«Чорт ведае што такое! Я ж сказаў, якім цягніком прыязджаю! — сердаваў Багатка, усё яшчэ аглядаючы пустэльны падворак. — І што мне зараз рабіць?»
А рабіць заставалася, па вялікім рахунку, адно: ісці да бліжэйшай тэлефоннай будкі і званіць пляменніцы Ксені. Не тырчаць жа, сапраўды, перад пад’ездам, каравулячы Вольгу Ігараўну.
Багатка ўжо шыбаваў цераз двор, калі з брамкі, праз якую ён мерыўся выйсці, выскачыла братавая. Заплаканая, узбуджаная, спалатнелая, з круглымі напалоханымі вачыма, яна, убачыўшы Паўла Алегавіча, растапырыла рукі і ўпала яму на грудзі.
— Ён сышоў! — скаланалася яе худасочнае цела ў Багаткавых абдымках. — Ён мяне кінуў, Паш! А-ы-і-й!
— Што? — Павел Алегавіч, схапіўшы за плечы, рашуча адарваў яе ад сябе. — Дык ён знайшоўся?!
— Знайшоўся-я-я! — крывіла ў плачы Волька свой і без таго непаглядны твар. — Знайшоўся, паразіт! Спакойна сабе на работу сёння прыйшоў. А я ўжо ў морг званіла, заяву ў міліцыю падала-а-а.
— Пачакай! — строга прамовіў Багатка. — Дык ты з ім гаварыла?
— Я гаварыла! Ды ён са мной гаварыць не жадае! Уй-ы-і! — Вольгу Ігараўну здушыла гарлавая спазма.
— Ну? — падганяў яе дзевер.
— Ён ска-ска. сказаў толькі, што сышоў да іншай жанчы-ын-ны-ы. — Гора братавай было несуцешным. — Паш, давай пабяжым у школу, ён яшчэ там! Адгавары яго, Паш, вярні ты старога боўдзілу!
— Не, любка мая, — з раздражненнем прагаварыў Павел Алегавіч, — зараз я нікуды не пабягу, а спярша мы зойдзем у кватэру і там спакойна, без агорклых тваіх істэрык, пагаворым.
— Дык ён жа сыдзе, Паш, — маліла яго Вольга Ігараўна, — я ж не ведаю, дзе ён цяпер жыве-е-е. А-у-ы-і! — Яна зноўку зайшлася плачам.
— Ну і халера з ім! — гаркнуў узлаваны Павел Алегавіч. — Аб’явіўся, дык нябось не падохне! А ну хадзем у кватэру, хопіць тут гледачоў збіраць! — Ён кіўнуў на вокны дома. — Хочаш, каб усё наваколле пра твае нягоды пляткарыла?
Ён схапіў братавую за руку і пацягнуў да пад’езда. Няшчасная жанчына, як падстрэленая птушка, крывым подскакам валаклася за ім.
У кватэры Багатка шпурнуў сваю торбу на абутковую паліцу, скінуў туфлі і рушыў у пакой Вячаслава Алегавіча. Дэманстратыўна разваліўся ў крэсле, паклаў нагу на нагу.
— А вось цяпер слухаю цябе, — дзелавіта зірнуў ён на Вольгу Ігараўну, што ўвайшла ўслед за ім і стаяла, камечачы рукамі сукенку.
— А? — нервова перасмыкнулася яна.
— Слухаю, кажу, — паўтарыў Багатка. — Выкладай па парадку, што з вамі здарылася.
— Дык Слаўка ж сышоў. — разгублена прамовіла гаспадыня.
— Як сышоў, куды, — сурова дапытваў яе Павел Алегавіч, — з якой мэтай сышоў, што з сабой узяў? Далажы.
— Я ж табе казала — да жанчыны, — рахмана адказвала сіня-бледная Вольга Ігараўна.
— Цудоўненька! Малайчына! — тэатральна ўсклікнуў Багатка. — А рэчы, якія ўзяў гэты зухаваты хлопец, гэты бравы залётнік, га?
— Не. Папкі толькі, рукапісы свае. Я шчэ ўчора заўважыла. А па рэчы ён сказаў. — тут Вольга ўсхліпнула, — сказаў, што па рэчы свае чалавека прышле.
— Ах вось яно як! Ай малайчына, ай зух! — працягваў куражыцца Павел Алегавіч. — А ты — дурніца, набітая, кончаная дурніца. — Голас яго пасур’ёзнеў: — Ты гадамі здзьмухвала парушынкі з гэтага юрода, запабягала ды танчыла — значыць, цяпер крыўдуй на сябе. А такіх людзей, любка мая, трэба ў шорсткіх рукавіцах трымаць. Уразумела? Не? Іначай яны абавязкова табе «аддзячаць». За дабрыню тваю і лагоду.
— Ай, Паш!.. — расцірала слёзы па зморшчаным твары братавая.
— Вось табе і «Паш»! — перадражніў яе Багатка. — Вось табе і хрэн з перцам. Атрымала? А цяпер румзай, хныкай, локці грызі. Ды не паможа. Раней трэба думаць было, калі перад гэтым эгаістам на пару з дачкой вытанцоўвалі. Ды Ксюха, відаць, разумнейшая за цябе аказалася. Выскачыла замуж — і бывайце здаровыя. Да мужа прыляпілася, ад бацькі схавалася. Правільна! — Павел Алегавіч размахваў рукамі, соўгаўся ў крэсле. — Або ты не ведала, недарэка, што так бывае? Га?
— Што, Паш? — прашаптала Вольга.
— Не ведала, што старыя кабялі кідаюць жонак, каб жыць з маладзейшымі?! — ужо крычаў, злосна ўтаропіўшыся на гаротную жанчыну, Багатка. — Не ведала, я пытаюся ў цябе? Не?! Усё ты ведала, бо і кніжкі чытаеш, і кіны глядзіш, і жывеш на Зямлі — не на Месяцы. Але, пэўна ж, думала, што гэта цябе не тычыцца, што гэта толькі з іншымі, дрэннымі, людзьмі адбываецца. Не, любка, — саркастычна ўсміхнуўся ён, — адбываецца гэта пераважна з харошымі, добрымі, памяркоўнымі. Ад такіх вось станоўчых, як ты, і сыходзяць мужы — у падзяку за тое, што ты перад ім трыццаць гадоў завіхалася!
Читать дальше