Акружаныя чужынцамі, паляўнічыя накіраваліся да высокага берага ракі. Чым бліжэй чужынцы набліжаліся да яго, тым гучней гаварылі. Некаторыя нават смяяліся, паказваючы на высокага Галу. Мабыць, ён іх надта ж здзіўляў сваім ростам. Але Рану было не да смеху — было невядома, куды і навошта іх вядуць...
Падняўшыся на высокі бераг, Ран здзівіўся: на некалі пустой зямлі мелася стаянка. Была яна амаль гэткая ж, як і ў родзе Рана, толькі большая. І яшчэ, што здзівіла Рана — вакол стаянкі шчыльна былі ўкапаны ў зямлю тоўстыя палкі, што цераз іх не маглі прайсці ні звер, ні чалавек. Толькі ў адным месцы меўся вузкі праход, цераз які людзі прайшлі на стаянку.
Як толькі паляўнічыя апынуліся на стаянцы, з буданоў высыпалі людзі. І дзеці, і жанчыны, і мужчыны — усе шчыльна абступілі Рана і сяброў. Дзеці нават дакраналіся да іх пальцамі. І ўсе штосьці гучна гаварылі. Па тым, як чужынцы гаварылі, як смяяліся дзеці, Ран зразумеў, што самае жахлівае — у мінулым...
5
Мяса вепра палажылі на траву, і жанчыны крэмневымі скрабкамі адразу ж пачалі разразаць яго на дробныя кавалкі. Усё сведчыла, што зараз будзе рыхтавацца ежа.
З будана выбегла лёгенькая чарнявенькая дзяўчына, — мабыць, то была захавальніца агню. Яна вынесла каменьчык. Прысеўшы ля высахлага моху, дзяўчына пачала стукаць каменьчыкамі адзін аб адзін. І раптам здзіўлены Ран ледзьве не падскочыў. З аднаго каменьчыка выскачыў агонь, выскачыў і тут жа схаваўся. Дзяўчына зноўку стукнула каменьчыкамі, — зноўку выскачыў белы агонь і ўхапіўся за высахлы белы мох. Як і Вая, дзяўчына, нахіліўшыся да моху, пачала перадаваць агню свой дух.
Калі б у гэты ясны дзень зверху нечакана пачуўся грукат камення, калі б у гэты час Той, які жыве наверсе, ні з таго ні з сяго пачаў кідаць у людзей белыя дзіды, то і тады Ран здзівіўся б меней..
Адкрытымі неміготкімі вачыма глядзеў ён на дзіўнае відовішча. Гэткімі ж здзіўленымі былі Му і Галу.
Агонь хаваўся не толькі ў дрэве. Агонь хаваўся ў камянях. І гэтыя чужынцы навучыліся вызваляць агонь з каменю.
Вёрткі Му тут жа падскочыў да дзяўчыны і, абмяняўшыся з ёю бліскучым позіркам, упіўся вачыма ў каменьчыкі. Дзяўчына ўсё зразумела — аддала каменьчыкі Му. Му узяў іх у рукі і пачаў пільна разглядаць, верцячы іх з усіх бакоў — шукаў тую маленечкую шчылінку, праз якую выбягаў агонь.
Але такой шчылінкі ён нідзе не знайшоў. Каменьчыкі былі халоднымі. І тады Му са здзіўленнем зноў зірнуў дзяўчыне ў вочы.
О-о, гэтыя маладыя агністыя позіркі! Не трэба ні слоў, ні жэстаў, каб адчуць той агонь нябачны, што прабягае між людзьмі ў маладосці і які яднае іх мацней за ўсякія словы і павучанні. Навошта, навошта лішнія словы маладым людзям?
Дзяўчына ўзяла ў рукі каменьчыкі і зноўку стукнула імі адзін аб адзін. І зноўку паказаўся агонь. Тады Му, прыняўшы з яе рук каменьчыкі, сам асцярожна стукнуў імі. Але ў яго нічога не атрымалася — агонь не паказваўся. Тады Му яшчэ раз, толькі ўжо мацней, стукнуў каменьчыкамі.
Заняты справай, ён так і не заўважыў, як яго шчыльна акружылі людзі. Гледзячы на намаганні Му, яны чамусьці ўсміхаліся.
Нечакана пасля моцнага ўдару з аднаго каменьчыка выскачыў агонь. Выбег і адразу ж схаваўся. Спалоханы Му кінуў на траву каменьчыкі, баючыся, што агонь абпаліць ягоныя пальцы. Тады дзяўчына спакойна падняла з травы каменьчыкі і перадала іх у пальцы Му. І зноўку, знарок ці незнарок, але пальцы іх спляліся, і абое палыхнулі ад таго нябачнага агню, які іх паяднаў.
Упэўніўшыся, што каменьчыкі не гарачыя, Му на гэты раз моцна стукнуў імі — і зноўку паказаўся агонь. І тады Му ад радасці падскочыў. Ён засмяяўся. Ён навучыўся вызваляць з каменьчыкаў агонь. Ён стаў уладаром агню. Цяпер сцюдзёнай парою, калі зямлю накрыюць белыя мятлікі, на паляванні ён у любы міг зможа вызваліць з каменьчыкаў агонь, цяпер яму не трэба будзе насіць з сабою драўляныя палачкі, якія на холадзе ці ў макрэчы не выпускаюць агонь...
Між тым у чорнай ямцы агонь наеўся тоўстых палак, пакінуўшы на ўспамін чырвона-белае вуголле. Дзяўчына вынесла з будана вялікі гліняны збан з вострым донцам. Збан яна паставіла на вуголле і наліла ў яго вады, якую прынесла з будана ў бяроставым кубачку. Пасля гэтага яна паклала ў збан парэзаныя кавалкі мяса. Туды ж палажыла карэньчыкі, сушаныя грыбы, травы. Невялічкімі язычкамі агонь аблізваў гліняны збан. Нечакана са збана паявіўся белы пахкі салодкі парок.
І Ран, і Му, І Галу пакуль нічога не маглі зразумець. У іх родзе ўмелі плясці кошыкі, але такіх збаноў з вострымі донцамі не ўмелі рабіць. Як гэтыя чужынцы навучыліся рабіць збанкі, якія не прапускалі ваду, якія не баяліся агню?..
Читать дальше