А вось зараз прыгадаўся той выпадак і перапоўніў чашу цярпення, і закарцела Паўлу Алегавічу ўсё пляменніцы выказаць. Так, пайсці зараз да свайго дома, уламацца ў кватэру і наскандаліць. А то лоўка ўладкаваліся там яны, адгарадзіліся бетонам, песцяцца. Гэта што ж выходзіць, пажылы дзядзька павінен ейнага бацьку лавіць ды ўгаворваць, каб той не сваволіў, каб адумаўся і вярнуўся дахаты? А яна, Ксеня, будзе бяздзейнічаць?
Багатка рэзка ўстаў з лаўкі, таропка пайшоў па сцяжынцы. На хаду шпурнуў недакурак у перапоўненую паркавую сметніцу.
Трэба сказаць, што ад раёна, дзе жыве брат, да дома пляменніцы было даволі далёка. Бо знаходзіліся яны на розных берагах ракі, і даводзілася, каб дайсці да моста, рабіць велізарны крук. Дабірацца ж на аўтобусе, якога немаведама колькі прачакаеш, Багатка не захацеў.
...Ужо непадалёк ад дома пляменніцы ўбачыў тэлефонную будку, і кальнула: а трэба ж пазваніць братавай, паведаміць, што не спаткаўся са Слаўкам. Але тады прыйдзецца сказаць, куды ён кіруе. Даведаўшыся, Вольга можа адразу пазваніць дачцэ, папярэдзіць. А гэтага Павел Алегавіч не хацеў. Меркаваў заявіцца да Ксені раптоўна, як той казаў, агарошыць.
Зрэшты, падымацца ў кватэру Багатку не давялося, паколькі пляменніца была на дварэ. Сядзела на лавачцы і гутарыла з мажной кабетай у квяцістым капелюшы. Паблізу гарэзавалі дзеці, сярод якіх Павел Алегавіч угадаў сына Ксені — шасцігадовага Колю. Угадаў не па знешнасці, а па тым, што малы, пакуль Багатка рушыў праз двор, падбег на секунду да маці, а тады зноўку паскакаў у сваю шумлівую сябрыну.
Павел Алегавіч абрынуўся на Ксеню, як бравы казак. Яшчэ не дайшоўшы да яе чатырох метраў, крыкнуў:
— Прывітанне, пляменніца! Як адпачываецца, як гуляецца, як увогуле на белым свеце жывецца? — І, не паспела яна апамятацца і адкрыць рот, дадаў: — Дзе твой бясцэнны бацька, можа, падкажаш?
Пляменніца ўскочыла з лаўкі, бянтэжліва зірнула на сваю суразмоўніцу, прамармытала:
— Жана Усеваладаўна, выбачайце, гэта мой дзядзька. Нам трэба пагаварыць. Прабачце. — І павярнула пабялелы ад злосці твар да Паўла Алегавіча. — Давайце адыдземся.
Яна рашуча пайшла па сцяжынцы ўбок суседняга дома. Багатка рушыў за ёй. Спыніліся ля дрэва, што расло каля пляцоўкі, дзе паркаваліся аўтамабілі. Ксеня стала спінай да камля, акінула дзядзьку нядобрым позіркам, сказала суха:
— Ну вы без скандалу не можаце, праўда? Навошта гарлаць на ўвесь двор?
Перш чым адказаць, Багатка адзначыў, якая ж яна непрыгожая: такія ж
невыразныя формы, як і ў Вольгі, і выглядае значна старэй за свае дваццаць восем; худая, напятая, нервовая.
— А гарлаў я, шаноўная, таму, — прамовіў нарэшце Павел Алегавіч, — што дзіўна мне бачыць, як ты песцішся ў цяньку і мянташыш языком з бабамі, калі бацька твой дарагі і адзіны з дому сышоў! Неяк, прабач, гэта мяне заняёмчыла.
— А што, па-вашаму, я павінна рабіць? — узялася ў бокі, наморшчыла лоб пляменніца. — На вушах стаяць? Дык не буду!
Дзядзька з пагардай агледзеў яе сухенькую ваяўнічую постаць.
— На вушах, любка, канешне, стаяць не трэба. А вось быць у гэты час з маці, маральна яе падтрымліваць і намагацца бацьку вярнуць — абавязана.
— Я нічога нікому не абавязана, ясна?! — Тут пляменніца ўбачыла, што сын Коля аддзяліўся ад купкі хлопчыкаў і пабег да яе, і закрычала: — Сынок, гуляй, гуляй, мой харошы, мама зараз падыдзе!
Яна відавочна не хацела падпускаць Колю да дзядзькі — як да чумнога.
Малы недаверліва спыніўся, пастаяў колькі секунд, крутануўся і памчаўся назад.
— Дык што вы ад мяне хочаце?! — з выклікам зірнула Ксеня на Паўла Алегавіча.
— Я хачу даўмецца, Ксюха, адкуль ты такая пайшла. Хаця, не, не трэба, не адказвай! — заспяшаўся ён апярэдзіць пляменніцу, якая ўжо прыадкрыла рот. — Мяне азарыла: ты дрэнная копія свайго бацькі, майго брацельніка. Такая ж кончаная эгаістка. Такая я ж самаўлюбёная пустышка.
— Замаўчыце! — прыдушана ўсклікнула Ксеня. На яе бледным твары праступілі несіметрычныя чырвоныя плямы.
— Адным вы розніцеся, — Багатка не замаўчаў, а, наадварот, узмацніў голас. — Мой брат нікога, апроч сябе, не любіў і нікога вакол не бачыў. А ты любіш двух: свайго сына, а яшчэ больш — мужа, гэтага лайдака і надзьмутага дурня.
— Ах вы падлюга! — віскнула Ксеня, дрыжучы ў шале. Здавалася, яна гатовая была ўчапіцца дзядзьку ў рэшткі валасоў.
— Але любоў твая таксама эгаістычная, бо любіш ты свайго мужыка настолькі, наколькі ненавідзіш усіх астатніх. Па табе, хай усе чужыя падохнуць, а ён жыве. Ды так не бывае! — Тут Павел Алегавіч раптам зрабіўся грозны, падаўся да пляменніцы і схапіў яе за руку. — Ды так не ўдасца, каб усе падохлі, а вы ацалелі. Мала таго, не бывае так, каб усім было дрэнна, а вам раскошна. І папярэджваю, — ён тузануў Ксеню за локаць, — калі ты будзеш так адносіцца да маці і надалей, то займееш вельмі вялікія непрыемнасці.
Читать дальше