер, позняй восенню, зусім сіроцкага выгляду.
— Што ты там казаў маці зранку? Я пачуў, калі толькі прачнуўся. Маўляў, не застанешся адна. Навошта яе так падманваць? — загаварыў старэйшы брат.
— А чаго ты вырашыў, што я яе падманваю? Можа, у мяне ёсць свае планы?
— Якія планы? А то я за нашу маму цяпер баюся.
Брат пачаў няўпэўнена. Відаць было, што ён хоча прыняць нейкае няпростае рашэнне і баіцца няўхвалы:
— Я думаю вярнуцца, разам з Волькай і малым.
Такая навіна збіла Грынкевіча з тропу. Ён цудоўна памятаў, як усяго пяць гадоў таму брат казаў, што стаміўся быць тут ахвярай і хоча пажыць зусім іначай. А яшчэ ён зусім нядаўна хваліўся, што ўжо ў двух кроках ад набыцця ўласнага дома. Віктар называў Беларусь краінай няўдачнікаў, вечным ускрайкам, а цяпер ён раптам задумаў адкруціць усё назад.
— Ты жартуеш?
— Не.
І брат пачаў тлумачыць, што працаваць праграмістам можна адкуль хочаш. Яму літаральна перад ад'ездам у Мінск зрабілі прапанову, праца якраз дыстанцыйная, кантора прыстойная.
— Няма ніякай розніцы, адкуль я буду працаваць — са Штатаў ці адсюль. Але тут я магу хадзіць у грыбы і на рыбалку, а там няма такіх лясоў...
— ...з радыяцыяй...
— Ну, карацей, калі іх гэта задаволіць, то я вяртаюся, — адрэзаў Віктар гэты братаў кпін, і ў той момант ён быў надта падобным да бацькі: калі нябожчык прымаў рашэнні, то абскарджваць іх не выпадала.
— А як жа дом? — усё яшчэ разгублена спытаў Грынкевіч, які палічыў ідэю вяртання пасля такога ўдалага ад'езду прыкметай вар'яцтва.
— А што, тут нельга набыць? Я грошай падназапасіў. Ёсць кватэра ў Мінску, якую можна няблага прадаць. Калі што, дык яшчэ год папрацую, пазбіраю грошы і набуду сабе нешта за кальцом.
Пасля таго, як мы з Волькай паразмаўлялі, я палез па сайтах паглядзець кошты на нерухомасць. Ну дык укладуся! Ты разумееш, я спачатку дома не надта хацеў, я чалавек урбанізаваны, у мяне была вяршыня мараў — пентхаўс. Я проста не адразу зразумеў, што такое дом. А жонка гэта разумела заўсёды. Яна з вёскі, у іх там добры катэдж. Вось яна ў гэтых каменных джунглях і гібее. Уяві сабе — дом пад Мінскам, вялікі дом. Забяру туды маці, яна малых любіць.
— . і будуць яны з Волькай патэльні на кухні дзяліць.
— Ды не будуць, Волька насамрэч нармальная! У яе тут сяброўкі, нейкія там фальклорныя танцы і песні. Сама б знайшла тут нейкую працу, у любую фірму няхай ідзе, праграмісты паўсюль патрэбныя.
Читать дальше