Жанчына давала жыццё, і таму яна кіравала родам: вырашала, калі мяняць стаянку, мірыла сварлівых маладых жанчын, яна нават магла выбраць сабе мужа. І хоць падчас палявання людзьмі камандаваў вопытны паляўнічы, але на стаянцы звычайна верхаводзіла жанчына.
Калісьці на сходзе роду жонка Руна сама адмовілася ад старшынства. Тады ж яна і папрасіла, каб старэйшынай абралі яе мужа, умелага, дужага паляўнічага. Людзі паслухаліся яе, і з таго часу не шкадавалі, што старэйшынаю роду стаў мужчына.
Мудрая жонка Руна ніколі на сходзе не падавала лішняга голасу, але мала хто ведаў, што кожны раз перад тым, як прымаць важнае рашэнне, старэйшына Рун раіўся з ёю і, як ведаў род, рашэнне тое было мудрым і справядлівым.
І на гэты раз Рун вывеў з будана жонку і, адвёўшы яе ўбок, дзе людзі не маглі пачуць іх гаворкі, сказаў:
— Нам трэба штосьці рабіць з Ранам. Вось ужо каторы раз ён самавольна бярэ дзіду і ідзе на паляванне. Ён становіцца непасляхмяным. Гледзячы на яго, гэткімі ж непаслухмянымі становяцца ягоныя сябры. Ён забывае, што ў адзіночку ніхто з нас не выжыве. І таму паляваць на звера мы павінны ўсе разам.
— Рун, няўжо ты не разумееш, што Ран становіцца сапраўдным паляўнічым? Яму шмат зім, — адказала жонка. — Ён такога ж узросту, як і наша Мая. Ран марыць мець сваю сям’ю. Мы ўжо старыя, Рун, і часта не адчуваем таго, што адчуваюць нашы дзеці. Мы думаем, што яны, нашы дзеці, увесь час павінны заставацца дзецьмі. А гэта няпраўда, у іх павінна быць сваё жыццё, і калі мы будзем да старасці апекаваць іх, то скалечым, яны так і не стануць дарослымі. Ты нават не думаеш, што Мая павінна мець сваю сям’ю.
— Ты хочаш сказаць, што наша Мая гэтай зімою будзе мець сям’ю?
— Так, — сказала жонка Руна. — І я нават зараз скажу табе, хто будзе яе мужам — асілак Сын мядзведзя. Я бачу, як ён настырна пазірае на Маю. Пасля таго, як у лесе ваўкі загрызлі ягоную жонку, Сын мядзведзя не зводзіць вачэй з Маі.
— Але ж з яе не зводзіць вачэй і Ран.
—Так. І гэта я таксама бачу. Але ён яшчэ наіўны малады паляўнічы, па сіле не раўня асілку Сыну мядзведзя. Я прадчуваю, што ў любы міг можа здарыцца бяда: Ран і Сын мядзведзя сутыкнуцца між сабою ў лесе адзін на адзін і тады ў родзе не стане аднаго паляўнічага. Нам трэба як мага хутчэй на сходзе прымаць рашэнне. Як самы дужы паляўнічы, Сын мядзведзя захоча ўзяць у жонкі нашу Маю, адмовіць яму мы ніяк не можам.
— Але што нам сказаць Рану? Я не ведаю, што ён можа зрабіць, калі мы аддадзім сваю дачку Сыну мядзведзя. Перад тым, як выправіцца на Той свет, бацька Рана прасіў мяне, каб я апекаваў ягонага сына. І я апякую яго, — бараню ад Сына мядзведзя, вучу на паляванні кідаць дзіды. Хоць ён яшчэ і малады паляўнічы, але ўжо цяпер удала палюе на звера, і гэткі ж адважны, як і старыя паляўнічыя. Мне здаецца, што Ран і Мая кахаюць адно аднаго. Калі мы аддадзім яе Сыну мядзведзя, то зробім гора абоім, — і Маі, і Рану.
— Іх каханне бачыш не толькі ты. Яго бачыць увесь род, — сказала жонка Руна. — Каханне не схаваеш ад вачэй людскіх...
У час гэтай размовы ваўчок, які, павільваючы хвастом, круціўся ля ног Маі, заекатаў і кінуўся па сцежцы між кустоў туды, дзе цякла Пры. Па тым, як екатаў ваўчок, людзі здагадаліся, што якоча ён не са злосці.
Так і сталася.
Першым з кустоў выбег ваўчок. Ён радасна павільваў хвосцікам. Ваўчок, адчуваў сябе ўладаром, бо вёў за сабою маладых паляўнічых. Першымі паказаліся Ран і Галу. Між імі на дрэўку дзіды вісела шырачэнная пляскатая галава сома. Му ішоў апошні — прыпадымаючы над травою чорны хвост.
Такой вялікай рыбы ў Пры ніхто дагэтуль не лавіў. Лавілі шырокіх пляскатых, з ружаватымі бакамі, ляшчоў. Лавілі па вясне ахмялелых ад кахання шчупакоў — білі іх рыбацкімі дзідамі. Халоднай парою, калі на рацэ паяўляўся першы празрысты лёд, ля берага білі па лёдзе драўлянымі балдавешкамі, аглушаючы рыбу і, праламаўшы лёд, рукамі вымалі яе з вады, ільдзіністахалодную. Цёплай сонечнай парою ў старыцах, каламуцячы ваду, плеценымі без донца кошыкамі накрывалі лянівых карасёў, лінёў, плотак з чырвонымі плаўнікамі — плоткі надта любілі смактаць сок травы, ад чаго тая ўвесь час варушылася. У карчах, пад карэннем прыбярэжных кустоў, у глыбокіх берагавых норах падчас спёкі рукамі выцягвалі сонную разамлелую рыбу, не зважаючы на нечаканыя і балючыя ўкусы кляшністых ракаў. Шмат рыбы лавілі людзі, але такога вялікага сома яшчэ ніхто не мог злавіць, нават многія старыя паляўнічыя. Што да дзяцей — тыя проста закамянелі, не зводзячы нерухомых вочак з дзіўнага відовішча.
Читать дальше