Хоць і быў ужо надвячорак, — тая пара, калі распальвалася ў цэнтры стаянкі вогнішча і дзяцей ад таго вогнішча ніхто ніякай сілаю не мог адагнаць, на гэты раз малыя, забыўшыся пра агонь і будучае смакоцце, без ніякай каманды пырснулі ад Бабуна і панесліся да Пры, дзе старанна мыліся і белым рачным пяском шаравалі свае чорныя пяты. Болей за ўсіх дзяцей стараўся прыціхлы Хлюндрын сын...
Людзі толькі дзівіліся таму парадку і чысціні, якія назаўтра былі на стаянцы. Вечарамі дзеці чамусьці старанна аглядалі адно ў аднаго пяты, а днём пільнымі хуткімі вочкамі так і шнырылі па стаянцы, шукаючы ўсялякае смецце...
Сямейка вожыкаў, якая доўгі час жыла на стаянцы, бо тут ёй хапала і мышэй, і чарвякоў, і казюрак, якая спадзявалася тут выгадаваць сваіх дзетак, схуднелая ў трэсачку, пасунулася ў лес, ледзьве перастаўляючы аслабелыя тонкія ножкі...
Сонца адарвалася ад вяршынь сосен і белым яркім святлом заліло стаянку. З буданоў выходзілі людзі. Жанчыны ішлі да будана, дзе хаваліся грыбы, ягады, ядомыя карэнні — усё, што трэба было высушыць і што рыхтавалася на халодную пару. Там жа, у будане, хавалася высушынае лісце кустоў, розныя травы, лушчаныя арэхі, гронкі чырвонай рабіны, каліны, маленькія яблыкі.... Там заўсёды востра пахла нечым смачным, але ўсе пахі перабіваў гаркаваты пах палыну, якога надта не любілі мышы і іншая шкодная драбяза.
Паляўнічыя аглядалі дзіды і дубіны. Сёння яны збіраліся ісці ў лес, — у той бок, дзе з вечара чуўся рык мядзведзя. Усе ведалі, чаго роў мядзведзь, нават малыя дзеці, яны торкалі пальчыкамі ў свае галоўкі і казалі: «Дурны мядзведзь робіць сабе тум-тум...» І смяяліся весела.
Там, у лесе, на высокай сасне мелася дупло, у якім жылі працаўніцы пчолкі. Людзі даўно агледзелі яго і бераглі як зрэнку вока, бо пчолкі давалі ім мёд, белы воск, які хаваў у сабе бяздымны агонь, і людзі бераглі пчолак ад настырнага мядзведзя, — той, апроч маліны, надта любіў салодкія соты.
На тую высокую сасну даўным-даўно лазовымі моцнымі лыкамі людзі ўсцягнулі таўшчэзную дубовую балдавешку. Яе яны падвесілі перад самым дуплом, — якраз у тым месцы, дзе з раніцы да вечара гудзелі і лёталі пчолкі, прыносячы на лапках у дупло кветкавую слодыч. І вось з таго часу ў лесе калінікалі чуўся роў мядзведзя.
Ускараскаўшыся па гладкім ствале сасны да самага дупла, мядзведзь лапаю спрабаваў залезці ўсярэдзіну, дзе былі жаданыя пахкія соты. Ды тут незразумела адкуль перад мордаю мядзведзя паяўлялася балдавешка. Лапаю мядзведзь адкідваў яе ўбок. Зыбнуўшыся ў паветры, балдавешка вярталася назад і стукала звера па мордзе. Ён зноў адпіхваў ад сябе балдавешку, але ўсё паўтаралася: палена балюча біла па мордзе.
Забыўшыся на салодкія соты, мядзведзь распачынаў бойку з настырнай балдавешкаю. Бойка кожны раз заканчвалася адным і тым жа: збіты да крыві, абкусаны злымі пчолкамі, так і не паспытаўшы мёду, касалапы з грукатам падаў з высокай сасны і пачынаў раўсці ад болю і роспачы.
Паляўнічыя, пачуўшы яго роў, збіраліся ісці да дупла, бо ведалі — мядзведзь проста так ад дупла не адступіцца, і дубінамі, дзідамі ў яго трэба надоўга адбіць ахвоту ласавацца мёдам.
Між людзей круціўся ваўчок — любімец Маі. Неяк паляўнічыя прынеслі з лесу маленечкага, з далоньку, ваўчка. Мая пачала яго карміць. Як ні дзіўна, ён прывык да людзей і цяпер не думаў уцякаць у лес, ягонае звонкае екатанне часта разносілася па стаянцы, весяліла не толькі дзяцей, але і дарослых. Асабліва звонкім яно было, калі ваўчок бачыў калючага вожыка ці шумных вераб’ёў — кідаўся за імі і нікога не мог злавіць: вераб’і з шумам пырхалі ўгору, а калючык выстаўляў вострыя іголкі і злосна чмыхаў. Пару разоў ваўчок тыцнуўся носам у тыя іголкі, і болей у яго не паяўлялася ахвоты чапаць вожыка. Ён быў яшчэ нявопытны.
Убачыўшы, што ў будане няма трох маладых паляўнічых, што разам з імі знікла моцная дзіда, старэйшына Рун раззлаваўся. Ён усё зразумеў. Мабыць, маладыя супляменнікі агледзелі ў балоце лежбішча вяпроў і вырашылі даказаць роду, што яны ўжо — сапраўдныя паляўнічыя.
Маладосць, нявопытная маладосць!..
Яны не думаюць, што могуць скалечыцца, што могуць зламаць дзіду і згубіць дарагі крэмень.
А ва ўсім вінаваты Ран. Ён хоча як мага хутчэй стаць паляўнічым. І на тое ў яго мелася прычына. Бачыў вопытны Рун, як часта пазірае Ран на Маю, як чырванее, калі яна праходзіць ля яго.
Мімаволі старэйшына ўспамінаў сваю маладосць, — тады ён гэтаксама саромеўся сваёй цяперашняй жонкі, сваёй мудрай дарадцы, слова якой было важным для ўсяго роду.
Читать дальше