А было ж гэта са мной аднойчы. У інстытуце. На трэцім, здаецца, курсе. Хадзілі тады да Жыгоцкага некалькі хлопцаў — сябрукоў па п’янках-гулянках. Я з імі амаль не знаўся, брыдкія яны мне былі. Асабліва адзін. Высокі, мардаты, забіячлівы і юрлівы. Як прыйдзе, толькі пра баб і мог гаварыць. І голас такі крыкліва-зычны, агідны. Я заўсёды стараўся выйсці з пакоя, калі ён там. А Жыгоцкаму нішто, ён усяедны. Адны сябры ў яго па вучобе і камсамоле, другія для распусты. Словам, да яго мала пасуе прымаўка: скажы, хто твой сябар. Шматаблічны гэта чалавек, слізкі. Ну ды каб ён згарэў, не пра яго зараз гаворка, а пра таго мардатага. З год ён да нас цягаўся, а мяне як быццам не заўважаў. Я, відаць, для яго карлікам быў, нікчэмнасцю. Дый сапраўды — кавалер я нягожы, з такім на пагулянку не выправішся. Не тое, што прыгажун Пецька. Дык вось гэты мардаты любіў тэрарызаваць слабейшых. Гэтым славіўся. Мяне, думаецца, не кранаў толькі таму, што я Пецькаў сябрук. А было ў яго некалькі чалавек, збольшага з першакурснікаў, на пабягушках. То па гарэлку іх пасылаў, то яшчэ па якіх сваіх прыхамацях. Словам, шасцёркі. Калі што не так — і аплявухай узнагародзіць, а то і добра наб’е. Раз і згледзеў я яго за гэтым заняткам. Іду па калідоры (а яны ў нашым інтэрнаце — не раўнуючы лабірынты) і бачу: прыціснуў ён аднаго здыхлю да сцяны і тузае. Азартна так, распаляючыся. Той бядак галаву ўтуліў, не абараняецца, трывае пабоі. І такая мяне раптам раз’юха апанавала. Падскочыў, заступіўся, сказаў пару «цёплых» слоў. А мардаты, не будзь уломак, адпускае сваю ахвяру, хапае мяне за плячо (а ён на паўгалавы за мяне вышэйшы), вывяргае вадаспад мацюкоў і штурхае далонню мяне ў лоб. Я адлятаю да сцяны, цюкаюся аб яе патыліцай і асядаю. Уваччу цямрэча. Мардаты нешта мне яшчэ настаўленча казаў, але я не расчуў, агаломшаны.
Суткі мяне калатун біў — ад бяссільнай, неспатоленай злосці. У свядомасці — толькі ўхмылка таго хлапчыны, толькі неўтаймоўнае жаданне з ім расквітацца. І разам з тым — усведамленне сваёй нямогласці. Такі боль у душы, што лягчэй, здаецца, павесіцца. На заняткі наступнага дня не пайшоў, а блукаў па горадзе, не ў сілах выйсце знайсці. Вечарам зразумеў: калі не разлічуся з мардатым, — не жыць мне болей: або захварэю на запаленне мозгу, або сам задушуся. І як прыйшло да мяне гэтае рашэнне, так і палягчэла адразу. Тут жа на вочы і гожая зброя патрапілася — ножка ад старога стала. За тумбачкай яна нашай ляжала, чамусьці не выкінулі. Схапіў я яе, абмацаў. Важкая, рабрыстая. Выскачыў у калідор і да пакоя таго хлопца шыбую. Нікога не стрэў па дарозе. Стукаюся, а зброю сваю за спінай каварна трымаю. Адчыняе ягоны сужыцель. Няма мардатага. Толькі што выйшаў кудысь. Далёка? А хрэн яго ведае. Добра. Я ў адну кухню — пуста, у другую, што ў суседнім крыле, — там ён. Курыць, мярзотнік. Як убачыў мяне, спачатку заўсміхаўся пагардліва, хацеў нават штосьці сказаць. Але ж, відаць, твар мой яго насцярожыў, жахлівы, напэўна, быў я ў тую хвіліну. Моўчкі іду да яго, моўчкі вышморгваю з-за спіны дрын, узмахваю люта. І тут: твар мардатага ўмольны зрабіўся, баязлівы, дзіцячы. Чуццём зразумеў, падла, што я жыццё гатовы аддаць, што яно для мяне — нішто, калі з ім не распраўлюся. Авечкай стаў гэты дзяцюк. Не тое што нападаць, адбівацца толкам не можа. У тры ўдары збіў я яго на падлогу. Малачу па спіне, па плячах, па галаве, якую ён захінае рукамі. Сілы ўва мне страшныя абудзіліся. Карацей, пляжыў, пакуль не ссінячыў яго, не скрывяніў. Тады павярнуўся, пайшоў. І такая патоля ў душы пасялілася. Цела палягчэла, вось-вось узляціць. У пакоі лёг на ложак, рукі пад галаву, вочы ў столь. Думкі стройныя, добрыя. Ні нянавісці табе колішняй, ні зайздрасці, ні комплексаў скрытых. Нібы народным героем умомант стаў, і заўтра пра мяне ў газетах напішуць. Незабыўнае пачуццё.
А мардаты дзяцюк, загаіўшы пабоі, як нічога не было, зноў стаў да Пецькі хадзіць. Але ж паважліва вітаўся са мной і стараўся не дакучаць: падоўгу цяпер не сядзеў, не крычаў, не рагатаў, не пахабнічаў. Пра тое, каб як-небудзь адпомсціць, ён, пэўна, і думаць не думаў. Ніхто мяне не падпільноўваў, не цкаваў, не збіваў. Хоць маглі: сябрукоў у мардатага было нямала.
Да чаго я гэта напісаў? А рэч у тым, што гэткая ж прага помсты зараз да мяне падступіла. Так, брат Багатка, гатовы ты Пятра Вацлававіча забіць. І гэта святая праўда. Аднак разумею, што больш ён мяне не толькі ў дом — на трыста метраў да яго не падпусціць. Не, вядома ж, забіць я яго не наважуся. А вось адмяцеліць якой арматурынай — з лёгкай душою.
Читать дальше