— Ты як адгадала мае думкі, — адказаў Янка і ажывіўся: — нешта падобнае сказаў бы і я. Гэта частка нашага жыцця, нават частка нашае душы, свядомасці. А яшчэ — і гэты магутны вал, і глыбозны роў, які ўжо даўно зарос травою, а некалі яго запаўняла вада, атачаючы замак і крэпасць, і сама крэпасць, якая тут стаяла некалькі стагоддзяў, — гэта таксама частка нашага жыцця, нашай гісторыі, нашай свядомасці. I як шкада, што гэта ўсе ўжо ў мінулым, што мы тут як гледачы, а не удзельнікі жывога працэсу, які павінен быць, на добры лад, бясконцы, непарыўны, не пасечаны на кавалкі. Аднак жа — мы ўжо гледачы... Яшчэ як бы і ўдзельнікі, але толькі на кароткі момант. Тыя гусі, што маршыравалі нядаўна, тут больш дома, чым мы з табою. Што ты на гэта скажаш, наш самадзейны філёзаф?
— Вось ты загаварыў пра гісторыю — і я адразу як бы зноў апынулася ў нашым музеі, такім бедным — у параўнанні з тым, якім ён мог бы быць. У нас тут, можа, варта было б стварыць панараму, зрабіць макет гэтага Замчышча, вала, крэпасці, каб людзі маглі сёння бачыць тое, што было калісьці — тысячу ці хоць бы пяцьсот гадоў назад. Наша мінулае спіць, яго ніхто не ведае, а значыць — яго няма, яго не было. Так лічаць людзі... А наша мінулае — гераічнае, багатае на падзеі вялікага маштабу. Узяць тую ж бітву з татарамі ў 1506 годзе... Не толькі сялянскі бунт у вёсцы Гускі ці партызанскія зямлянкі ў нашых лясах на поўдні раёна. Тут была каралева Бона Сфорца, магнаты Радзівілы, гетман Вялікага княства Літоўскага Міхайла Глінскі, тут працаваў вядомы ўсяму свецкаму адукаванаму свету Сымон Будны. А ўсё гэта фактычна застаецца за кадрам. I за мяжою бачнасці нашага зроку, і нашага слыху, і нашага розуму, нашага досведу.
Янка слухаў і думаў, што яна гавормць праўду, але каб зрабіць хоць трохі з таго, пра што яна марыць, патрэбна зусім іншая палітыка, патрэбны не такі як ёсць накірунак мыслення. Для гэтага, як у тым анекдоце кажа стары дзед, трэба мяняць калі не ўсю сістэму, дык хоць апарат. Менавіта — хочацца плакаць над нашым лесам, над лёсам нашага краю і нашых людзей. Мы хочам людзьмі звацца — казаў наш прарок Янка Купала сто гадоў назад. Ну і што? Мы завёмся людзьмі, а вось ці мы імі сталі, яшчэ вялікае пытанне. Мы хочам, а нам не даюць, мы хочам быць нацыяй, а нас не прызнаюць. Нас разбіраюць на часткі, крояць на кавалкі, нас хочуць зрабіць ворагамі адно аднаму — каб мы грызліся, як тыя сабакі за костку, каб не ішлі ў адным кірунку, а ў розныя бакі. Нашу мову не лічаць за мову — вось самае страшнае. I з гэтым ужо змірылася большасць, яна апранула свае душы ў чужыя строі і хутка забудзецца, кім мы былі, хто мы былі і якая наша гісторыя...
— Што ж ты маўчыш, Яначка, хіба я не тое кажу? — спыталася Рагнеда.
— Ты гаворыш слушныя рэчы, але хто цябе пачуе, акрамя мяне? Думаеш, пачуюць тыя, што намі кіруюць? Яны скажуць: нешта вы не тое гаворыце. Нам патрэбна малако, мяса, хлеб, а вы пра нейкія панарамы, пра гісторыю. Няма ў нас далёкай гісторыі, яна ў нас пачынаецца з Кастрычніцкай рэвалюцыі, і гэтую дату мы адзначаем і будзем адзначаць. А нейкае там Княства Літоўскае — гэта не наша.
— Ты так лічыш? — здзівілася Pan еда. — А мне здаецца, што гэта рэальна, трэба толькі моцна захацець.
— А хто захоча? Дапусцім, дырэктар музея Чарняк захоча. А далей Далей усё ўпрэцца ў грошы. A іх няма і не будзе. На культуру ў нас грошай няма. Даюць там нейкія капейкі, але гэта на тое, што ёсць, каб яно яшчэ трохі ліпела. I ўсё — далей развіцця няма. Ёсць толькі засыханне ўсяго жывога.
— Ты песіміст, Яначка, ты безнадзейны песіміст, — адказала на яго словы Рагнеда. — Калі рукі скласці і чакаць манны нябеснай, то гэта так. А трэба варушыцца, трэба дзейнічаць і змагацца. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Трэба пісаць, крычаць, гаварыць, уводзіць людзям у вушы! Толькі тады можна нечага дасягнуць, дастукацца!
— Ты маеш рацыю, я з табою згодзен — увогуле, але ў прыватнасці — не зусім. Ты хочаш зрабіць з мяне журналіста, які будзе кідацца на кожны наш недахоп, крычаць пра яго, трубіць усім у вушы і г.д. У мяне не такі характар, я не люблю выпінацца і крычаць: вось я які! Я ўсё бачу, я ўсяму гэтаму аб’яўляю вайну. Я лічу, што не трэба страляць з гарматы па вераб’ях... А калі ўжо страляць, дык каб мішэнь была таго вартая.
— Я бачу, Яначка, што ты скупы, сэрца людзям ты не хочаш аддаваць — шчыра, без астатку, без аглядкі, а чакаеш нейкага зручнага моманту, выгаднага ці выйгрышнага для цябе. Не хочаш разменьвацца на дробязі, як ты кажаш. А жыццё наша з чаго склдаецца, калі не з дробязяў? Вось увесь гэты агромністы вал — ці не з пясчынак, ці не з крупінак, якія нашы продкі нанасілі і навазілі сваімі ўласнымі рукамі, такімі мізэрна малымі ў параўнанні з гэтаю гарою? А яны яго насыпалі, таму што былі аб’яднаны нечаю магутнаю воляю, ішлі да адной мэты — і зрабілі, пакінулі след у нашай гісторыі, на нашай зямлі, — на той, дзе мы сёння жывём.
Читать дальше