Ды пра гэта і думаць забудзь.
І ўсё ж як стрываць, як перажыць гэтае прыніжэнне — не ведаю.
Памажы, Божа.
А тут адно да аднаго: з панядзелка б трэба на працу, дык завод стаў. Кажуць, на месяц. Так бы хоць нечым забыўся, засланіўся ад Пятра Вацлававіча. Хаця, ці можна ад такога чалавека схавацца? Паўсюдны ён нейкі, усепранікальны і ўсюдыісны.
Дарэчы, цяпер, у звязку з прастоем, траціна зарплаты далоў. А рэальна — на палову менш атрымаю. Трэба падцягнуць паясок. Да таго ж і жонка будзе касіцца, як на злыдня і дармаеда. Так хоць грошай калі-нікалі даваў. Толькі б не да канца лета без працы. Звар’яцею, яй-бо.
1.07.200*
Так, відаць, і сапраўды жыццё рашыла мяне даканаць. Ледзь не перайшоў я сёння мяжу, ледзь у прорву не праваліўся. Нібы апускаецца пада мною зямля, утвараецца варонка і няўмольна зацягвае. Жах! Пішу і дрыжаць пальцы, зубы ляскаюць. Пакутлівы галаўны боль.
Аднак па парадку.
Устаў гадзін у восем з добрым настроем. Паеў, пасоўгаўся туды-сюды і выправіўся ў лес па грыбы. Дай, думаю, паспытаю шчасця свайго, а раптам? Рана, канешне, яшчэ. Першыя грыбы скончыліся, а другія ці пачаліся? Адно абнадзейвала: прайшлі неблагія дажджы. Словам, патупаў.
Грыбоў я, вядома ж, не сабраў. Адно некалькі чарвівых сыраежак ды з тузін драбнюткіх лісічак у вядро ўкінуў. Затое які лес! Якое паветра! У якіх мясцінах я пабываў! Хараство. Неруш. Водары непаўторныя. Во дзе лякарства! Забыліся ўсе мае сталічныя клопаты. Толькі прырода і я наўкола. Карацей, за абед прахадзіў.
...Прахадзіў, але трэба ж і назад вяртацца. А забрыў я далёка, аж возера абагнуў. Вяртаўся ўздоўж берага. Сонца пячэ, ад вады прахалода, конікі ў высокай траве стракочуць. Дабрадаць.
...Дабрадаць, каб не было чалавека. Ды як ад яго схаваешся? На шляху маім дзве вёскі ляжалі. Адну, Бялынічы, прамінуў краем. Праз кіламетры два — новая, Студня. Прытулілася да самага берага. Прыйшлося яе перасякаць. Доўгая. І вось ужо пры канцы гэтай Студні прыдбаў я сабе прыгоду. Рушу, а ля правага плота тузаніна ідзе. Адзін хлапчук, буйнейшы, бялявы, з рабаціністым круглым тварам, б’е меншага і худзейшага, такога ж бялявага хлопчыка. Той патрабуе, каб круглатвары нешта аддаў, плача, прыстае. А дужэйшы яго ў грудзі штурхае, валіць на зямлю і тыцкае ў галаву кулакамі. Вакол ні душы. Ужо прайсці я хацеў, ды кальнула нешта: несправядлівасць. Чорт яго ведае, чаму ўмяшаўся. Звычайная ж сцэна, такіх тысячы ў любую секунду адбываецца на зямным шары. Але ж не стрываў. Без усякіх папераджальных слоў падляцеў я да дужэйшага хлопчыка і балюча выдраў за вушы. Загадаў ісці дахаты і болей не хуліганіць. Ён і пабег да бліжэйшых весніц. Прытым па дарозе віскліва і нязмоўчна выў. Як сірэна якая. Не абарочваўся. Натузаны хлопчык таксама сігануў кудысьці пад плот, на другім баку вуліцы.
Пацёгся я сабе, задаволены, прасёлкам, усцяж возера. А праз хвілін дзесяць, у кіламетры ад тае вёскі, мяне веласіпед абганяе. Саскокваюць з яго два дзецюкі з голымі торсамі, загарэлыя, жылістыя. Аднаму гадоў сорак. Другому мо гадоў дваццаць пяць. У таго, што старэйшы, наколкі на грудзях і руцэ. Твары гэтых малайцоў звернуты да мяне: рашучыя і няўмольныя.
Павалілі яны веласіпед у траву. Падступаюцца моўчкі. А кулакі, што кувалды, яй-бо. І вось тут ліхаведама што са мной здарылася. Замест таго каб драпануць на ўсе пяткі, вымаю з вядзерца нож, што паверх грыбоў там ляжаў, прымаю баявую паставу і на тых малайцоў кідаюся. Так знячэвіў гэтых здаравілаў мой напад, так яны, бедныя, напалохаліся — каб хто бачыў! Бягом, навыперадкі, а затым — урассыпную, па полі ад дзядзькі з нажом. А мяне нейкае ўтрапенне апанавала. Пагнаўся я за старэйшым, што з наколкамі, бо малады такога драпака задаў, што ўвобмірг у жыце схаваўся. А старэйшы, ад страху ці што, спатыкаўся пару разоў, ледзь паспяваў ускочыць, пакуль я яго наганяў. Хвілін пяць перада мной гэтая загарэлая мускулістая спіна мільгала. І гатовы я быў, вось як на духу гавару, нож у яе ўсадзіць. Без усякай шкадобы.
Затым як ачмурэнне з мяне спаўзло, кінуў я пераслед.
А замарудзься той дзяцюк на зямлі лішнія секунды пасля падзення? Ай-ёй! Яны ж мне і зла зрабіць не паспелі. Толькі намерваліся.
Звер я. Люты драпежны звер.
Бачыш, Багатка, нельга табе ў Мінск пакуль што вяртацца. Дыхай, купайся, нервы лячы.
Але дзе такое месца знайсці, каб зусім без людзей. Хіба пад зямлёю.
17
Было ўжо даволі позна, калі Ліна Качура пачула званок у дзверы. Ігар, яе сужыцель, у дадзены момант адсутнічаў, таму Ліна досыць апасліва прайшла ў вітальню, ціхенька зірнула ў вочка. На лесвічнай пляцоўцы стаяў яе пляменнік Юрась, сын Паўла Алегавіча. Стаяў і нецярпліва націскаў кнопку званка.
Читать дальше