Спыніліся і паляўнічыя, не ведаючы, што рабіць.
Толькі бацька Рана не спыніў пагоні, ён ведаў — калі заваліць Галоўнага зубра, тады статак разгубіцца і пад крыкі паляўнічых пабяжыць да абрыву.
Наблізіўшыся да галавы Галоўнага зубра, бацька Рана з усяе сілы кінуў дзіду ў магутнае тулава. Ён цэліў трапіць дзідаю пад пярэднюю лапатку, туды, дзе пульсавала вялікае сэрца, ганяючы кроў па тулаве звера. Магчыма, бацька Рана і параніў бы моцна зубра, ды той у апошняе імгненне апусціў уніз галаву са злямчанай сівой барадою і магутным чэрапам захаваў сабе жыццё. Крэмень дзіды трапіў не ў тулава, а між рагоў, у тоўстую моцную костку. Слізгануўшы па ёй, не нарабіўшы зубру асаблівай шкоды, дзіда зламалася і ўпала на зямлю, дзе ляжалі белыя мятлікі.
Бацька Рана застаўся адзін на адзін з раз’ятраным Галоўным зубрам. Усе паляўнічыя ведаюць, што няма ў лесе больш страшнага звера, чым паранены зубр. Мыкнуўшы, успароўшы пярэднімі нагамі белых мятлікаў, Галоўны зубр кінуўся на бацьку Рана.
У апошняе імгненне бацька Рана не разгубіўся, схаваўся за бліжэйшую маладую танкастволую елку. Раз’ятраны зубр, падчапіўшы рагамі елку, з карэннем вырваў яе з падмерзлай зямлі і разам з бацькам Рана перакінуў цераз спіну. Затым звер, не азірнуўшыся на скалечанае цела чалавека, тут жа панёсся на астатніх паляўнічых. Следам за Галоўным зубрам з грукатам, аж дрыжала скалелая зямля, кінуўся ўвесь статак.
Паляўнічыя пачалі хавацца за тоўстымі камлістымі дрэвамі, і толькі гэта іх уратавала.
Праз імгненне, калі яны апамяталіся, зубры ўжо зніклі, пакінуўшы пасля сябе белы дым ад мятлікаў. Людзі падбеглі да бацькі Рана. Туды ж, да нерухомага бацькі, падбег і Ран. Угледзеўшы акрываўленыя рэбры, белыя косткі, што выторкваліся з чырвонага мяса, Ран закамянеў і нічога не мог сказаць. Нерухомымі вачыма ён глядзеў на бацьку. Рану стала чагосьці боязна, — так боязна, як яму ніколі яшчэ не было. Рукі і ногі, усё цела прабіралі дрыжыкі. Толькі што, зусім нядаўна, бацька быў побач, мог крычаць і сварыцца на яго, свайго сына, і вось цяпер ён нерухомы...
Вопытны Рун, адразу ж усё зразумеўшы, нахіліўся да галавы бацькі Рана, каб пачуць ягоныя словы.
І ён пачуў:
— Рун, мы з табою разам вучыліся ў Пры плаваць, разам палявалі на звера, у адно лета мы сустрэлі сваіх жонак, у адно лета ў нас паявіліся дзеці. Цяпер, калі я пакідаю гэты свет, прашу цябе — памажы Рану стаць сапраўдным паляўнічым, глядзі, каб яго не крыўдзілі старыя паляўнічыя. Бо несправядлівая крыўда калечыць чалавека болей за ўсё, і, калі боль ад несправядлівых удараў паляўнічых забудзецца, то крыўда ад несправядлівасці застаецца на ўсё жыццё, скалечаным тады становіцца чалавек, сам таго не разумеючы. Прашу цябе, як старэйшыну роду, якому дадзена ўлада — як ні цяжка табе будзе, але не крыўдзі нявінных: ні Рана, ні іншых людзей... Запамятай, Рун, кроў і слёзы нявінных заўсягды адпомсцяць за сябе...
— Абяцаю табе — ён будзе сапраўдным паляўнічым, — прашаптаў Рун. — Я запомню твае словы...
Тады бацька Рана, уцягнуўшы ў апошні раз халаднаватае, настоенае на жыцці паветра, назусім заплюшчыў вочы.
Пахавалі яго на высокім абрывістым беразе Пры, адкуль далёка ўсё бачылася, — і гнуткая шырокая спіна ракі, прыхаваная з берагоў кустамі і дрэвамі, пакрытая зверху льдамі і белым і мятлікамі, і бялюткія ад мятлікаў зарэчныя ціхія лугі, і далёкія, у палец, палоскі блакітных лясоў, якія сутыкаліся з шэрым захмараным небам, дзе вісела чырвонае халоднае Сонца.
У магілу, выкапаную крэмневымі скрабкамі, палажылі ўсё неабходнае, каб Там бацька Рана мог жыць: дзіду, каменную сякеру, крэмневыя скрабкі і нават невялічкі кубачак з бяросты — для таго, каб ён змог напіцца з падземных гаючых водаў Пры. Затым у зямлю асцярожна палажылі бацьку Рана, — укрылі яго скураю аленя, бо Там было холадна.
І хоць сын ведаў, што калісьці сустрэне бацьку, але дзіўна: у апошні міг, калі паляўнічыя пачалі закідваць яго цела мерзлай зямлёю, Ран нечакана для сябе заплакаў. Дагэтуль ён ні разу не плакаў. Пачуццё страты было такім моцным, што ў яго задрыжалі вусны. І тут жа першыя ў жыцці пачуцці адзіноты і безабароннасці апяклі яго. Дагэтуль, калі бацька быў жывы, Ран адчуваў, што ў любы міг, і днём і ноччу, ён схаваны ад усялякіх бед і непрыемнасцей, бо ў яго ёсць БАЦЬКА, які самы дужэйшы, які ўсё ведае і ўсё ўмее. Ён, БАЦЬКА, быў як тая нябачная сцяна, за якой Рану было спакойна і лёгка жыць. І вось цяпер тая нябачная сцяна абвалілася, і сын разгубіўся перад тым, што яму адкрылася, бо цяпер усё, што ён бачыў, чуў, успрымалася іначай...
Читать дальше