Праўда, сёння гісторыя знаёмства бацькоў гучала асабліва шчыра і пранізліва, як перакладанне сімфанічнага твора для маленькага струннага аркестра. Да таго ж у ёй было шмат кранальных дробязяў, якія раней падаваліся нязначнымі.
Сродак гэты натуральны: не хімічны, не агідны, не горкі, як лекі.
— Пазваніла я яму, а ён якраз меў адгул. Сабраўся вельмі хутка, за гадзіну, і прыйшоў на спатканне. Цэлы дзень з ім гулялі. На канцэрт ён, зразумела, не трапляў, там усе квіткі загадзя раскупілі. Мне сяброўка набывала. Пасля канцэрта ён мяне сустрэў. Я так здзівілася. Начаваць я думала ў той самай сяброўкі. А быў чэрвень. Ён кажа: хадземце гуляць, ноч жа белая. I я пайшла. Пра гэта я таксама маме не казала, ну, ты ж разумееш, часы былі цнатлівыя. Гулялі добра, нічога такога, як у сучаснай моладзі. Ён негаваркі заўсёды быў, гэта я траскацела, як сарока, і ўсё пра музыку. Пад ранак ён мяне праводзіў да дому, дзе жыла сяброўка. Я сказала: так добра было з вамі. А ён кажа: выходзьце за мяне замуж, будзеце са мной увесь час. Я стаю, агаломшаная, трымаю ў руках канвалі. Ён мне іх якраз і падараваў, тады ўсе канвалі дарылі. А ён так сур'ёзна пытаецца: дык так ці не? Я кажу, што трэба падумаць. Ён у адказ: вы мне далі ў цягніку няправільны тэлефон, навошта? Давайце правільны нумар, я вам патэлефаную, а вы скажаце, што надумалі. А я сапраўды дала яму памылковы нумар, каб ён мяне не шукаў. Такая вось я была легкадумная ў маладосці. Ну і што, патэлефанаваў ён мне. Ён мне спадабаўся, я і падумала: ну, замуж дык замуж, калі што, дык развядуся. Я сапраўды думала, што развядуся. Дурненькім дзяўчом была.
Патэлефанаваў чарговы знаёмы, выказаў спачуванні. Маці ўжо перасіліла шок і вельмі спакойна размаўляла па тэлефоне. Паклаўшы слухаўку, яна наліла яшчэ гарбаты і працягнула ўспаміны.
— Бабуля вельмі не хацела, каб я за яго выходзіла. У ліпені ён прыехаў да нас у Полацк — знаёміцца. Натуральна, трымаліся мы вельмі сціпла. Нават на «ты» вельмі доўга не маглі перайсці. Сабраліся жаніцца, а размаўляем, як людзі сто гадоў таму. Дзед у яго пытаецца: дзе служыў? А ён кажа, што камісаваны, бо сэрца. Як жа мне тады бацькі выгаворвалі. Ды сэрца, ды раптам памрэ. А я была ў нейкім такім стане, калі проста ведаеш, што так трэба. Ведала, што маё — дый годзе. У канцы жніўня мы ажаніліся, а ў верасні я да яго пачала ездзіць кожныя выходныя. У Ленінградскую кансерваторыю мяне не пераводзілі, не бралі: таленту, відаць, бракавала, — а я была на чацвёртым курсе, трэба было давучыцца. Ён быў не супраць. З рознага мы былі свету, але ты ведаеш. Многія мае сяброўкі таксама павыходзілі замуж не за музыкантаў, дык скардзіліся, што не маюць пра што пагутарыць, нават на канцэрт лішні раз не адпусцяць адну. А тут я была свабоднай. Ён і праўда мяне ніколі не ламаў. Увогуле, мы за першыя пятнаццаць гадоў ніводнага разу нават не пасварыліся, голасу адно на аднаго не падвысілі. А потым з вамі абодвума здарылася. Я за Віцю заўсёды турбавалася, ён быў такі кволы ад нараджэння, ды яшчэ астма. А за цябе я ніколі не баялася, таму я цябе пагадзілася пакінуць у Ленінградзе. I за бацьку не баялася. Ну, калола яму часам сэрца, але ён не піў, курыў няшмат. I тут у яго на працы непрыемнасці, ён перахваляваўся — і трапіў з інфарктам у лякарню. А ты тады на абследаванне, але перарос, дзякаваць Богу.
Гэты цудадзейны бальзам Дзэрліна заўсёды носіць з сабой, ён загоіць любыя раны.
— Так, памятаю. Табе тады дасталося.
— А я пра сябе не думала. Ты ж памятаеш, ён увесь час некага там выцягваў, ратаваў. У цэху яго ведалі ўсе работнікі, ён не толькі ў кабінеце сядзеў, на вытворчасць хадзіў часта — глядзеў, як што працуе, вымяраў, правяраў. Хоць які ў яго клопат? Начарціў, спраектаваў, аддаў — а далей не твая справа. Дык вось аднойчы ён чарговым разам завітаў на вытворчасць і знайшоў адну тэхналагічную хібу. Пайшоў на прыём да дырэктара, кажа, здымайце ўсю партыю, не адгружайце, бо ёсць памылкі. Паказваў яму чарцяжы, вымярэнні. А дырэктару трэба было план выканаць, ну як жа без плана тады?.. Партыю адгрузілі, план выканалі. Бацьку ўсе кажуць — ды супакойся ты, нічога не зробіцца. Не, ён пайшоў у Мінпрам БССР ці як ён там зваўся. Праўда, там яго слухаць не сталі, а дырэктар завода потым яшчэ і прэміі пазбавіў, каб вады не муціў. Добра, што ў псіхушку не забралі, перабудова тады ўжо была. Ну і што. Тры сур'ёзныя аварыі былі. Якраз на машынах з тымі дэталямі, якія з яго завода адгрузілі. Сталі разбірацца, бацьку яшчэ вінаватым хацелі зрабіць, маўляў, ён неправільна спраектаваў. Гаворка ішла ўжо ледзь не пра суд. Тут ён і зваліўся з сэрцам. Праўда, потым разабраліся, прызналі памылку, знялі намесніка дырэктара па вытворчасці. Самому дырэктару — вымову, бацьку — прэмію. Але ён усё жыццё не мог супакоіцца, вось нядаўна згадаў той выпадак і кажа: трэба было не маўчаць тады. Ён толькі па рэспубліцы пайшоў, а трэба было выходзіць на Саюз. А так тры чалавекі пакалечыліся. З дэпутацтвам гэтым ён таксама сабе нерваў папсаваў. I я разам з ім. Галоснасць у нас, перабудова! Сябровак маіх мужыкі нікуды саміх не адпускаюць, раўнуюць. А мой мужык кажа: ну, ідзі сама, я не супраць. Сам жа ў гэты час ходзіць па кватэрах «падшэфных», бо іх то суседзі заліваюць, то яшчэ якая трасца, а ЖЭС нічога не робіць. Гэтыя «падшэфныя» нам дадому тэлефанавалі, я нашу кватэру домам саветаў называла. Але мы не сварыліся. Я плакала шмат, у лазенцы зачыніўшыся. I яшчэ я ведала, што бессэнсоўна яму нешта казаць, нейкія прэтэнзіі выстаўляць. Я страшэнна стамлялася. Калі б ён піў, біўся, раўнаваў ці крычаў, гэта было б зразумела. А тут — сценка. Мяккая такая сценка. У яе б'ешся галавой — і ўсё бессэнсоўна. Але пра нябожчыкаў або добра, або.
Читать дальше