Прарэзліва, страшна ўскрыкнула маці. Бацька ж дзейнічаў надзвычай рашуча. Вокамгненна кінуўся на дачку, вырваў люстэрка, даў поўху, вывалак за рукі з ванны, голую абхапіў ззаду. Дрыгала нагамі, страшэнна верашчала Тамара, спрабавала драпацца. Але адкуль сілы ўзяліся ў сухарлявага Паўла Алегавіча: як абцугамі сціснуў, адарваў ад падлогі, у некалькі секунд занёс у спальню. Толькі адчайна закрычаў аслупянелай жонцы: «Што стаіш, памагай! Ёрш тваю медзь!»
Жахлівы дзень, бяссонная ноч прайшлі тады ў сям’і Багаткаў. Балазе цешча чарговы раз у бальніцы ляжала, а то б паралюш старую хапіў.
Тамару закруцілі ў коўдру, спавілі па руках і нагах. Калі ж, стаміўшыўся, яна перастала брыкацца і плявацца, бацька пачаў да прытомнасці прыводзіць. Прыгразіў, што, калі зараз жа не раскажа ўсё «як на духу», то выкліча брыгаду — і ў вар’ятню. Хай там разбіраюцца. Гадзін пяць працягвалася гэтае тамлівае следства. Загаварыла дачка, адно калі Павел Алегавіч здагадаўся з бацькамі яе сяброўкі звязацца па тэлефоне. Вось якая, аказваецца, выйшла тут катавасія: сяброўка яе на тым конкурсе музычным прайшла, а Тамару адпрэчылі. Дык яна гэтага перажыць не змагла, у дэпрэсіі з тыдзень швэндалася па Маскве, прамантачыла ўсе грошы, згубіла ўсе рэчы, ледзь бамжыхай не стала. П’яная, не помніць як, дабіралася ў агульным вагоне да Мінска. Добра, што хоць жывая.
Вось тады б і даўмецца Багатку, што яна за чалавек і што для яе ў жыцці найгалоўнае. Не скарыстаўся першым званочкам. Сам вінаваты. А галоўнае для Тамары тое, каб наверсе ды навідавоку быць, вышэй за астатніх. І спяваць жа яна толкам не спявала, танцаваць не вучылася, але ж — хачу быць зоркай, і баста! Не выжыльвацца гадамі, не з настаўнікамі ўседліва працаваць — а паехаць у Маскву і на алімп эстрадны заскочыць. У гэтым уся яе натура як на далоні.
Тры месяцы пасля таго нервовага зрыву вадзілі дачку па псіхолагах. Вучыцца яна не змагла, узяла акадэмічны водпуск. (Дарэчы, так універсітэт і не скончыла). Год, па сутнасці, правалялася на канапе. Ужо не ведалі, што і рабіць. Аднак, як і заўсёды ў Багаткавам жыцці, з’явіўся добры чарадзей у асобе Пятра Вацлававіча Жыгоцкага. Даведаўшыся ад Веры Генадзеўны пра злыбеду з дачкой, тут жа прапанаваў узяць яе да сябе, у сваю фірму. «Ды кім жа яна там будзе, няўмека?!» — спытаўся падазроны Павел Алегавіч ва ўзрадаванай жонкі. А выдзеліў ёй Жыгоцкі месцейка цёплае — блізу сябе, не то сакратаркі, не то пасыльнай, не то рэферэнта. З акладам зайздросным. Ну, а потым. Потым здарылася тое, ад чаго ў Паўла Алегавіча месяц страўнік баліць, месяц у баку коле.
Так, удружыла дочачка, дзякуй. У самым жудасным сне падобнае не сасніцца. У-у-ух.
...Павел Алегавіч адчуў цяжар за грудзінай. Спыніўся, неўразумела паглядзеў па баках. Аказваецца, і не заўважыў, як прамінуў сыры лог, як рушыў дубовым гаем. Зараз ён стаяў на ўзлеску. Сцяжына, па якой ішоў, бегла далей жытнім палеткам, да вёскі, стрэхі якой віднеліся на даляглядзе.
Багатку ж трэба было направа, туды, дзе вісела ў вечаровым блакіце нізкае рыжае сонца. Вось-вось зачэпіцца яно краем дыска за дубовую крону, пойдзе асядаць. Няспешна, павольна, па-чэрвеньску.
Узлескам, між хмызоў і высокай травы, ледзь натаптанай сцежкай ішоў Павел Алегавіч да свайго лецішча. Пры кожным кроку трывожна калола ў грудзях, ныццём аддавала ў левую руку. Скажы ты, сэрца стала збаіць. А ніколі раней не балела. Чым толькі не перахварэў за жыццё Павел Алегавіч, чаго толькі не паламаў, а ў маторы сваім быў упэўнены на ўсе сто.
Вось яна, Багаткава вотчына: амаль напоўніцу засеяныя бульбай трыццаць сотак, нягеглы, крыты руберойдам драўляны дамок, некалькі хілых дрэў і кустоў ля яго.
У маленькім дачным пасёлку Павел Алегавіч як бы на водшыбе. Калодзеж метрах у ста. Лапікі зямлі, што злева і справа ад яго, так пакуль ніхто і не купіў. Выходзіць, што і не дача ў Багаткі, а хутар.
Восем гадоў назад, набыўшы гэтую зямлю, меў Павел Алегавіч вялікія планы. Але безграшоўе, непаразуменне ў сям’і, прынцыповае нежаданне дзяцей памагаць будаўніцтву прывялі да таго, што замест запланаваных двухпавярховага дома, хлява і лазні зладзіў адно паршывенькую халупку з кухняй і спальным пакоем.
Ніхто не хоча зараз сюды прыязджаць. Гады тры таму, праўда, панадзіліся сын з дачкой вазіць маладыя кампаніі. Распівалі спіртныя напоі, распуснічалі, пажыралі рупліва вырашчаную Паўлам Алегавічам агародніну, вытоптвалі градкі. Усё гэта рабілася ў адсутнасць гаспадара, калі той быў на працы. З’явілася небяспека, што спаляць дом. Што ж, давялося турануць маладзёнаў, адвадзіць. Сустрэўся тады Павел Алегавіч з участковым, праставіў скрыню гарэлкі, ударылі па руках.
Читать дальше