Галоўны таксама вельмі здзівіўся гэтай адданасці агульнай справе з боку Грынкевіча. Так здзівіўся, што нават прапанаваў падначаленаму застацца за кулісамі ці адпачыць з дарогі ў дырыгенцкай, а не абавязкова глядзець спектакль з залы. Грынкевіч пагадзіўся і сапраўды засеў у дырыгенцкай з партытурай. Яго цяпер цікавіла, як будзе ўспрымацца новае рашэнне з тэмпамі ў фінальнай сцэне. Свой метраном ён пакінуў дома, але нехта з аркестрантаў пазычыў яму прыладу. Калі дзея пачалася, ён паставіў на мінімальную гучнасць прымальнік, з якога спектакль транслявалі па тэатры і праз які ў выпадку чаго яго маглі выклікаць вядоўцы спектакля. Зразумела, што гук прымальніка крыху замінаў, але ён паспрабаваў засяродзіцца.
«Ты ўсіх абразіў, з'явіўшыся тут у чужой вопратцы!» — шляхотна абураецца дон Атавіа.
Спачатку ён паставіў метраном на даволі ўмеркаваную хуткасць. Прыкладна так часта бяруць гэтую сцэну ў, так бы мовіць, рамантычнай інтэрпрэтацыі. Але нават без сваіх аўтэнтычных задумаў ён лічыў, што тэмп недастатковы. Паступова ён зрушыў яго на словах дона Джавані «Parla dunque: che chiedi, che vuoi?». Затым на рэпліцы Камандора «Tu m'invitasti a cena» зрушыў тэмп яшчэ і давёў паказнік на метраноме да дзевяноста пяці. Наступная рэпліка героя «A torto di viltate» была яшчэ ў хутчэйшым тэмпе, а на эмацыйным усплёску скрыпак, якія акампануюць дону Джавані на словах «Ho fermo il core in petto», дырыгент давёў тэмп ужо да ста пяці. Напружанне ўзрастала, сэрца сапраўды пачынала трывожна тахкаць у грудзях, і Грынкевіч на некалькі хвілінаў забыўся пра тое, што гэта проста ўяўны герой перад абліччам уласнай гібелі, які адчувае поціск халоднай каменнай далоні. Калі на сцэне меліся з'явіцца дэманы з апраметнай, спадарожнікі Каменнага Госця, тэмп выпадала зрушыць яшчэ. Але ён выключыў метраном, бо зразумеў, што сёння больш не зможа без стратаў для сябе заглыбіцца ў гэтую музыку. Ён быў спустошаны і раздушаны яшчэ болей, як быццам яму толькі што з'явілася сама Ананкэ і папярэдзіла пра нешта непазбежнае.
Дзэрліна, Эльвіра і Атавіа адно за адным выгукваюць, як ім хочацца адпомсціць Лепарэла.
У антракце ў дырыгенцкую завітаў галоўны і ўбачыў свайго падначаленага, які ўсё яшчэ сядзеў над разгорнутай партытурай, але не чытаў яе, а проста глядзеў некуды перад сабой. Галоўны зірнуў і міжволі адхіснуўся.
— У цябе цяпер выгляд. Ідзі ты дадому ад граху падалей.
Грынкевіч паслухмяна сабраўся і выйшаў, хоць да канца балета заставалася дахалеры часу. Па дарозе ён набыў пляшку віскі і лімон. Алкаголь, зрэшты, не мог заліць полымя, распаленае чытаннем д'ябальскіх старонак опернай партытуры. Трывога толькі крыху адступіла. Так, гэта была тая самая трывога, з якой ён ехаў у Мінск. Магчыма, ён тады прадчуваў, што здарыцца з бацькам. Але што ён прадчувае цяпер?..
Мазэта кажа іншым мсціўцам: «А ну, дапамажыце мне з ім расправіцца!».
Ён сніў блытаныя сны, а ў тых снах была моцартаўская партытура. І ён зноў вяртаўся да фінальнай сцэны з Камандорам, нават у сне думаючы пра тое, як перадаць усё запісанае нотнымі знакамі. Бо гэтая музыка раптам стала зусім асабістай, быццам прарасла з расколінаў уласнага сэрца.
№ 20: Арыя «Ah, pieta, signori miei...».
— Міша, колькі табе казаць — рабі тут люфцік! Мне тут трэба цэзуркі. А ты вядзеш усё на адным тлустым дыханні. Не трэба мне ў гэтым месцы доўгая фраза. І ўвогуле, гэта не тая арыя, дзе трэба паказваць голас, тут іншыя, чыста музычныя задачы. Тут варта маркіраваць тэкст, ва ўсёй арыі. Ты можаш сабе ўявіць, што ён адчувае? Мужык пайшоў на спатканне з цёткай, выдаючы сябе за іншага. А яго злавілі мсціўцы і хочуць зладзіць жорсткую вендэту. Таксама прынялі за іншага. А як выкрылі, хто ён такі, дык яшчэ болей ашалелі. Ён кленчыць, яму да горла прыставілі нож, а да лабешніка — пісталет. Ён зараз удзелаецца на месцы, таму ўся арыя ідзе на крыху драбнёнай інтанацыі. Ты будзеш думаць пра легата пад руляй пісталета?
Грынкевіч напаўголасу прадэманстраваў салісту тое, чаго ад яго хацеў. Міша ўсё адно зрабіў неідэальна, і толькі значна зрушаны тэмп прымусіў яго збольшага ўкласціся ў патрэбную фразіроўку.
Перапужаны Лепарэла пачынае прасіць даравання: «Ах прабачце мяне, спадарства, ах даруйце мне, даруйце!».
— Гэта ронда Фарлафа нейкае! — сказаў Міша, спрабуючы аддыхацца.
Тым не менш вынік задаволіў Грынкевіча, і ён вырашыў на сёння скончыць рэпетыцыю. Цяпер, калі да спектакля заставалася тры тыдні, калі партыі былі вывучаныя, ён пачынаў атрымліваць асалоду ад шліфоўкі матэрыялу, ад таго, што ён рабіў з оперы сапраўды адзінае цэлае, а не набор вакальных нумароў. Сёння ў N завітаў праездам яго былы аднакашнік па дзесяцігодцы, зазірнуў на рэпетыцыю і вельмі хваліў, казаў, што выходзіць дыхтоўна. Вытрыманыя стылёвыя рамкі не замінаюць музыцы быць жывой — так і сказаў.
Читать дальше