Трэба было ці вяртацца назад, да берага Пры, ці рушыць наперад цераз балота, за якім віднеўся высокі пагорак.
Пры аббягала балота, тут яна рабіла вялікі паварот і, калі б паляўнічыя ішлі ўвесь час берагам, то страцілі б цэлы дзень, каб дабрацца да цяпер недалёкага пагорка.
У балацявіне сцежкі разбягаліся, знікалі зусім. Ран угледзеў сляды, дзенідзе пад кустамі і ля дрэў былі выкапаны неглыбокія ямкі. Тут хадзілі вепры. Ран ведаў, што вепры надта любяць балоцістыя мясціны, тут яны маглі знайсці арэхі, карэнне, розных жукоў і чарвякоў, тут было шмат смачнай травы, і яшчэ дзікі маглі ўдосталь паваляцца ў чорнай мяккай зямлі, дзе былі іх лежбішчы і дзе іх ніхто не чапаў.
Жэстам рукі Ран паказаў сябрам, каб ішлі як мага цішэй, — не трашчалі голлем, не ламалі галіны кустоў. Ран ведаў ад старых паляўнічых, што ў такіх глухіх мясцінах можа блэндаць шарсцісты злы насарог. Хоць гэты звер дрэнна бачыў, але ў яго добры нюх. Калі насарог чуў чужы пах, то, выставіўшы перад сабою жахлівы востры, як крэмень, рог, ломячы кусты як траву, не зважаючы ні на што, нёсся наперад. У тыя імгненні яму было абыякава, хто перад ім, вепр ці мядзведзь, сваім вострым рогам ён мог парваць любога звера.
Нечакана Ран наткнуўся на чорную ямку і ў ёй убачыў сям’ю вепраў: з хібам на спіне шэрага вепра, вяпрыху і маленькіх паласатых жвавых вепручкоў. Мабыць, дзікі не чакалі, што іх нехта асмеліцца патрывожыць.
Учуўшы чужы пах, вепр з рохканнем вылез з лежбішча. Следам за ім падалася і вяпрыха з вывадкам.
Дзік і не думаў уцякаць. Тут ён нікога не баяўся, — моцным лычом, вострымі ікламі ён не толькі рыў зямлю пад дрэвамі, ён мог парваць каго заўгодна, нават мядзведзь саступаў яму дарогу.
Рохкаючы, вепр нацэліў лыч на Рана. «Рух-рух, рух-рух!» — папярэдзіў ён, каб людзі ўцякалі. Нерухомымі злымі вочкамі дзік упіўся ў Рана. І яшчэ, чаго хлопец дагэтуль не бачыў зблізку — белыя іклы, якія надта ўразілі сваёй вастрынёй.
Трэба было ці ўцякаць, як хлопцы нядаўна ўцякалі ад маманта, ці ўступаць у бойку, якая невядома чым магла скончыцца. Але як было заваліць гэтага злога звера?
Ран успомніў, як некалі Сын мядзведзя хваліўся перад паляўнічымі. Мядзведзь, стаўшы на заднія лапы, аказаўся вышэйшы за яго. Перавальваючыся з нагі на нагу, звер пайшоў на чалавека. І тады, калі здавалася, што не было ніякага паратунку, убачыўшы перад сабою чырвоную шырока разяўленую зяпу з вострымі зубамі, адчуўшы смярдзючы пах, угледзеўшы блізка ад сябе пярэднія лапішчы, што цягнуліся да галавы паляўнічага, — а мядзведзь, як усім паляўнічым вядома, найперш імкнецца вырваць у чалавека вочы, позірку якіх ён чамусьці баіцца — Сын мядзведзя ўпаў на зямлю. У апошняе імгненне ён выставіў перад сабою вострую дубовую рагаціну. Ачмурэлы ад злосці звер кінуўся на чалавека і адразу ж, наткнуўшыся на рагаціну, сам сябе і загубіў. Некаторыя паляўнічыя, якія бачылі яго сутычку са зверам, казалі, што падаў на зямлю Сын мядзведзя найперш ад жаху і адчаю, і рагаціну ён выставіў выпадкова... Так гэта, ці не, — цяпер было няважна...
Прысеўшы на зямлю, паклаўшы на траву побач з сабою вострую дзіду, Ран чакаў, калі ж вепр кінецца на яго.
Рохнуўшы апошні раз, дзік панёсся на Рана. Калі ўжо, здавалася, адно імгненне, і вепр вострымі ікламі лёгка перакіне цераз спіну белую слабую двухногую істоту, Ран хутка падняў з травы схаваную дзіду і крэмневым канцом нацэліў яе пад лапатку звера, — туды, дзе было сэрца... Другі канец дзіды Ран уваткнуў у зямлю, бо ведаў — сам ніяк не здолее ўтрымаць дзіду, калі на яе наткнецца магутны вепр. З разбегу, нічога не ўцяміўшы, вепр наляцеў на крэмневы канец дзіды. Раз’юшаны, гатовы вось-вось разарваць на шматкі белую істоту, вепр нават прыўзняўся на заднія ногі і гэтым самым яшчэ глыбей загнаў у цела крэмневы канец дзіды. І толькі адчуўшы пякучы боль, які пранізаў цела, вепр пра ўсё здагадаўся, ды, як гэта часта бывае, здагадка ягоная была позняй... Ён заваліўся на бок і, спрабуючы вызваліцца ад пякучага болю, заторгаў нагамі...
— Біце яго... Біце па галаве! — закрычаў Ран сябрам.
Тыя падскочылі да вепра. Удары пасыпаліся на яго — дубінаю, каменнай сякерай.
Вяпрыха, угледзеўшы пабоішча, тут жа павярнулася і панеслася ўглыб балота. Следам за ёю шухнулі паласатыя вепручкі.
Ран выцягнуў дзіду з цела звера і зноўку ўваткнуў яе ў тое ж самае месца. Ад бывалых паляўнічых Ран ведаў, што вепр надта жывучы, здараліся выпадкі, калі, здавалася, забіты звер нечакана ўскокваў на ногі і, скалечыўшы паляўнічых, уцякаў ад іх.
Читать дальше