Пасля харчовага падмацунку і атрымання жаданых грошай пляменнік павесялеў, стаў не ў меру гаваркі і развязны. Закурыў проста ў кухні. Ліна, якой пасля турботнага працоўнага дня хацелася засесці ў фатэль перад тэлевізарам, стала ім няёмчыцца. Яна падумвала ўжо, як бы найтактоўней выправадзіць пляменніка, калі з прыхожай данёсся яшчэ адзін нечаканы званок.
Ліна выслізнула з кухні ў калідор, падышла да дзвярэй, зірнула ў вочка. Звонку, скажоны хітрамудрай оптыкай, стаяў Павел Алегавіч Багатка.
Сястра прапусціла яго ў кватэру.
— Як справы? — павітаўся Павел Алегавіч. — Прабач, што не папярэдзіў. — Быў ён у светлай, узмакрэлай ад поту майцы, заўсёдных шэрых штанах, задыханы і ўзрушаны.
— А нічога, — хмыкнула Ліна. — У мяне ж сёння вечар Багаткаў.
— А? — не зразумеў госць. Ён ужо скінуў абутак і намерваўся прайсці ў залу.
— Ды сын твой у мяне, можаце паздароўкацца! — Гаспадыня ўказала рукой на кухню, адкуль, праўда, не даносілася ніякіх гукаў. Юрась, пачуўшы, што прыйшоў бацька, затаіўся, як мыш.
— Што? — твар Паўла Алегавіча набыў падазроны, нядобры выраз. — Якога ражна ён у цябе? — і рашуча пасунуўся на кухню.
— Ды проста зайшоў, а што, нельга? — Ліна ішла ўслед за ім.
— Ага! — Багатка спыніўся ў дзвярах, — цудоўненька. Я, значыцца, з дому ўцякаю, каб з-за гэтага аболтуса не раздражняцца, а ён ужо тутака са сваёй завушніцай! Уф! — Ён сярдзіта фыркнуў.
Сын сядзеў за сталом, напаўпаварот да бацькі, і баязліва, спадылба пазіраў на яго.
— Дык з якой, дазволь даведацца, мэтай ты тут? — адрасаваў да яго пытанне Павел Алегавіч.
— Я ж табе казала, проста зайшоў. — Ліна праціснулася з-за яго спіны ў кухню і неўпрыкмет падміргнула пляменніку.
— Так, я прыйшоў пабачыць цётку, — нарэшце адкрыў рот Юрась.
— Ну і што ты цікавага пабачыў? — зласліва глядзеў на яго бацька.
— Як — чаго? Проста. — сумеўся сын.
— Слухай, Алегавіч, не дуры галаву, а? — пачала сердаваць гаспадыня. — Што ты ад яго хочаш?
— Дык, кажаш, сынок, ты прыйшоў падзівавацца на цётку? — доўжыў свой наступ Багатка-старэйшы. — Цудоўна. А заадно, канешне, пад’есці. Так? На халяву, як ты ўмееш. А заадно, вядома ж, і папрасіць грошай. Так? Балазе ж можна не аддаваць. — І раптам рэзка: — А ну глядзець мне ў вочы: браў грошы ці не?
— Ды не браў ён ніякіх грошай, адстань ты! — абараняла пляменніка Ліна.
— Не ўмешвайся, сястра. Я ў гэтага бэйбуса пытаюся: браў ці не? А ну адказваць! — Бацькаў твар не абяцаў нічога добрага.
Ён зрабіў адзін крок да сына.
— Ну?
— Нічога я не браў! — падняўся той з табурэткі. І дадаў з выклікам: — А калі б і браў, то не твая справа! Я дарослы чалавек! Ды што ты, урэшце, ад мяне хочаш?!
— Праўда, Паша, адстань! — прасіла сястра.
— Чакай, Ліна! — Павел Алегавіч зрабіў яшчэ паўкроку да сына. — Гэты маладзён кажа, што ён дарослы. Добра. Аднак я хачу, каб ён быў не проста дарослым, а прыстойным дарослым. Уцямілі?! Проста дарослыя здзяйсняюць злачынствы, гвалтуюць, забіваюць людзей. Гэта таксама дарослыя справы. А паколькі ты, — ён тыцнуў пальцам у бледнага недалужнага Юрася, — усёткі мой сын, то я не збіраюся за цябе чырванець. І калі ты пазычаеш у цёткі грошы, то аддавай, паршывец, вяртай даўгі, як, дарэчы, павінны паступаць дарослыя людзі.
— Не, ну слухай, гэта ж невыносна! — схапіла яго за руку Ліна. — Палова дзевятай вечара, а ты скандал распачаў. Няўжо нельга спакойна?
Юрась насуплена маўчаў, а бацька працягваў сваё казанне:
— І калі табе ўжо так карціць дармовых грошай, то звярніся да сваёй шустрай сястры — хай яна цябе ашчаслівіць. Або да яе высоказаможнага хахаля, мо ён падасць! У іх грошы нямераныя. А да маёй сястры, якая зарабляе мазольнай працай, не лезь! А то, — Павел Алегавіч узмацніў голас, — так правучу, што непанадна будзе!
— А ты мне не пагражай! — з адвагай баязліўца выкрыкнуў сын. — Я цябе не баюся!
— Што, швагру свайму наскардзішся?! — усміхнуўся бацька. І да Ліны: — Яны, сястра, усім кагалам супроць мяне інтрыгуюць. Ведаю!
А тады зноў да сына:
— Не баішся, кажаш?! — Ён зрабіў двухсекундную паўзу: — А ну выварочвай кішэні і грошы, што ўзяў у цёткі, — на стол! Я табе пакажу — «не баюся»!
Ашаломлены, Юрась толькі лыпаў вачыма.
— Ты здурнеў, Пашка?! — усклікнула Ліна; яна стаяла паміж праціўнікамі.
— Выварочвай, шэльма, кішэні! Лічу да трох! — зароў раз’ятраны Павел Алегавіч.
Грымаса жаху перакасіла Юрасёў твар. Але грошы ён не дастаў.
— Раз, два, тры! — адрывіста вымавіў Багатка-старэйшы і, адштурхнуўшы сястру, рынуўся на сына.
Читать дальше