І яшчэ далей у бездань апраметную адносіла Рана немаведамая сіла, і там, як на Тым свеце, ён пачаў упэўнівацца, што вочы Таго ўсемагутнага нагадваюць ліст. ...Кляновы ліст, у якім выразна бачыліся пражылкі, злепленыя з блісчастых ліній-вачэй, з маленькімі ледзь бачнымі кропелькамі-вочкамі на яго гнуткіх краях. І яшчэ адзін ліст убачыў Ран, і яшчэ...
Далей аднесла хлопца немаведамая сіла.
І тады ён угледзеў, што гэтыя бліскучыя кляновыя лісты знаходзяцца на агромністым дрэве, якое ўсё выразней і выразней вымалёўвалася ў бяздоннай чарнечы. Як быццам Той усемагутны, які жыў наверсе, і быў гэтым дрэвам, запоўненым бясконцымі бліскучымі вачыма: з доўгімі каранямі, апушчанымі ў бясконцую і жахлівую чарнечу, з пышнай галіністай кронаю, дзе вымалёўвалася лісце. На тым дрэве сярод лісця ўгледзеў Ран згушчэнні вачэй Таго ўсемагутнага, — яны былі раскіданы паўсюль у агромністай кроне, тыя згушчэнні ўвесь час віравалі, як віруе вада ў Пры, пераліваліся яркімі вясёлкавымі фарбамі, нагадвалі кветкі, якія то распускаліся, то згортваліся...
Як гэта часта бывае ў снах, Ран чамусьці ведаў, што з тых карэнняў, апушчаных у чарнечу, па ствале дрэва да лісця і кветак увесь час струменіць штосьці нябачнае, але жывое і гаючае, як сок у дрэвах. Толькі тое жывое і гаючае не было сокам, а чымсьці іншым, назвы чаму Ран не ведаў, ведаў толькі, што яно нябачнае жывое і гаючае ўвесь час жывіла лісце на дрэве, кветкі, само карэністае дрэва...
Бачыў Ран, як час ад часу з дрэва ападалі асобныя лісты. Яны, пакалыхваючыся, з агністым бляскам апускаліся ўсё ніжэй і ніжэй да каранёў і там, на зямлі, распадаліся, знікалі ў загадкавай чарнечы. Гэтаксама, як і лісты, падалі ўніз кветкі, распырскваючы вакол сябе каляровае ззянне.
Як яны распадаліся, куды бясследна знікалі загадкавыя бліскучыя вочы Таго ўсемагутнага?..
А ў гэты ж час на дрэве паяўляліся новыя лісты, распускаліся новыя кветкі...
І само квяцістае дрэва, і лісце, што ўвесь час варушылася пад нябачнымі вятрамі, і кветкі — было такім агромністым і бяздонна-прыгожым, што Рану захацелася закрычаць ад радасці і захаплення, як гэта часта бывае з чалавекам, калі ён страчаецца з нечым надта ўражлівым і прыгожым. Гледзячы на дрэва, Ран пачуў мелодыю, — яна гучала паўсюль, хвалямі пранізвала яго. І ён чамусьці ведаў, што зыходзіць гэта мелодыя адтуль, ад дрэва, ад бясконцых вачэй Таго ўсемагутнага.
...Быццам род Рана сядзеў ля начнога вогнішча і напяваў штосьці, — розныя галасы пачуў Ран — і прыглушаныя глухаватыя мужчынскія, і званчэйшыя жаночыя, і нават дзіцячыя — і ўсе яны былі напоўнены і смуткам і радасцю, спалучаліся ў дзіўную нячутую прыгожую рытмічную мелодыю, ад якой Рану хацелася плакаць і плакаць. Ён быццам бы страціў штосьці надта дарагое, гэткае дарагое, як Мая, і вось толькі цяпер, пачуўшы дзіўную мелодыю, зразумеў, што страціў... [5]
Ад убачанага і пачутага веяла суладдзем, спакоем і веліччу. Ран адчуў сваю мізэрнасць перад галіністым дрэвам і ў той жа час ведаў, што праз гэтую мелодыю навек знітаваны з дрэвам.
Яму захацелася ўведаць таямніцу вечназялёнага дрэва, якое напаўнялася тым цёмным і загадкавым, што ўвесь час падымалася ад каранёў да лісця.
І яшчэ, як гэта часта бывае ў снах, Ран чамусьці ведаў, што гэтае дрэва не ёсць Той усемагутны, — ён якраз і стварыў гэтае дзіўнае дрэва... [6]
З заплаканымі вачыма Ран і ачомаўся. Азірнуўся вакол. Адчуў, як частачаста тахкае сэрца. Дзіўная мелодыя ўсё яшчэ гучала і гучала ў ім, — бы вершаліны сосен шумелі пад парывамі мяккага ветру: шш-шууу, шш-шшу... І час ад часу сярод гэтага рытмічнага шуму звонка і радасна, як птушыныя посвісты, прабіваліся дзіцячыя галасы, а ўслед чуліся тужлівыя і працяжныя жаночыя... Гэтая мелодыя была такая магутная і ўсясільная, што, здавалася, гайдала ўсяго Рана.
Агонь амаль схаваўся ў чорным вуголлі. Му і Галу спалі.
Трызненне было такім яркім, што Ран рукою працёр вочы. Адчуваннямі поўнілася цела, — і захапленне, і слодыч перапаўнялі Рана.
Бываюць яркія сны, якія чалавеку доўга помняцца. Здараецца, у сне ён бачыць штосьці незвычайнае, што надта ўражвае: ці то — дзіўныя агромністыя, як воблакі, збудаванні ціха плывуць і плывуць над ягонай галавою, і ў тых збудаваннях бачыць людзей, якія звысоку махаюць рукамі, ці то — зялёныя лугі, усеяныя агромністымі яркімі кветкамі. Пры гэтым ён нават чуе, як пахнуць кветкі, там ён страчаецца з прыгожымі людзьмі, якія гавораць яму ласкавыя словы і тады, прачнуўшыся, чалавек днямі ходзіць суцішаны, усміхаецца сам сабе, баіцца распляскаць у сабе пачуццё шчасця, недаступнае яму белым днём.
Читать дальше