У тэатры яго чакалі толькі заўтра на аркестравай рэпетыцыі, таму ён мог выехаць з Масквы любым зручным цягніком у другой палове дня і дабрацца да N бліжэй да ночы. Раней Грынкевіч абавязкова б скарыстаўся гэтым, каб пабадзяцца па сталіцы і выцягнуць на піва кагосьці са знаёмых. У некага заўсёды будзе фортка паміж дзённай рэпетыцыяй і вечаровым канцэртам ці спектаклем, а ў старым нататніку столькі нумароў, колькі ў дона Джавані іспанак у каталогу. Але ён вырашыў не затрымлівацца ў мегаполісе і нават не заходзіць у камуналку. На N раніцай ішоў нейкі транзітны цягнік. Грынкевіч адразу ж набыў на яго квіток і праз гадзіну ўжо працягваў вандроўку.
У дарозе ён згадаў адзін трагікамічны эпізод. Вясна восемдзясят пятага года, яму дванаццаць, ён піяністычны вундэркінд з фенаменальным слыхам. Ён сам ахвотна зачыняецца ў класе і гадзінамі адточвае тэхніку. Ён хоча быць найлепшым. Калі заняткі яго стамляюць, ён дазваляе сабе пазабавіцца і пачынае нешта падбіраць на слых з гармоніяй у левай руцэ, усё як мае быць. Калі яму на вуха ў той момант сядзе папулярная эстрадная песня, то падбярэ яе, калі нешта з класікі, то грае класіку. У той дзень заняткаў не было з прычыны пахавання генсека Чарненкі. Уся краіна мусіла смуткаваць, але юны піяністычны геній усё адно выпрасіў ключ ад класа і пайшоў займацца. Такая асалода — займацца, калі ў школе амаль нікога няма. Ну, можа толькі старэйшым дзеля падрыхтоўкі да важных конкурсаў давалі класы, а вось ён таксама займаецца. У той дзень развітання савецкай краіны з генсекам яму на вуха сеў пахавальны марш з Другой санаты Шапэна. Ён пачаў граць яго на слых, з гармоніяй у левай руцэ, усё як мае быць. І нават не адразу скеміў, што грае. у мажоры. Калі ж скеміў, то зарагатаў і пачаў вычварацца з гэтым пахавальным маршам, мяняў рытмічны малюнак, вар'яваў тэму — карацей, крэатывіў за інструментам як хацеў. Аж пакуль у клас не зазірнуў завуч.
Занадта вялікага скандалу не было, бо той ранняй вясной над Савецкім Саюзам падзьмулі зусім іншыя вятры. Але размова з удзелам бацькі ў кабінеце дырэктара была. Бацька адмыслова прыехаў тады з Мінска разбірацца. Перад тым як увайсці разам у кабінет, тата інструктаваў: маўчы і болей слухай, што табе кажуць, паўтарай, як папугай, што разумееш сваю віну, выправішся і болей не будзеш. Сын трымаўся амаль годна. Праўда, у пэўны момант яму закарцела растлумачыць школьнаму начальству, як файна слухаецца гэты пахавальны марш у ягонай апрацоўцы і што гэта само па сабе знаходка. Але тата як быццам адчуў, што яго нашчадак зараз нешта выбрыкне, і стрэліў па ім страшным позіркам. Сыну імгненна расхацелася хваліцца сваімі кампазітарскімі эксперыментамі.
Калі вербальная экзекуцыя ў кабінеце дырэктара нарэшце скончылася, бацька і сын выйшлі разам на вуліцу. І бацька сказаў вельмі дзіўную для яго, маленькага яшчэ музыканта, рэч: «Ты не гэтага. гм. зняважыў, ты зняважыў Шапэна. Шапэн не вінаваты ў тым, што пад яго музыку ў нас хаваюць генсекаў. Ён пісаў гэта ў памяць герояў, а ў нас хаваюць генсекаў. І ўвогуле нельга вось так гуляць са смерцю, нават калі ты лічыш гэта забаўным. »
Пэўна ж, Грынкевіч тады мала што зразумеў са сказанага бацькам, ён толькі цвёрда ўсвядоміў, што перакручваць чужыя мастацкія творы і паказваць гэтыя пераробкі артадаксальнай публіцы — усё адно як бегаць у чырвоных штанах перад статкам здаровых укормленых быкоў, якіх даўно не пускалі да кароў. Ён пасля гэтага выпадку неяк зусім перастаў падбіраць, гарманізаваць, імправізаваць, вар'яваць. Толькі ў вучэльні на музыказнаўчым аддзяленні нешта такое рабіў, але без вялікай ахвоты. Яму не хацелася траціць час на адстойванне сваёй парадаксальнасці, — можа, таму ён і стаў дырыгентам, а не кампазітарам.
Але бацька казаў не пра мастацтва, бацька нічога не кеміў у мастацтве. І цяпер праз дваццаць з лішкам гадоў Грынкевіч зноў спрабаваў асэнсаваць ягоныя словы.
«Дык гэта ты падмануў мяне, выдаўшы сябе за дона Джавані? Ці яго падмануў таксама?!» — залямантавала донна Эльвіра.
Ён прыехаў у N а палове на шостую вечара і пайшоў не дадому, а адразу ў тэатр. Яму не хацелася застацца на самоце, ён чамусьці нават баяўся гэтага. Сёння паводле расклада ў яго была страхоўка ў галоўнага на «Лебядзіным возеры», таму ён пазваніў свайму калегу Каршакову і паведаміў, што выйдзе на працу і замяняць яго не трэба. Каршакоў быў па-чалавечы прыязны, выказаў спачуванні, пацікавіўся, ці сапраўды Грынкевічу нескладана прыйсці сёння ў тэатр. Той сказаў, што праблемаў няма. Калега ўзрадаваўся яшчэ болей, і кантэкст гэтай радасці быў зразумелым: балет супадаў па часе з трансляцыяй футбольнага матча. Каршакоў таксама любіў ствараць толькі эфект прысутнасці на спектаклях галоўнага. Вось адсядзіць першы акт, а потым ногі ў рукі — і дадому, да тэлевізара. А так працірай сабе штаны ўвесь спектакль, бо страхуеш.
Читать дальше