Як і звычайна падчас палявання людзей прабіралі дрыжыкі, бо яны кожны міг адчувалі тую няўлоўную жахлівую мяжу, апынуўшыся за якой, не маглі вярнуцца назад...
Папрасіўшы ў вепра прабачэння за тое, што яны забілі яго, паляўнічыя пачалі рыхтавацца да вячэры.
Усяго вепра яны не маглі падняць і аднесці на сухое месца. Але заставацца ў балоце паляўнічыя таксама не маглі, — куслівыя камары ўжо цяпер з дзумканнем віліся над іх мокрымі ад поту целамі.
Сонца схавалася.
Узяўшы лепшыя і смачнейшыя кавалкі мяса, паляўнічыя пайшлі назад, на ўзвышша, дзе раслі сосны і елкі.
Яны не шкадавалі пакінутага мяса, — ведалі, што яно не прападзе. Ужо ноччу, бліскаючы белымі агністымі вачыма, да мяса прыбягуць згаладалыя ваўкі, якія тонкім нюхам учуюць спажыву. Следам за імі паявяцца рыжыя хітрыя лісіцы, якія, кружачы ля ваўкоў, будуць цярпліва чакаць пачастунку. Але ўсіх можа адагнаць мядзведзь, — валюхаючыся з задніх ног на пярэднія, ён, унюхаўшы салодкі пах свежага мяса, прыбяжыць здалёку і рашуча адгоніць ад ежы і ваўкоў, і лісіц. Толькі ён ніяк не зможа адагнаць ад спажывы мурашоў і казюрак, якім гэтаксама захочацца паласавацца. А раніцаю да белых костак з хрыплаватым карканнем злятуцца шэрыя вароны. Яны тут жа пачнуць выдзёўбваць кавалачкі мяса з костак і, падскокваючы, налятаючы адна на адну, будуць крыкліва сварыцца між сабою. І трашчотка-сарока заявіцца тут, — гаротніца, засакоча, зачачэкае, што спазнілася: «Чачэ-чачэ.... Чачэ-чачэ...»
І ўсе яны — і звяры, і птушкі, і мурашы — будуць удзячныя адважным паляўнічым за салодкую спажыву. Нічога тут, на зямлі, не знікала і не прападала, бо Той, які жыў наверсе і які назіраў за парадкам, пра ўсіх аднолькава клапаціўся і ўсіх пароўну апекаваў.
Яшчэ нядаўна чыстае неба, усеянае рэдкімі аблачынамі, цяпер усё больш і больш гусцела, наліваючыся сінечаю. Вось-вось павінны былі паказацца вочы Таго ўсемагутнага, які жыў наверсе. Унізе між дрэвамі было ўжо зусім змрочна, і таму Ран наважыўся вызваліць з палачак агонь, які, як і заўсёды, мог суцішыць, абагрэць, абсушыць і развесяліць людзей.
Пад высокай разлапістай елкаю было суха, як у будане. Тут паляўнічыя вырашылі начаваць.
Ран усё зрабіў, як вучыла Вая: цёр палачкі адна аб адну, асцярожна перадаваў жарынкам свой дух. Нарэшце агонь ухапіўся за сухі мох, пераскочыў на ігліцу і, паядаючы яе, адразу ж пачаў радасна патрэскваць: трэсь-трэсь, трэсь-трэсь...
Крэмневым скрабком паляўнічыя нарэзалі невялікія кавалачкі мяса і, насадзіўшы іх на бярозавыя пруткі, падсунулі агню новую спажыву. Агонь сквапна аблізваў мяса. Калі ж яно пачынала шыпець і сквірчэць, паляўнічыя хавалі яго ад агню.
Яны елі мяккае салодкае мяса і, як гэта часта бывае пасля перажытых прыгод, гучна смяяліся. Цяпер многае з таго, што нядаўна было жахлівым, здавалася смешным. І той жа мамант, які нядаўна ледзьве не раздушыў іх сваім гнуткім носам, цяпер быў смешны — чамусьці паляўнічых смяшыў кароткі валасаты хвост, яны часта ўспаміналі тыя імгненні, калі звер, падцяўшы яго, хістаючыся, ішоў ад іх да лесу. І той жа вепр здаваўся смешным, калі ні пра што не думаючы, у злосці сваёй спадзяваўся лёгка загубіць чалавека і зусім не заўважыў дзіды...
Кожны паляўнічы, калі весела смяяўся, адчуваў сябе ўладаром нечага. І не навакольнага свету, не ўладаром звяроў, — не, людзі цяпер уладарылі над нечым іншым, імі да канца не спазнаным і не асэнсаваным...
Удосталь насмяяўшыся, Му і Галу хутка заснулі. Ран пачаў глядзець у вочы Таго, які жыў наверсе.
Зусім сцямнела. Як часта бывае з людзьмі ў цемені, цела Рана поўнілася незразумелай сцішанасцю.
Кугукнула ўдалечыні нябачная сава. Асветлены агнём, блізка ля елкі матлянуў у паветры кажан, і дзіўна было, як мог ён у цемры ўсё бачыць. У траве ля елкі хтосьці з шамаценнем прабег.
Мо гэта быў вожык?
А мо — мыш уцякала ад задушлівай гадзюкі?
А мо гэта ён паявіўся, — выскачыў з любімага топкага балота і з шорганнем, ломячы вецце на кустах і дрэвах, прымчаўся і цяпер пільнымі круглымі чырвонымі вочкамі ўзіраўся, хто ж гэта асмеліўся паявіцца ля ягоных уладанняў? У цемры яго цяжка разгледзець, але Ран, як і людзі ўсяго роду, ведаў, які ён: сярэдняга росту, увесь пакрыты чорнай густой поўсцю, ён бегае па зямлі на тонкіх, як у казы, ножках, у яго ёсць калматы доўгі хвост, невялічкія, але затое чэпкія кіпцюрастыя пальцы на тонкіх ручках. Галава ягоная як у казы, з вострымі белымі рожкамі над вушкамі, а нос — як у вепра.
Читать дальше