— Трапнае параўнанне, — ціха сказала Кася і з невытлумачальнай горыччу зірнула на Грынкевіча. — Але наш оперны зачынілі на рэканструкцыю, таму я даўно там не была і нічога не скажу пра спектаклі. На «Беларусьфільме» здымаюць расійскія серыялы. А Караткевіч напісаў вось гэта.
Яна моўчкі паказала на кніжку ў светла-карычневай вокладцы, якую чытала да пачатку іх размовы.
— Замежнікаў звычайна цікавіць, дзе можна знайсці рэстаран з нацыянальнай кухняй і колькі каштуюць ільняныя абрусы і ручнікі. Асабліва нахабныя таксама цікавяцца, колькі ім будзе каштаваць запрасіць беларуску ў гатэль. А мы да гэтага прызвычаіліся, мы сапраўды такія. Не ўмеем прымаць кампліментаў, як вы слушна заўважылі. Прабачце, балючая тэма.
Грынкевіч вырашыў змадуляваць у нешта іншае, больш радаснае. Пагатоў, ён у ранейшых размовах з братам ужо намацаў любімыя беларускія мазалі і навучыўся іх абыходзіць.
— Што паспелі паглядзець у Маскве, апроч дакументаў у архівах?
— Ды амаль нічога. Пасядзелкі за кавай і півам з калегамі. Пагуляла па Траццякоўцы, што праўда. У тэатрах не была. Дык што вы за музыкант? Ужо колькі разоў тэатры згадалі.
Ён пасунуўся да заплечніка, выцягнуў адтуль візітоўку і моўчкі працягнуў яе дзяўчыне. Кася зірнула на паперку і раптам пырснула смехам, але адразу папрасіла выбачэння і сказала не звяртаць увагі.
Калі прыгажуня яму адмовіць, дон Джавані памрэ ў яе на вачах. Гэтак прыўкрасна ён спакушае пакаёўку донны Эльвіры.
— Якое у вас. прозвішча... — прамовіла яна з інтанацыяй, сэнсу якой Грынкевіч не здолеў зразумець, як і раптоўнай весялосці. — А. вось чаму вы ўсё пра тэатры распытваеце! Ніколі не думала, што буду ехаць у адным купэ з жывым оперным дырыгентам!
— А дырыгенты бываюць яшчэ нежывыя?
— Ну-у-у... Для мяне гэта хутчэй нейкія казачныя персанажы.
— Уявіце сабе, для большасці музыкантаў — таксама. То Кашчэй Бессмяротны, то курдупель Цахес, а то ўвогуле — граф Дракула...
— Як на гэтых персанажаў, вы занадта мілы, — смеючыся, адказала Кася, якая, пэўна ж, не зразумела Грынкевічавай іроніі. — І вы, відаць, усё ж не зусім расіянін.
— Так і ёсць.
Тут ён пачаў сцісла пераказваць сваю біяграфію, у тым ліку адну пашпартна-візавую прыгоду, якая і зрабіла яго раз і назаўсёды расійскім грамадзянінам — якраз у тыя часы, калі з пашпартамі ўсё было вельмі цьмяна і нявызначана. Калі ж беларусы змаглі вучыцца ў Расіі бясплатна, ён ужо быў у кансерваторыі на правах расійскага грамадзяніна.
— Ну, неяк так. А ў Мінск я еду да бацькоў.
Кася прамаўчала, а потым запыталася:
— І вам ніколі не хацелася жыць і працаваць тут?
— Па шчырасці, ніколі пра гэта не думаў. У мяне цалкам натуральна і арганічна ішла адукацыя і кар'ера тут, у Расіі... Мы яшчэ едзем па Расіі, праўда? Таму пакуль я тутэйшы, а вы — тамтэйшая.
Гэтая заўвага зноў прымусіла дзяўчыну ўсміхнуцца.
— Праўда ваша. Я ж у Маскве была госцяй. У маім уяўленні «тут» — гэта Беларусь. І гэтае «тут» са мной паўсюль, куды ні паеду. Яно можа знікнуць, калі доўгі час пажывеш «там». Зрэшты, кажуць, што ў беларусаў «тут» амаль ніколі не знікае, але не таму, што яны патрыёты.
Размова ішла гэтак жа лёгка і роўна, як човен па ціхім возеры. Грынкевіч ужо адзначаў, што пры ўсім яго досведзе з жанчынамі і пры ўсёй яго прыроднай здольнасці камунікаваць, яму ніколі яшчэ не было так светла і спакойна, як з гэтай новай знаёмай. Праз пэўны час ён пайшоў пакурыць. Кася не склала яму кампаніі. Зрэшты, так было нават лепей, і не таму, што ён меў нейкі сантымент да дзяўчат, што не курылі. Яму трэба было скеміць, як працягнуць гэтае знаёмства. Думка пра тое, што Кася знікне, як знікаюць усе выпадковыя спадарожнікі, адгукалася ў Грынкевічавай душы крыўдай. Тысяча кіламетраў адлегласці, іншае кола стасункаў, хай сабе і раўнацэннае, але іншае. Да таго ж яна, напэўна, мае хлопца. Але ў кожным разе варта паспрабаваць. Шкада, што ён у Мінску толькі на адзін дзень, не паспее з ёй сустрэцца. Але пасля прэм'еры ён можа прыехаць на Каляды, маці даўно клікала менавіта на Каляды... Ёсць мэйлы, скайпы, СМС... Адпускаць гэтую паненку нельга.
Кася тым часам зноў засяродзілася на сваёй светла-карычневай кніжцы. Гастарбайтары сышлі: іх паклікалі ў госці сябручкі з суседняга вагона. Цяпер нішто не замінала размовам.
Вусны твае саладзейшыя за мёд, цалаваць іх — асалода сэрцу.
— Што чытаеце? — пацікавіўся Грынкевіч, толькі каб адцягнуць Касіну ўвагу ад гэтай кніжкі.
Читать дальше