— І што, што вы мне зробіце! — Пляменніца тарганулася, выслабанілася, злосна тупнула ножкай. — Начхаць мне на вас!
— А вось чхаць ты не спяшай, даражэнькая, — усміхнуўся Багатка, — а лепей астынь і ўспомні, што кватэра, у якой гаспадарыць твой хрэнаў Артурчык, і мая таксама. Не забывайся! — Апошнія словы ён прагаварыў вельмі акцэнтавана. — Мне, канешне, яна і дарма не патрэбная. Але, любкагалубка, калі ты заняла пазіцыю «мая хата з краю», то вось на злосць зраблю так, што і хаты гэтай у цябе не будзе. Адаб’ю, па судах зацягаю. Уцяміла? Не? Я, Ксюха, у такіх справах зацяты. І пераедзеце вы зноў у нягеглы дамок, у халупу. Бо лепшага зняць твой бяздарны муж не агорае — для гэтага грошы трэба ўмець зарабляць. Вось такія, любка мая, пірагі.
Пляменніца са спалохам і агідай, як на вужаку, глядзела на Паўла Алегавіча. У яе нібы заняло мову. Толькі худыя кісці рук снавалі па сукенцы і камячылі яе, ды дрыжалі тонкія вусны.
— А таму падумай, шаноўная, як табе быць, — настаўленча доўжыў Багатка. — Можа, не варта са мной заядацца? Га? І, можа, варта праявіць чалавечнасць і паспагадаць старой маці? Дый бацьку, хоць ён і дурань, пашкадаваць? А не толькі бегаць з падносамі перад Артурчыкам. Падумай.
На твары пляменніцы люстравалася жудасная ўнутраная барацьба. З аднаго боку, карцела аблаяць дзядзьку апошнімі словамі, а з другога — інстынкт самазахавання, які быў моцна развіты ў гэтай непрыгожай маладзіцы, падказваў маўчаць і не пярэчыць.
— Дык вось, дакладваю, хоць гэта табе і зусім нецікава, — гаварыў Павел Алегавіч строга. — Бацьку твайго я не сустрэў, але не паеду адсюль да таго часу, пакуль яго не вылаўлю і не пагавару з ім сам-насам. Пакуль не выкажу, як і табе, што я пра яго думаю.
Ён павярнуўся і пайшоў. Але праз колькі крокаў спыніўся, скасавурыўся праз плячо і кінуў:
— А пра кватэру — я не жартую. Усё будзе ад цябе, Ксюха, залежаць. — І цяпер ужо пайшоў назусім: па сцяжынцы прама, направа паўз шчыльны хмызняк, затым пад заценню дрэў — і ў брамку, што ў агароджы.
Пляменніца праводзіла яго нейкім загіпнатызаваным паглядам. І калі скрылася з вачэй гэтая брыдкая каравая постаць, то ніяк нельга было сказаць, што Ксеня ўздыхнула спакойна.
Праз хвіліну яна забрала сына з двара і паднялася наверх, дзе яе чакаў каханы Артурчык, які ўжо другі дзень тэмпературыў, капрызіў і загружаў жонку ўсялякімі прыхамацямі.
З дзённіка...
16.07.200*
Ноч. Бічаў. Сяджу, запёршыся ў пакоі брата. За сцяной плача Вольга, і не магу яе бачыць. Ненавіджу румзанне, бяссільныя слёзы, шалею ад іх і магу нагаварыць розных несправядлівасцяў.
Са Слаўкам заўтра сустрэнуся неадменна. Не застану ў школе — абшукаю ўвесь горад, з-пад зямлі выцягну. Страшна сказаць, але такая да яго нянавісць, што гатовы морду набіць. Усё жыццё быў эгаістам і сволаччу. Такая ж у яго і дачка. Во ж дзіўна, як усё дзецям ад бацькоў перадаецца. Ад маці — непрывабная знешнасць, ад бацькі — нежаданне лічыцца з меркаваннямі акаляючых, самаўлюбёная тупасць. А вонкава Ксюха цалкам сваю маці паўтарае: ідал муж, якога трэба песціць-лагодзіць, за якога трэба зубамі трымацца, каб прыгажэйшыя не адбілі. Ды ў гэтай не адаб’еш — вочы выдрапае. Гэта табе не Вольга. І чаму ў жыцці так, што добрыя заўсёды няшчасныя, а благія раскошнічаюць? Хрэн яго ведае. Мабыць, пакуль першыя мямляць, другія ў іх кавалак з рота вышморгваюць.
У пакоі духата жудасная. Адчынена насцеж акно, але ні ветрыку, ні павеву якога. Стаў курыць, дык дым не выветрываецца. Так і стаіць слупам. Унізе нейкія падшыванцы наладзілі гармідар. Пагнаў мацюкамі. Не паслухаліся і аблаялі ў адказ. Пакуль раздумваў, ці спусціцца, каб вушы надраць, — самі зніклі.
Пасля размовы з пляменніцай, дзе нарэшце я выказаў усё накіпелае, да прыцемку швэндаўся па горадзе. Дзе толькі не быў. Кружляў вакол могілак, дзе пахаваны бацькі. Падмывала зайсці, і адначасова адштурхвала нешта. Так і не завітаў. І правільна. І не шкадую. Ненавіджу магілы, і дзівяць мяне людзі, што туды рэгулярна цягаюцца. Значыць, не засталося ў іхнім жыцці нічога цікавага, а ўсё — ззаду, з тымі, хто пад зямлёй. Прах трэба ў полі развейваць. Гэтак і жывым спакайней, і памерлым. Прынамсі не будзе атаясамлівання чалавека з разложаным трупам. Божухна, да чаго ж мы яшчэ дзікуны, калі такога не разумеем.
Пра скандал з пляменніцай не шкадую ні ў якім разе. Наадварот, што называецца, мала даў. Трэба было б наверх падняцца ды Артурчыка пашкуматаць. Самае смешнае, што ў падзяку за яе адданае каханне гэты паршывец, я больш чым упэўнены, падгульвае, і няслаба. Па вочках яго юрлівых масленых бачна. На такіх прыгажункоў бабы клююць. Дый яны ніводнай не прапускаюць.
Читать дальше