«А вось ты, Мазэта, пойдзеш са мной, — кажа Джавані. — Нам трэба зрабіць самую адказную справу». Натуральна, яму трэба заблытаць гэтую рустыкальную кампанію як мага болей.
Ці наадварот, як жывуць іншыя, глыбока багемныя істоты. Тыя ўвогуле не замарочваюцца пытаннямі пра сям'ю, супольнае жыццё ці яшчэ нешта рамантычнае. Ім чым нетыповей, тым лепей. Калі б ён, Грынкевіч, наглядзеўся парнаграфіі на відэа і ў жыцці яшчэ да таго, як упершыню самастойна зняў з дзяўчыны станік, то не было б у яго той трапяткой радасці ад дакранання да дзявочых грудзей. І цяпер, калі станікаў знята безліч і спазнаць штосьці новае ўжо цяжка, не кранала б яго паэтычная метафара пра «сэрца чырвоны гранат». Ён разрэзаў бы гэтую метафару халодным лязом інтэлекту, паглядзеў бы, што там усярэдзіне, і выкінуў на сметніцу, як лабараторную жабку. А ён носіцца з гэтай цёплай і жывой метафарай і амаль плача ад вершаў.
Сяляне разыходзяцца ў розныя бакі.
Сцэна V
Дон Джавані, Мазэта.
Рэчытатыў «Zitto... Lascia chio senta... Ottimamente».
На шляху да бацькоўскай хаты Грынкевіча заспела тэлефанаванне з N. Званіў Вася ўласнай персонай, якому на гэтыя тры дні пакінулі «Дона Джавані». Яму, бачыце, учора на аркестравай зладзілі акцыю пратэсту. Маўляў, ён робіць зусім іншую агогіку і таму матэрыял развальваецца. А салісты крыкам крычалі, каб ён не лез у іхні вакал.
— Ну натуральна, што я іначай гэта адчуваю, — дзяліўся абурэннем Вася. — Але ж гэта аркестранты, яны павінны ісці за рукой дырыгента!
Гэты дзіцячы садок раззлаваў Грынкевіча, бо Васевы скаргі яму даводзілася выслухоўваць на нятанным роўмінгу. Ён сказаў Васю, што той у прынцыпе ніколі ніякай агогікі не паказвае, што яго дырыгаванне ў вельмі добрыя дні — замена метранома, а ў дрэнныя — бессэнсоўная прысутнасць перад аркестрам. Стажор нешта ўзвыў у слухаўку, але Грынкевіч толькі сказаў: «Працуй, Вася, працуй!» — і скінуў званок.
Джавані вяртаецца на сцэну, трымаючы за руку Мазэта. «Цішэй... Дай паслухаю, ці не ідзе хто. Не, усё нармальна. Ну дык вось, мы с табой, Мазэта, заб'ем гэтага паскудніка. Натуральна, мы не задаволімся тым, каб проста пераламаць яму косці».
Як ні дзіўна, малапрыемная размова з падначаленым яго мала закранула. Стоячы ў чарзе ў абменнік на вакзале і потым, ідучы на патрэбны прыпынак, Грынкевіч ужо думаў пра бацьку. Прыгадваў, як яму было сямнаццаць гадоў і як яны аднойчы паразмаўлялі. Паўгода пасля гэтага не маглі замірыцца. Ён тады моцна абразіў бацьку, але ўпарта не хацеў прасіць прабачэння.
Ён толькі што зноў стаў студэнтам музвучэльні, і цяпер трэба было неяк падаць гэтую навіну бацькам. Дакладней, дзве навіны ў адным флаконе. Дома павінны былі нарэшце дазнацца, што сын два гады правучыўся ў вучэльні на тэарэтыка, а не на піяніста ў дзесяцігодцы. А вось з гэтага года ён будзе ў іншай вучэльні на першым курсе, але ўжо як дырыгент акадэмічнага хору. Тым не менш ён далёка не адразу раскрыўся, ён дачакаўся канца жніўня, калі трэба было збірацца ў дарогу.
У Дануты Фларыянаўны была істэрыка. Яна хадзіла па кватэры і плакала, а сын пачуваўся вінаватым, але нічога не мог сказаць у сваё апраўданне, проста не знаходзіў словаў. Маці ўсё казала, што цяпер яго забяруць у войска, а калі б ён быў у кансерваторыі, то далі б адтэрміноўку. Ён не разумеў, што тады адчувала маці. Крыж на будучыні старэйшага сына быў толькі дадаткам, апошняй кропляй. Насамрэч яна ўжо амаль паўгода перажывала сітуацыю з мужам. Цяпер быў жнівень, яе адпачынак скончыўся, затое сужэнец быў далёка. Нібыта ў брата ў Маскве, а пасля — у дальніх сваякоў, якія засталіся ў Сібіры. Але ў гэтыя байкі мог паверыць хіба малы Віцька. Аляксею яна ўсё адразу расказала.
Маці плакала, а ён спрабаваў яе пераканаць, што няма нічога трагічнага ў перамене спецыяльнасці. Не стаў піяністам, але пачне ўсё спачатку як дырыгент. «Ты мог скончыць кансерваторыю як піяніст і потым ісці на дырыгаванне!» — усхліпвала маці.
І пэўна ж, ён не мог зразумець, як цяжка маці перажываць крушэнне адразу ўсіх мараў. Гэта ўсё адно што дачакацца карабля з пунсовымі ветразямі і ўбачыць, як ён ідзе на дно. Праўда, значна пазней Аляксей зразумеў маці, бо гэтаксама чапляўся за мары і гэтаксама балюча перажываў іх крушэнне. Хай сабе без такіх вонкавых праяваў.
За два дні да Грынкевічавага ад'езду вярнуўся бацька — нібыта ад сваякоў. Але загар пры гэтым бацька меў зусім не сібірскі. Маці вырашыла падключыць мужа да выхавання ўжо амаль дарослага і самастойнага сына. Відаць, яна не бачыла іншага спосабу хоць бы ўнутранага паяднання з сужэнцам.
Читать дальше