Васіль Гігевіч
Атамізацыя
Мы так радыкальна змянілі асяроддзе, што цяпер для таго, каб існаваць у ім, мы павінны змяніць сваю сутнасць.
Норберт Вінэр, заснавальнік кібернетыкі
Змяніўся вобраз жыцця, само разуменне Свету.
Усё пераплялося ў нейкі заблытаны клубок, дзе людскія жарсці, подласць, бескультур’е суседнічаюць з усё больш паскаральным развіццём навукі. Нейкія мала зразумелыя законы кіруюць намі. На першы план выходзіць не пагроза імгненнай пагібелі людзей у выніку ядзернага катаклізму, а верагоднасць яшчэ больш пакутлівага знішчэння ўсяго роду чалавечага.
Н. М. Маісееў, акадэмік РАН
Сучасная аповесць-казка
Як і ўсе вялікія прыгоды, мае пачаліся з сямейнага скандалу.
Вярнуўся з работы, есці хочацца, а мая ненаглядная чарговы серыял глядзіць, адарвацца ад тэлевізара не можа. Я гэтак далікатненька намякаю, што галодны мужчына — горай за афрыканскага льва. А яна — пачакай трошкі, сотую серыю дагледжу і пачну рыхтаваць вячэру. Ну, браточкі мае, шчыра прызнаюся, не вытрымаў, дапяклі гэтыя серыялы, выказаўся, бо цярпеў дагэтуль, маўчаў, як кляты…
Чаго толькі мне не прыпомніла!..
Жанчыны, скажу я вам, гэта такія стварэнні… Калі яна ў настроі, то — усё прабачыць, замест ляманту ў шчочку чмокне і прыгалубіць. Але ж падвярніся не ў час, святым анёлам дамоў прыйдзеш, усё роўна будзеш вінаватым, і тады табе ўжо ўсё прыпомніцца, да апошняга пазалеташняга камара, якога не затоўк, калі вечарам на беразе рэчкі сядзелі.
Можа, усё ладам і скончылася б, ну, палямантавала б трохі і супакоілася. Але ж у той вечар мяне як чорт які пад’юдзіў, калі мая прыгажуня занадта разышлася і пачала залішне мяне бэсціць. Я ёй толькі і сказаў: «Надта ты са мной гаруеш… Ты яшчэ ўспомні, як у мамкі ў Жыціве жыла…»
Жыціва — гэта вёсачка, дзе яна нарадзілася і дзе была надта шчаслівай. Дагэтуль часта мяне, як шылам, калола: «Вось, калі ў мамкі ў Жыціве жыла…»
Божухна, лепш бы я прамаўчаў!
Чаго толькі не наслухаўся ў той надвячорак! Зразумеў, што мая прыгажуня — самая найгаротнейшая з усіх гаротніц, якія толькі былі на свеце. І заставалася мне адзінае — браць вяроўчыну ды намыльваць…
Так і не павячэраў. Ляпнуў дзвярыма і падаўся да сябрука. Надта вялікім сябруком ён мне і не быў, на рыбалцы неяк пазнаёміліся, на гэтым і трымалася наша сяброўства. Селі за стол, гаворку распачалі. А ён, калі яму верыць, быццам бы ў нейкіх органах працаваў. Паглядзеў на мяне пільна і кажа:
— Нешта ты, Базыль, сёння надта ўзвінчаны.
Я пытаю:
— Адкуль ведаеш?
А ён:
— Пальцы ўздрыгваюць.
Што значыць — прафесійная хватка!
Я і «раскалоўся» — пра скандал з жонкай расказаў.
Ён мне:
— Калі твая хлюндра гэтак цябе дапякла, так і быць: раз правучы, каб на ўсё жыццё… Што па дробязях цыркацца… — і замоўк, гледзячы на мяне.
Тут я і «клюнуў» на ягоную вудачку:
— А як зрабіць такое?
Ён:
— Ёсць адно заданне важнае. Кандыдаты патрабуюцца. Гэта — як камандзіровачка будзе, гадкоў на пяць. Тады яна ўведае, пажыўшы без цябе… Пасля, як шаўковая будзе…
Я, канечне, спытаў: «Няўжо сярод вас, разумнікаў, адчаюгаў няма, каб выканаць гэтае важнае заданне?»
— Адчаюгі, можа, і знойдуцца, — адказаў ён, — а разумных, каб выканаць яго, — кот наплакаў. Гэта — па-першае. А па-другое, скажу, што да нас, як і ў мафію, і ў масонства ўваход ёсць, а выхаду няма. А тут надта ўжо сур’ёзнае заданне намячаецца, дэталяў я і сам да канца не ведаю, не казалі мне. Ды і тэсты на кемлівасць — цяжкавата іх прайсці, сыплюцца нашы…
Тады я:
— А з работаю як? А пенсія, калі на тое пайшло?
Ён бліснуў вачыма, ажно павеяла холадам, і:
— Не хвалюйся, не ты першы, не ты апошні… Усё прадумана. Аб’явім, што знік пры невядомых абставінах. Калі захочаш — лістоўкі з фотаздымкамі паўсюль вывесім, прыкметы апішам, нават у Інтэрпол інфармацыю закінем…
— А доказы?
Ён тут жа:
— Легкавік свой дзе ставіш?
— Ля пад’езда. Як і многія. Гараж далекавата, лянуюся…
— Размалоцім ушчэнт. Асфальт ля машыны чырвонай фарбаю выпацкаем. Камар носа не падточыць. Пасля, калі заданне выканаеш, машыну адрамантуем.
— А як жа вы растлумачыце маё паяўленне?
— Аб’явім, што быў без памяці некалькі гадоў. Ты што, газет не чытаеш, тэлевізара не глядзіш? Цяпер такіх нямала: выйшаў чалавек з дому і — не вярнуўся. Потым, годзікаў праз пяць, паяўляецца невядома адкуль. Пачынаюць у яго дапытвацца, а ён — нічагусенькі не помніць. Гэта — горшы варыянт, калі з заданнем не справішся. А ў лепшым — героем будзеш. Рызыка, сам разумееш… Хто не рызыкуе — той не п’е шампанскае. Дык як, згода, па руках?
Читать дальше