Дык вось, якраз тады быў тэрмінова распачаты сакрэтны праект будаўніцтва зоркалёта. Чакаць бяду на Зямлі не было сэнсу, спадзявацца на салодкія рэжысёрскія баечкі таксама няварта, трэ было самім кіраваць да той планеты Дзэта, адкуль сыходзілі сігналы штучнага паходжання. Можна толькі ўявіць, што пачнецца на Зямлі, калі нечысць касмічная на Зямлю наваліцца. Тут ужо ніякія Бэтманы, ніякія супергероі не дапамогуць.
Не буду стамляць доўгім апісаннем міжзорнага падарожжа, балазе, што яго і не памятаю — быў летаргічны сон, які закончыўся, калі зоркалёт наблізіўся да планеты Дзэта, ад якой сыходзілі сігналы штучнага паходжання. Аўтаматызаваная сістэма ў гадзіну Х разбудзіла мяне, я тут жа перабраўся ў пасадачны модуль, які аддзяліўся ад зоркалёта і пачаў зніжацца да паверхні планеты.
Як толькі пасадачны модуль ахутаўся бялюткімі воблакамі, тут жа — ці паверыце? — адкуль ні вазьміся ля модуля паявіліся бліскучыя лятаючыя талеркі. Акружылі мой модуль. Амаль гэтак жа, як матацыклісты ў шлемах акружаюць лімузіны палітычных дзеячаў, што час ад часу з мігалкамі і выццём праносяцца па гарадскіх праспектах. Я і натапырыўся — няўжо ў палон бяруць?
Праз ілюмінатары модуля пачаў узірацца ўніз. Пад задымленымі аблокамі адкрылася мне прыгожая планета, як на далоні паказалася — зялёныя раўніны, высачэзныя горы, на вяршынях якіх бялелі снегавыя шапкі. З гор рэчкі гнуткія ў раўніны сцякалі… У вочы мне кінуліся піраміды, што вяршынямі ў аблоках хаваліся, то там, то сям, па ўсёй планеце яны былі раскіданы. Я кумекаць пачаў: а ці не тут схавана загадка нашых зямных пірамід — як дзве кроплі яны былі падобныя, толькі гэтыя, незямныя, былі нашмат большыя, вяршынямі ў аблоках хаваліся. А на вяршынях тых пірамід меліся аграмаднейшыя кіламетровыя круглыя бліскучыя купалы.
Што гэта былі за купалы, навошта яны былі? Можа, — найперш падумалася, — гэта былі тыя звышмагутныя антэны, якімі ў космас сігналы да нас, на Зямлю маглі перадавацца?..
Ад піраміды да піраміды лятаючыя талеркі насіліся, то нізка над зямлёю іхняй, то восока яны падымаліся. Былі талеркі гэткія ж, як і тыя, што цяпер мой пасадачны модуль акружылі…
На раўнінах паўсюль палі і лясы — былі яны падзеленыя на раўнюсенькія прамакутнічкі. Праз павелічальнае шкло ілюмінатара пачаў я пільней прыглядацца да тых палёў і лясоў. I ўбачыў — не паверыце, — што на палях расце кукуруза, пшаніца каласіцца, а ўсё тое, што за лясы прымаў, было фінікавымі пальмамі, аліўкавымі дрэвамі…
Тады і адкрылася мне таямніца паходжання на Зямлі кукурузы, пшаніцы, лячэбных фінікаў і алівак, бо, як чуў ад вучоных людзей, не маглі ж яны самі па сабе на Зямлі паявіцца — генетыка ў іх іншая, незямная… Як вучоныя казалі, была кукуруза і пшаніца ежаю багоў, што з космасу на Зямлю прыляталі і некалі цёмнае чалавецтва пакрысе адукоўвалі, таемныя веды людзям перадавалі, настолькі важныя і таемныя, што іх толькі жрацы егіпецкія маглі ведаць. Таму пад кіраўніцтвам жрацоў егіпецкіх рабы і змаглі пабудаваць піраміды загадкавыя, сакрэты якіх і па сённяшні дзень ніхто не можа разгадаць. Вось табе і на… Ясненька мне стала, адкуль да нас тыя багі прыляталі калісьці…
Мо нават і таямніца пчолак працавітых, якія калектыўным розумам жывуць, тут хавалася? Ды ці толькі адны пчолкі калектыўным розумам жывуць… А мурашы, якія ў мільённыя калоніі збіраюцца, а птушкі, а звяры, якія нябачнай сувяззю між сабою павязаны і жывуць мірна?
Вось дзе — мне цюкнула — адкрыюцца таямніцы многія, вось чаму мне распіску прапанавалі напісаць…
Па ўсім відаць было, што на гэтай планеце — як ужо казаў, Дзэта называлася — нейкія разумныя істоты сваю дзейнасць вялі. Паўсюль — на раўнінах зялёных, у гарах — аграмаднейшыя кіламетровыя яміны меліся. Адны яміны былі пустыя, а ў другіх машынамі іхняя зямля разрывалася. На стужках канвеерных са дна ямін наверх тая зямля выносілася і тут жа ў закрытыя будыніны падавалася. У будынінах трубы высачэнныя тырчалі, з іх белаваты дым сеяўся. Ад пірамід высачэнных гладзенькія і роўненькія дарогі разбягаліся ва ўсе бакі, па іх машыны бегалі… Пільней прыгледзеўся я і падзівіўся: разумненькія былі тыя незямныя істоты, бо машыны іхнія не проста так па дарогах бегалі, ад пірамід яны бесперастанку вывозілі да пустых ямін штосьці. Мабыць, мне падумалася, туды яны скідвалі адыходы дзейнасці сваёй. Смецце яны скідвалі,— што тут казаць… У нас дык яго скідваюць за гарадамі ў горы высачэнныя, а яны, бач, разумненькія, у яміны скідвалі…
Читать дальше