Яны паехалі — і як бы чагосьці забракавала, не стала нечага патрэбнага. Вось былі тут новыя для Янкі людзі — і яму былі цікавыя іх гутарка, іх погляды на жыццё. Хоць гэтым разам выйшла не так, як хацелася б: гаварылі, праўдзівей, спрачаліся яны ўдвух, швагры, а ўсе астатнія слухалі, мо каго асуджалі, а каго ў думках абаранялі. Янка не вельмі спадзяваўся, што падтрымлівалі яго. Рагнеда — тая была за яго, астатнія — невядома. Маладыя могуць думаць зусім не так, як яны, старэйшыя, іх цяжка зразумець, як і яны, пэўна, не ўсе разумеюць, чаго хочуць іх бацькі, а тым больш — дзяды. Кожнае пакаленне моліцца свайму богу. Можа, гэта і добра, бо кожнае пакаленне глядзіць на свет сваімі вачыма. Дрэнна, калі яно глядзіць чужымі...
Рагнеда адразу ўзялася мыць посуд са стала, а маці бурчыць: хай застаецца, яна сама заўтра перамые. А сёння яна проста не можа: змаглася, не паабедала па-людску...
— Мама, колькі ты будзеш прыслугоўваць гэтым гастралёрам? Хіба яны самі, маці і маладая дачка, не маглі падаць на стол? Нават памыць посуд пасля сябе? Ці яны самі не ведаюць, дзе што расце, дзе ляжыць, што ўзяць ? Яны і без цябе ўсё ведаюць — і зробяць самі. А ты проста пасядзі, палюбуйся, пацешся на сваю змену. Колькі можна высільвацца?
Сёння маці не хацела пачынаць спрэчкі, відаць, стамілася. А Рагнеда мо якраз хацела скарыстаць момант: я табе, мамка, усё скажу, што ў мяне на душы, ты толькі слухай.
Маці казырала сваімі заслугамі не толькі перад Альбінаю, але і перад ёю, Рагнедаю. Гэта яна выгадавала Рагнедзе сыноў — і старэйшага Гарыка, і малодшага Юрыка. А Юрыку і грошай на вяселле дала, ажно пяцьсот рублёў. А пасля яшчэ, як прыязджаў з жонкаю на матацыкле, вадзіла іх у магазін, купіла нявестцы аксамітную сукенку, туфлі, гардзіны ў кватэру... Што яна гадавала ёй дзяцей, ёсць дакументы: фота, лісты, запіс у пенсійнай кніжцы, калі ёй пенсію пераводзілі адгэтуль у Мінск, дзе яна сядзела пры Рагнедзіных дзецях...
— Я табе, мама, шчыра дзякую за гэта, але чаму ты мне не памагла вучыцца, як мне было цяжка? У цябе нават мне яблыка не знаходзілася, ты ўсё аддавала Альбіне, якая і так жыла бязбедна за сваім афіцэрам.
— Каб не я, яны голыя хадзілі б, што тая афіцэрская зарплата? Няўжо мне Альбіна няпраўду гаварыла і гаворыць?
— Якраз яна і гаворыць табе няпраўду. Яна проста запалохала цябе сваёю беднасцю, ты стала пастаўляць ёй усё, што ты можаш, жыць для яе і яе сям’і. Ты пахавала сябе як чалавека, ператварылася ў яе прыслугу. Мала гэтага: Альбіна ўсяляк нагаворвала на мяне — што я сякая і такая, што памагаць мне не трэба, усё роўна яна прагуляе. I ты ёй верыла, нібы ты мяне ведала горш за сваю Альбіну.
Маці слаба адбівалася, яе аргументы былі нейкія непераканаўчыя. Рагнеда, як здалося Янку, загнала яе ў кут, з якога дарогі назад няма.
— А колькі я памага Альбіне? — наступала яна на матку. — Мо яна ўжо забылася? Колькі яна ў мяне жыла? Хто памог паступіць ёй у ін’яз, дзе яна правучылася ўсяго адзін семестр і была адлічана за непаспяховасць? А потым я ўладкавала яе ў геафізічную партыю ў Слуцк, дзе яна і знайшла свайго лейтэнанта, цяпер палкоўніка... А потым жылі ў мяне, як вярнуліся з Цюмені, чатыры душы... I за гэта яна плаціла мне вось такімі нагаворамі: я прапашчая, гуляшчая, навошта ёй памагаць? Усё гэта хлусня, няпраўда ад пачатку і да канца. Я была бедная, гэта так, але сваё цела не прадавала. Я мела сваю медсястрынскую зарплату, а працавала як праклятая, брала звышурочныя, каб пракарміць сваіх хлопцаў, апрануць, адправіць у школу. I яны не выглядалі горшымі за ўсіх дзяцей, і вучыліся выдатна... А ты ў Мінск перасылала сваёй Альбіне мяшкамі бульбу, гародніну, яблыкі, а мне рэдка калі твой зяць перадаваў які мяшэчак пабітых яблык... Не хто-небудзь, а твае суседзі пыталіся ў цябе, чаму ты пасылаеш толькі адной дачцэ, а другой, старэйшай, амаль нічогі, ты адказвала, што старэйшая і так пражыве, а малодшая зусім бедная, ёй трэба памагаць.
Маці ўжо нават не адказвала на Рагнедзіны закіды, яна стала нейкая як каменная, зацялася і маўчала, апусціўшы галаву на грудзі, і можна было падумаць, што яна дрэмле.
Янку ўжо рабілася шкада старое жанчыны, а тым болей — маткі яго жонкі, і ён шукаў моманту, каб спыніць фантан Рагнедзінага — не сказаць каб красамоўства, але нечага такога тэатральнага, як маналог абвінаваўцы. Яму прыйшла ў галаву думка, што Рагнеда магла б стаць неблагою артысткай, і ўсе якасці для гэтага ў яе былі: прывабная знешнасць, дасканалая жаноцкая постаць, тэмперамент, голас, выразныя сінія вочы, — усё гэта прыцягвала да сябе ўвагу гледача. Сёння яна вяла сваю ролю выдатна, выступала як ярасны абаронца справядлівасці, а не толькі свае асобы. I вось яна пачала яшчэ адну тэму, якую маці ніколі не закранала, нібы яе ўвогуле і не было: пра Рагнедзінага бацьку, пра свайго мужа Івана Паўлавіча.
Читать дальше