– А не скажы! – абвяргаў Грышкавы довады дабрадушны ад сытага хмелю Маскаленка. – За Саюзам проста былі паны – наменклатуршчыкі, а шэрая скацінка – усе астатнія. А цяпер: тыя, хто быў гэтай шэрай галотай, яшчэ больш згалелі; паны ж панамі і засталіся, толькі называюцца ўжо не камуністамі, а дэмакратамі, лібераламі.
– Не, Пятро Яфімавіч, – Шпак сербануў з кубка рэшткі халоднай гарбаты, – пры ўсёй павазе да вас, я тутака запярэчу. Вось сусед мой, Яўхімка, толькі крыху за мяне маладзейшы. Пры камуністах дуб-дубам быў, з-за сваёй бяздарнасці ўсё жыццё пракарпеў радавым бухгалтарам. Выпіваў, вечна хадзіў мяты і зацухмолены. А выбухнула перабудова – і пайшоў гэты целяпень угору. Спярша ў фірму нейкую ўладкаваўся, затым там жа галоўным бухгалтарам стаў, а пасля гайдараўскага абвалу і наогул сваю справу адкрыў. Цяпер раскашуе – на “мерсе” раз’язджае, ды не сам, а вадзіцель яго возіць. А вы гаворыце… – Грышка дастаў з кішэні пакамечаны напаўпусты пачак “Паміру”, задумліва пакруціў яго ў руках і паклаў на стол каля свайго кубка. – І ён, колішні няздара Яўхімка, цяперака людзей з суседніх кватэр перасяляе, каб харомы сабе займець шматпакаёвыя.
– Гэта як? – здзівіўся Маскаленка.
– А хіба вы не ведаеце? – хітра зірнуў на яго Шпак. – Купляюць побач некалькі кватэр, прабіваюць муры; пераходы, лесвіцы між паверхамі наладжваюць. Вось вам і палац гатовы! Хе-хе! Абы грошыкі вадзіліся.
– Ды як жа ён столькі кватэр набывае побач? – шчыра не разумеў Маскаленка.
– А вельмі проста! – горача тлумачыў Грышка. – Дамаўляюцца з суседзямі і купляюць ім кватэры большай плошчы ў іншых раёнах горада, а іхнія жылплошчы да сябе далучаюць.
– І суседзі згаджаюцца?
– А чаму не? Вось, прыкладам, дачка ў вас на выданні, і жанішок маецца, ды бяда – жыць ім няма дзе. І тут нейкі багацей прапаноўвае вашу двухпакаёўку памяняць ажно на трохпакаёўку ў іншым раёне, абы вы яму сваю нягеглую кватэрку (з кепскай сантэхнікай, са збуцвелымі перакрыццямі) саступілі. Не згодзіцеся?
– Ну… тут падумаць трэба, – разважаў Пятро Яфімавіч, быццам яму і напраўду такі абмен прапаноўвалі. – А ты згадзіўся?
– Не-а! – выпаліў Шпак і сашчапіў худыя нервовыя кісці. – Адзіная мая дачка жыве добра, ды не тут, а ў Маскве – з сям’ёй. Самі ж ведаеце. А нам з жонкаю гэтыя пераезды некалькіх гадоў жыцця каштаваць могуць. Мы да сваёй кватэркі душой прыкіпелі. Дый – цэнтр горада, рака, парк, стадыён, тэатры. А домік стаіць у глыбіні квартала, сярод ліп і таполяў, – з асалодай апісваў сваё жытло Шпак, – ані паліўнага смуроду, ані вулічнага тлуму нямашака. Дзе яшчэ знойдзеш такое месцейка?
– Праўду кажаш, – згадзіўся Маскаленка. – Не тое што ў мяне: спальны раён ды вокны на магістраль. А паверх, між іншым, трэці. Гэх, быў бы ў мяне такі сусед бізнесовец!
– А зрэшты, паганы гэтыя бізнесоўцы народ, – змяніў напрамак гутаркі Грышка. – Я вось адмовіўся пераязджаць, а цяпер думаю: калі разборкі якія пачнуцца са стралянінай (у іх, багатыроў, гэта завядзёнка), то чаго добрага і мне перападзе. Верыце, Яфімавіч. – Ён перайшоў на шэпт, і Васіль ледзь улавіў наступнае: – Вечарам баюся смецце выносіць, а калі ўжо даводзіцца, то апранаюся, як апошні вахлак, – абы за Яўхімку не прынялі. А ён, халера, цяпер такі важны стаў. Калі здароўкаецца, рукі не падае – рукі ў яго ў кішэнях. Толькі пыхкае цыгарэткай і, не вымаючы яе з рота, мовіць нешта тыпу: “Ну як яно, балесны, жыццё?” “Жыццё – не біццё”, – адказваю я пахмурна. А больш у нас агульных тэм і няма.
– Ат, камуністаў на іх не стае! – уздыхнуў Маскаленка.
Пасля гэтых слоў Сурмач насцярожыўся і пачаў прыслухоўвацца яшчэ ўважлівей.
– Ды ну іх у задніцу, – махнуў Грышка рукой. – Колькі яны ўжо, камуністы-ленінцы, напракудзілі ды напаскудзілі! Вы іх лепей не памінайце дарма.
Адзначым, што і Грышка і Пятро Яфімавіч у свой час мелі партыйныя білеты.
– Не скажы… – Маскаленка задумліва пабразгаў лыжачкай аб край пустога кубка. – Ідэалогія – гэта, канешне, лухта, але ж парадак – быў, але піць-есці – было. Але прайдзісветы, накшталт Яўхіма твайго, тады наверх не пралазілі.
– А мо ён не прайдзісвет, а таленавіцейшы чалавек, – запярэчыў бывалы інжынер свайму шэфу, – толькі яму сістэма тая бязбожная раскрыцца не дазваляла?
– Ат, ведаю я такія таленты! Марадзёры яны! Грэюць рукі на папялішчы вялікай дзяржавы, вялікага народа!
– Гэта якога “вялікага народа”? – нечакана для сябе ўлез у спрэчку Сурмач.
Ён адчуваў, што можа зараз напартачыць, аднак не мог нічога з сабой парабіць: сядзець і моўчкі ненавідзець Шальговіч з Шызовым было яшчэ невыносней.
Читать дальше