— А мо не варта мяняць? Тут жа я яшчэ малады, мо лепш буду падабацца дзяўчатам? Як ты, Рагнеда? — звярнуўся ён да жонкі. — Пакінь мяне такога, не рабі клопатаў сабе і людзям, — папрасіў Янка, і яна згадзілася — заставайся маладым.
— А цяпер, шаноўныя госці, просім запісаць у кніжку водгукаў свае ўражанні, думкі, пажаданні, — сказаў дырэктар да новых наведнікаў. — Ларыса, прынясіце кніжку. А вы сядайце вось тут пры стале і пішыце. Хто — выбірайце самі. — I ён усміхнуўся.
Натуральна, што Рагнеда адразу перадала кніжку Янку, а ён хітра адказаў: «Я пішу, а ты дыктуй», — на што Рагнеда паківала галавою і сказала: «Пішы-пішы, можа, ужо развучыўся?»
Янка быў тугадум, экспромты ў яго не выходзілі, ён задумаўся, «пацягаў» сябе за нос, нібы ў ім была ўся загвоздка, паплюскаў вачыма, як правяраючы іх рэзкасць, — і пачаў пісаць:
«Проста каюся, што да гэтага часу абыходзіў ваш прыгожы домік-музей, што мая жонка Рагнеда не прымусіла мяне зайсці сюды раней. Сёння мы ўрэшце зрабілі гэты крок і радыя, бо так шмат мы ўсяго тут пабачылі, што нам хопіць надоўга матэрыялу для прыемных успамінаў. Тут і наша сівая мінуўшчына, далёкая, глыбокая, таямнічая, калі нашы продкі хадзілі тут мо яшчэ ў звярыных скурах, хадзілі на паляванне і рабілі ўсё, каб на гэтай зямлі жылі людзі. Яны жылі — і дажылі да нашага часу: гэта мы з вамі, гэта тыя, хто засяляе наш гарадок, хто засяляе навакольныя вёскі. Крывічы-палачане-ліцвіны-беларусы — вось такі наш доўгі гістарычны шлях, так мянялася наша гісторыя і наша найменне, пра што мы не павінны забываць. Падзякуем сваім продкам за мужнасць, за працавітасць, за любоў да родных мясцін. Падзякуем тым, хто сёння вакол нас, хто хоча зрабіць наша жыццё прыгожым і шчаслівым. I шчыра дзякуем тым, хто стварыў гэты культурны асяродак, хто ўклаў у яго душу, ажывіў яго — і сёння ён ужо робіць вялікую важную справу — ён абуджае нацыянальную свядомасць нашых школьнікаў, нашай моладзі. Яны тут вучацца любіць свой край і ганарыцца яго здабыткамі і людзьмі, якія ўсё гэта стварылі. Ён вучыць іх быць беларусамі.
Новых Вам сіл, новых знаходак, новых адкрыццяў!»
Янка паставіў дату, падпісаўся, а потым даў падпісацца Рагнедзе.
— А цяпер прачытай уголас, мо я тут не тое напісаў, — папрасіў ён Рагнеду.
Яна ўзяла кнігу водгукаў, стала чытаць, часам з цяжкасцю разбірала некаторыя словы, і Янка ёй падказваў. Навокал ужо збіраліся наведнікі, яны таксама з цікавасцю слухалі. Калі Рагнеда скончыла чытаць, усе запляскалі ў ладкі, а Янка нават пачырванеў — не чакаў такое падзякі.
Дырэктар паціснуў рукі гасцям, запрашаў заходзіць часцей, і яны развіталіся, як лепшыя сябры.
Калі выйшлі на ганак, на свежае паветра, у Янкі ажно закруціла ў галаве: ён толькі цяпер адчуў, як стаміўся.
— Бачыш, якія мы? Як не былі, дык не былі, а як зайшлі — дык роўна на тры гадзіны, — сказала Рагнеда, глянуўшы на гадзіннік. — У мяне ажно разбалелася галава. I ты нейкі стомлены...
— Нічога, пройдзе. Стаміліся, хоць нічога не рабілі, — адказаў Янка. — Але цікава было пабыць, паглядзець, падумаць. А між іншым, ёсць над чым...
Яны ішлі ў горад якраз міма школы, у якую яны ўжо не хадзілі, яе пабудавалі пазней, a іх школа месцілася ля гістарычнага месца — ля вала, які быў некалі абарончым збудаваннем, — у будынку былога вайсковага шпіталю, узведзенага яшчэ да Першай сусветнай вайны.
— Кажаш, ёсць над чым падумаць, — загаварыла Рагнеда, як бы прадаўжаючы яго няскончаную думку. — Я не хацела пытаць у Чарняка, дзе ён падзеў тую кніжку, якую яму перадала мая мама. Гэта быў летапіс горада, які рабіў адзін польскі настаўнік яшчэ да вайны разам з вучнямі. Была гэта тоўстая самаробная кніжка з вучнёўскіх сшыткаў. Не ведаю, як яна трапіла да нас, але бацька перадаў мне яе на захаванне. Потым я аддала яе маме, як паехала ў Мінск вучыцца, а мама перадала Чарняку, дырэктару музея. Цяпер я бачу, што многія звесткі пра гісторыю горада ўзяты адтуль, але ніякіх спасылак на крыніцу няма. А ці можна замоўчваць такі факт? Хоць бы назвалі прозвішча таго польскага настаўніка. Як ты лічыш?
— Я згодзен з табою, прозвішча яго павінны ведаць усе, і фрагменты яго працы — а гэта ж праца! — павінны былі б таксама экспанавацца.
Так гаворачы, яны дайшлі да хлебнага магазіна, паглядзелі на вялікі збор народу, на доўгую чаргу, але хлеба яшчэ не было, і з’явіцца ён мо праз гадзіны дзве, так ім сказалі. Заняўшы чаргу і трохі пастаяўшы, яны вырашылі схадзіць на магілкі сваіх блізкіх: у Янкі тут ляжаў бацька, а ў Рагнеды — дзед і бабка.
Читать дальше