Ён пайшоў у хату, склаў рукапіс, перавязаў яго тасьмаю, як і было, і вынес Ніне Кірылаўне.
— Прыемна, калі ўсё добра, а тут... — Янка запнуўся, падумаў і сказаў: — Шкада, што яны патрацілі гэтулькі часу, а вынік, можа, і нулявы. Пісаць не так проста, як здаецца збоку. Галоўнае — пісаць трэба добра, а гэта надта цяжка.
— А што значыць добра? — спыталася Ніна Кірылаўна.
— Як вам сказаць? Каб вас прызнал за прафесіянала, каб вашы рукапісы прымалі і выдавалі. Толькі ў такім разе вы можаце лічыць сабе літаратарам. А сказаць сабе: я стану пісьменнікам, што тут такога? Гэтага мала! Трэба даказаць сваімі творамі, што ты пісьменнік. Як і ва ўсякай прафесіі, якасць у літаратуры галоўнае... Праўда, выходзяць і слабыя кніжкі, але яны хутка прападаюць, пра іх не гавораць...
— Гэта вы правільна сказалі, Янка, — і Ніна Кірылаўна ўсміхнулася сама сабе. — Вы ўжо даруйце. Цяпер у сваіх аўтараў пракансультую на гэты конт, каб яны дарма часу не трацілі, хай лепш гадуюць унукаў і жонкам памагаюць, дык будзе большая карысць.
I раптам Ніна Кірылаўна стала сур’ёзная і змяніла аб’ект увагі — павярнулася да гаспадыні і сказала:
— Раіса Сцяпанаўна, вы прабачце, але я хацела б запрасіць да сябе на вечар вашых Рагнеду і Янку, я вельмі прашу іх адпусціць.
— Я іх не трымаю, як хочуць — хай ідуць, — адказала маці.
Ніна Кірылаўна падзякавала і звярнулася ўжо да Рагнеды і Янкі:
— Як вы, маладыя людзі, не адмовіцеся схадзіць да мяне на якую гадзінку? Я даўно вас збіралася запрасіць, ды ўсё неяк не выпадала, дацягнула да апошняга...
— Мы з дарагою душою гатовы да вас, Ніна Кірылаўна, — адказаў першы Янка. — I думаю, Рагнеда скажа тое ж самае.
— Я абедзвюма рукамі і нагамі галасую за вашу прапанову, Ніна Кірылаўна. Пайшлі, Янка, пайшлі! — ажывілася Рагнеда. — А ты, мама, не сумуй адна, мы хутка вернемся.
— Ідзіце, ідзіце, а то вы заседзеліся на адным месцы, — прымірэнча сказала маці і памахала ім ручкаю, хоць яны яшчэ стаялі.
I вось яны ідуць — спачатку па сваёй вуліцы, потым ад цэнтра па Першамайскай, дзе жыве Ніна Кірылаўна. Янка ўзяў у яе сумку, бо яна цяжкая, рукапіс важыць некалькі кілаграмаў — шмат вады, жартуюць яны.
Дом Ніны Кірылаўны стаіць зводдаль ад вуліцы, увесь у зеляніне вішняку, яблынь, бэзу і ўсякіх кветак перад вокнамі. Хата драўляная, старасвецкая, з прасторнымі сенямі, з вялікаю кухняю, а далей — зала і асобны пакой, спальня. Прасторна і чыста, шафа з кнігамі туліцца ля сцяны побач з кухняй, тэлевізар на падстаўцы-тумбачцы, газетны столік, — усё, як належыць у людзей, звязаных са школай, з культурай.
А ў цэнтры стаіць невысокі квадратны стол, на якім ужо ўсяго поўна.
— Ніна Кірылаўна, — звярнулася Рагнеда да гаспадыні, — дазвольце нам памыць рукі. Мы хоць і былі на возеры, але вада там не надта...
— Вада там балотная, гэта праўда. Калі ласка, мыйце.
Янка і Рагнеда памылі рукі пад мыцельнікам, прычасалі валасы перад люстэркам.
— Я сябе ўжо не пазнаю, — сказала Рагнеда.
— Нічога, абы я пазнаваў, — супакоіў яе Янка.
Гаспадыня запрасіла іх за стол, яны селі кожны на бакавіне квадрата, адно месца засталося вольнае, хоць тут яшчэ была маладая жанчына, відаць, сваячка гаспадыні.
Рагнеда не ўтрымалася, каб не пахваліць усё, што было на стале:
— Ніна Кірылаўна, вы проста чараўніца, гэтулькі ўсяго смачнага!
— Для дарагіх гасцей нічога не шкада, як у нас кажуць. А гэта мне памагае мая пляменніца Лена, яна ў мяне жыве, усё ўмее, я за ёю як за каменнаю сцяною.
— А я за вамі, — адказала з кухні пляменніца.
Усе засмяяліся. Ніна Кірылаўна папрасіла Янку наліваць у кілішкі, ён з ахвотаю згадзіўся: лепшага не прыдумаеш.
Першы тост быў за сустрэчу, Ніна Кірылаўна падзякавала ім, што памятаюць яе, што вось прыйшлі, для яе гэта як вялікае свята.
Усе дружна выпілі, сталі закусваць, а выбар быў вялікі: салаты, рыба розных гатункаў, кілбасы — таксама, нават пальцам пханая, апетытная, скрылікамі, вяндліна і яшчэ ўсяго шмат.
Гаварылі адразу пра здароўе, гэта значыць, пра хваробы, ад якіх няма рады, потым Ніна Кірылаўна распытвала іх, як яны адпачывалі, што рабілі, як адносіны з маткаю. Расказвала пераважна Рагнеда: што ім тут цудоўна, што месяц праляцеў непрыкметна, але што не абышлося без лёгкае сваркі з маткаю. I яна перадала ў асобах — як усё адбывалася, што гаварыў Янка, што гаварыла маці, — і яны ўсе смяяліся ад душы.
— Дык маці, можа, і пакрыўдзілася на Янку? — спытала Ніна Кірылаўна. — Мы гаварылі перад вашым прыходам, яна не скардзілася.
Читать дальше