Ох ужо прадчуваю, як разлютуецца Пецька. Ох ведаю, да чаго ж не любіць ён, калі яму ўпоперак дарогі становяцца. Ох падазраю, што ўзнікне ў яго збродлівая думка мяне парашыць. Ды не наважыцца, сволач. Больш чым упэўнены ў гэтым. Як жа заб’еш бацьку маладой і найжаданай каханкі? А палохаць мяне, ён ведае, бессэнсоўна. Ні пабояў, ні іншага ўціску я не баюся. І гэта ён, прайдоха, нутром адчувае. Звярыным сваім нутром. Але ж прымірыцца з паразай не зможа і будзе выйсце шукаць, не спаць, нервавацца, міжволі спаганяць раздражненне на палюбоўніцы. Дык мне толькі таго і трэба, Пятро Вацлававіч, толькі і трэба.
Ужо колькі дзён як узнікла і непакоіць думка: а што, калі сустрэцца з Пецькавай жонкай. Дзе яна, што з ёй? Ці ў Беларусі цяпер жыве? Што з іхнім малодшым сынам? Колькі цікавага ды займальнага яна мне магла б распавесці! Адно што пра яе ведаю — імя ды дзявочае прозвішча. Дарэчы, прозвішча ў яе рэдкае — Цебужынская. Найхутчэй, польскае прозвішча. Нячастае ў нашых краях. І каб мець вялікае жаданне, можна б па даведніку якіх-небудзь яе мінскіх родзічаў адшукаць (у яе ж самой, напэўна, прозвішча Пецькава). Але гэта ў выпадку, калі хто з ейных у Мінску жыве. Сястра там якая, а найлепей брат ці бацькі. Не ведаю. Не ўпэўнены. Сумняваюся. Дый, папраўдзе, калі і адшукаю яе, не ведаю, што сказаць здолею, не ўяўляю, як аб’яўлюся. А па вялікім рахунку, не бачу і мэтазгоднасці такое сустрэчы. Каб мардаваць Пецьку, мне і нагавору пустабрэха Чусевіча дастаткова. Бо знаю, што ў дадзеным разе гэты пусты чалавек не схлусіў — надта ўжо той выпадак з маім дасканалым веданнем Жыгоцкага стасуецца. Гэты не толькі сына — старую маці з дому выганіць не маргнуўшы.
Усе-ўсё. Мушу заканчваць, а то зноў распсіхуюся. А такі быў цудоўны дзянёк.
Пра адно толькі неабходна сказаць пару слоў. Калі вяртаўся ўчора ноччу ў кватэру, як толькі адамкнуў, адчуў нейкае варушэнне на маім версе. Замёр у дзвярах. На лесвічнай пляцоўцы цёмна было, а ў вітальні я святло ўключыць не паспеў. І тут выпырхвае з майго пакоя цьмяная і як быццам жаночая постаць, амаль бязгучна перасякае калідор, нырае ў пройму лесвіцы, знікае як здань. Хто гэта, што? Запальваю нарэшце святло, кідаюся туды, спыняюся ля проймы, услухоўваюся. Ані стуку ўнізе, ані шолаху. Жонка? Дык здалося, што постаць зашырокая для яе, хударлявай, больш на цешчын абрыс выдае. Але ці змагла б старая карга так спрытна спусціцца? Наўрад. Чартаўшчына, дый годзе.
Невыказна рады, што з’ехаў адтуль. Не хутка цяпер вярнуся.
18
У нядзелю раніцай Паўлу Алегавічу, які бесклапотна бавіўся на лецішчы, паштальёнка прынесла тэрміновую тэлеграму. Тэлеграма была ад братавай, Вольгі Ігараўны, і ў ёй даволі блытана паведамлялася, што брат Слаўка ўчора пасля абеду знік з дому, не начаваў, сёння не аб’яўляўся і Вольга, вядома ж, у паніцы.
Першым пачуццём Паўла Алегавіча, якое ўзнікла па прачытанні тэлеграмы, быў не страх і нават не трывога за брата, а крайняе на яго раздражненне. Калі не сказаць — злосць. Ну зусім гэты выпадак не ўпісваўся ў планы Багаткі, які пасля нядаўніх бурных падзей толькі-толькі пачынаў супакойвацца. Думаў пажыць тут невылазна да канца месяца, назбіраць і насушыць грыбоў, і вось табе на. Удружыў, узычыў паганы Слаўка. Нейкім нязводным прышчом сядзіць гэты чалавек на целе Паўла Алегавіча, турбуе адным толькі фактам свайго існавання, пастаянна ад яго чакаеш якойсьці выхадкі. Што ж ён удумаў на гэты раз?
Багатка рашыў перабыць на дачы да вечара, а толькі тады пайсці на пошту, што ў трох кіламетрах, і пазваніць у Бічаў. Спадзяваўся, што Слаўка аб’явіцца сам і такім чынам вызваліць яго ад неабходнасці перціся дзвесце кіламетраў па невыноснай спякоце. Час да вечара прайшоў для Паўла Алегавіча неспакойна. Прыкрая тэлеграма незваротна сапсавала дзень. Нічым не мог Багатка грунтоўна заняцца. Усё валілася з рук, усё не ладзілася. Высмаліў ці не пачак цыгарэт. Адвечар заныў страўнік, а потым і закалола ў патыліцы. Дый сэрца, каторы ўжо раз за апошні месяц, не тое што балела, а настойліва нагадвала пра сябе за грудзінай. Яно без дай прычыны пачашчала свой рытм, білася і стукалася, як птушка ў няволі. Дыхаць стала складана, быццам не ставала ў паветры элементарнага кіслароду. Каб раздыхацца, Багатка пайшоў у лес і з гадзіну прагульваўся пад цяністымі кронамі.
У сем вечара Павел Алегавіч адправіўся ў аддзяленне сувязі, якое знаходзілася ў той жа вёсцы, што і праўленне калгаса. Ішоў узлескам. Яшчэ гарачае сонца хілілася да небакраю. З густой лістоты дрэў і хмызоў, з высокай травы ляцеў размаіты пошчак птушак. Памацнелі водары прыдарожных раслін. Адчуўшы блізкую прахалоду, выбраліся са сваіх схованак дакучлівыя камары, лезлі ў твар, каварна кусалі ў голыя да локцяў рукі.
Читать дальше