Усю дарогу да Мінска толькі і думаў, што ж са мной адбылося. Ды іначай, як памутненнем розуму, гэта назваць не магу. Зусім не памятаю, як сышоў з пляжа, як на палетак выблукаў. І, наадварот, ясна помню, як у Сож сігануў і плыў да сярэдзіны. Г арэлкай і наркотыкамі зроду не захапляўся. Словам, насланнё нейкае. І страшна, дальбог.
Ну, здаецца, усё неабходнае напісаў. А зараз яшчэ з паўгадзінкі паляжу і пайду жука каларадскага нішчыць. Дужа многа ў маёй бульбе яго, проста пошасць.
21
Апошнімі днямі Юрась Багатка знаходзіўся ў кепскім душэўным стане з прычыны банальнага безграшоўя. Прадзюсер іхняга рок-гурту Сямён Тэрцовіч амаль перастаў плаціць Юрасю. Спасылаўся на фінансавую яму, у якую яны патрапілі, на даўгі. Але галоўнай прычынай — і Юрась гэта ведаў — было даўняе Сёмкава нездавальненне ягонай працай. Не падабаліся прадзюсеру аранжыроўкі, якія пісаў Багатка-малодшы, і ён неаднойчы наўпрост так і казаў. Прычым выказваў гэта Сямён у надзвычай нахабнай, уладарнай манеры. Выкліча ў офіс, разваліцца ў крэсле перад Юрасём, які стаіць слупам, і, пабліскваючы пярсцёнкамі на тоўстых пальцах, распякае на ўсю закрутку. «Барахлом» Юрасёву музыку называе, «убоствам», прапаноўвае вучыцца ў класікаў 70-х гадоў, нават касеты настойліва дае і прымушае праслухоўваць. Крыўдна. Ды што мог Юрась парабіць, калі няма ў яго музычнае адукацыі, калі ўсё яго абучэнне саматугам прайшло, з трох акордаў гітарных пачаўшыся, якія хуліган-сябрук паказаў. Дык што ж гэты чортаў Тэрцовіч хоча? Каб самавучка яму музычныя шэдэўры выдаваў? Жадаеш класную музыку мець, то наймі за вялікія грошы якога карыфея, не пашкадуй сваіх зялёненькіх. Ды дзе яму, злараднічаў Юрась, на добрага музыку грошай узяць. Слабо яму, таўстапузаму Сёмку. Гэта ён толькі перад падначаленымі герой, а хай паспрабуе не тое што на сусветны — на расейскі рынак сунуцца. Адразу ж карлікам стане, і выспяткамі прагоняць адтуль.
Ужо з месяц як урэзаў Тэрцовіч Юрасю ганарары. Ды што там урэзаў — паловы ад ранейшага не выходзіць. Кажа, напішаш што вартае, тады падвышу заробак. І па плячы паблажліва трэпле. Хе. Ды толькі вырашаць, вартае гэта ці не, сам жа Сёмка і будзе. А мо ён наўмысна прыніжае каштоўнасць Юрасёвай музыкі, каб меней плаціць? Адразу ж пасялілася такое падазрэнне ў душы Багаткі-малодшага.
І асабліва прыкра было, што і гітарыстам, і барабаншчыку, і салістцы Марыне Сямён плаціў, як і раней. Аднаму з хлопцаў нават больш стаў даваць. І міжволі прыходзіла ў галаву балючае: гэта за яго, Юрасёў, кошт у гітарыста Валодзькі долараў пабольшала. Гад ён! А Тэрцовіч — сволач!
Апошняга разу Сёмка наогул нічога Юрасю не заплаціў, калі той прынёс касету з аранжыроўкаю. Праслухаў, скрывіўся, абазваў «пашляцінай» і сказаў, што гэта не пойдзе ў рэпертуар. Касету, аднак, звыклым рухам сунуў у кішэнь курткі. А калі Юрась запатрабаваў яе вярнуць, з ухмылкай паказаў яму дулю. «Ды як жа так! — абурыўся аранжыроўшчык. — Музыку адпрэчылі, а касету сабе бераце. Аддайце!» Зноў ухмылка на поўным Сёмкавым твары, і зноў дуля ў Юрасёў нос. «Дык хоць грошай дайце крыху. Няма ж на што жыць.» — замямліў музыка. «Пісаць трэба добра, тады і грошы будуць, — адрэзаў Тэрцовіч. — А цяпер ідзі, брат, не замінай працаваць». І, ужо калі пануры Юрась пераступаў парог, кінуў: «І на канцэрт не дай Бог не спазніся. Спадзяюся, не забыў, што ты сёння на клавішах? Вось за гэта я табе заплачу. — І раптам падабрэў: — Чакай! Аванс хочаш?» Калі падначалены подбегам вярнуўся да стала, Сёмка нядбайна вышмаргнуў з кішэні штаноў пяць долараў.
А праз тыдзень Юрась даведаўся, што ў студыі ідзе праца з той «адпрэчанай» аранжыроўкай. Сёмка яе проста ўкраў. А каму паскардзішся? У суд? Дык тады Тэрцовіч яго, як шчанюка, на вуліцу выкіне. І куды пасля прыладкуешся? Хто прыме? Юрась жа ў глыбіні душы здагадваўся, што музыкант ён слабенькі.
Сын Паўла Алегавіча пакутліва ўсё перажываў. Галадаць, зразумела, не галадаў, бо дома ў халадзільніку заўсёды было чым пажывіцца. Але ад многіх прыемных звычак прыйшлося часова адмовіцца. Напрыклад, маленькая плоская каробачка, да якой Юрась так любіў прыпадаць носам на адзіноце, ужо колькі дзён пуставала. Звыклы за апошнія месяцы да цудадзейнага какаіну, хлопец адчуваў моцны і ўчэпісты дыскамфорт. Дарагія ментолавыя цыгарэты, якім ён раней аддаваў перавагу, давялося змяніць на айчынныя «Гродна» і «Космас». Нямецкае піва ў зручных лёгкіх бляшанках таксама стала пакуль недаступным, і Юрась піў сваё, мясцовага вырабу, вадзяністае, недатрыманае, ад якога збіраліся газы ў страўніку і спараджалі ікаўку.
Читать дальше