— Рагнеда, — узняў руку Янка, — дазволь цябе перапыніць. Пашкадуй сваю маму і сябе. Колькі чалавек можа вытрымаць пад высокім напружаннем? Гадзіну, дзве, не болей. А колькі ўжо ў нас ідзе дыскусія? «Караул устал», — памятаеце матроса Жалезняка? Падумай пра маму, пра сябе... Ты шмат нагаварыла крыўдных слоў маме, для яе сэрца гэта небяспечна, нават для цябе. Нават для мяне, хоць я тут чалавек збоку... Я лічу, што сказана тут шмат чаго пазітыўнага, але шмат і лішняга. Асабліва, мне здаецца, Рагнеда перастаралася, дыялог ператварыла ў маналог, — такім чынам, парушыла этыку. За гэта яна павінна папрасіць у мамы прабачэння. А мама, калі яна згодна, няхай адкажа на ўсе Рагнедзіны закіды, каб слова апошняе засталося за старэйшым чалавекам, а няма больш паважанага старэйшага чалавека, як нашы мамы. I на гэтым мы закрыем дыскусію — да лепшага часу.
— Ой, ты хітры секундант, Яначка, — ажно засмяялася маці — ад яго слоў ці ад сваіх, але адразу перамянілася, як адышла, — чакаў, пакуль абодва бакі не наломяць сабе добра бакі, а потым ужо выступае міратворцам... Але дзякую і за гэта, што ўважыў старасць. А мая дачка хацела, каб я яшчэ мо і яе пераспрэчыла. Яна думае, што я яшчэ вунь якая — як яна. Дык яна ж за мяне на дваццаць адзін год маладзейшая. Чуеш, Рагнеда? А ты хочаш са мною ў рожкі брацца. Пабойся Бога! — Яна зрабіла невялікую паўзу, правяла далонямі па твары, нібы здымаючы з яго нябачную павуціну. — Не буду я табе нічога адказваць, дачушка, падумай спакойна над тым, што ты мне сказала, і як было мне прыемна ўсё гэта чуць ад роднага дзіцяці, якое я нарадзіла, выгадавала, вывела ў людзі, але, бачыце, не зрабіла яго доктарам медыцыны! Гэта ты ўжо сама павінна была старацца... Мо і дарэмна мы пасля бойкі кулакамі махаем, здароўе трацім. Мо яго яшчэ паберагчы варта. Не сёння ж жыццё канчаецца, не сёння...
На гэтым скончыўся іх доўгі дзень. Супакоіўшыся трохі, яны разышліся па сваіх пакоях. Аднак прыйсці ў норму было не так проста. У Рагнеды разбалелася галава, яна кідалася ў пасцелі з боку на бок і ніяк не магла заснуць, нібы не ўсё яшчэ выказала, і таму гаварыла яму, Янку, які ляжаў побач. Яна дадавала дэталі, якіх не гаварыла матцы, каб надта яе не злаваць: як карміла сваіх сямейнікаў — ішла ў школу ў восем, а вярталася ў дзесяць вечара, а што ў дзяцей няма нічога зваранага, то Бог з імі. Ці як яна адносілася да Рагнедзіных «жаніхоў». Выбірала не Рагнеда, а яна: жаніх павінен быў адпавядаць яе густу, мець адпаведную біяграфію. Асабліва ёй не падабаліся вясковыя хлопцы: гэты не такі, гэты не гэтакі. Гаварылі доўга, мо да гадзін трох ночы. Рагнеда прыняла таблеткі і ўрэшце заснула. Але ў сем раніцы прачнулася ад болю галавы — цягнула на ваніты. Значыць, падскочыў ціск. Янка даў ёй таблетку адэльфану, валер’янкі — трохі палепшала, і яна заснула. Янка быў устаў, але зноў лёг, не хацеў парушаць ломкае цішыні, мо там і маці доўга не спала, хай паспіць хоць на раніцу. Аднак сам заснуць больш не змог, перабраў увесь учарашні дзень: прыезд Рагаткіных, гутарку-спрэчку, потым іх ад’езд, зноў спрэчку з маткаю...
Янка ўстаў недзе гадзін у дзесяць, маці ўжо хадзіла па двары. Была нейкая шэрая і сонная, казала, што кепска спала, часта прачыналася, балела галава. Настрой быў прыгнечаны, але ні на кога не скардзілася, што нямала здзівіла Янку. Спыталася пра Рагнеду, ці балела ў яе галава, і, пачуўшы Янкаў адказ, нават зазлавала: хіба можна так сябе ўзвінчваць, так цвяліць? Навошта ёй трэба было варушыць даўно забытае? Мо трэба яго часам паварушыць, і праветрыць, але не часта. 3 чым Янка не мог не згадзіцца: таптацца па мазалях не трэба. хай яны засыхаюць.
Яна яшчэ раз пахваліла яго за тое, што спыніў бясконцую спрэчку, якая магла давесці не толькі да болю галавы, а яшчэ і да чаго горшага.
Усё больш Янка прыходзіў да высновы, што яны з маткаю не ўжыліся б, калі б пасяліліся ці ў яе хаце, ці каб нешта сабе збудавалі. Яна прывыкла ўжо жыць адна, каб ёй ніхто не замінаў, тым больш не казаў, што ёй рабіць і як рабіць. Сёння яна можа дазволіць Рагнедзе памыць посуд, а заўтра — не, бо ў яе іншы настрой. Тое ж самае і з бялізнаю — яна і дагэтуль не дае мыць Рагнедзе яе кашулі ці якія там панталоны, не дае варыць ежу. Застаецца толькі быць на пабягушках: падай, прынясі, зачыні...
А калі няма згоды ў малым, дык не будзе яе і ў вялікім. Значыць, усё застаецца так, як было: маці жыве тут, яны — там, у Мінску. Пакуль у яе ёсць здароўе, яна будзе адна.
XI
У аўторак раніцою дзядзька Карусь, Рагнедзін дзядзька з бабчынага калена, прыйшоў і сказаў ім, што адкрыўся прыём яблыкаў, ападкі па пятнаццаць капеек за кілаграм.
Читать дальше