— Толькі за такую вось цікавасць трэба дорага плаціць. Часам нават жыццём, — згадзіўся і не згадзіўся з ім Янка.
Спыніліся і доўга разглядалі разьбярскія работы самадзейнага майстра. Шкада, што іх не бачаць іншыя людзі, бо майстар быў незвычайны, яго ўсе фігуркі жылі і смяяліся, у іх паставах адчуваўся і бачыўся гумар: ці то былі людзі — бабкі-дзедкі, малыя дзеткі, ці звяры-звераняты, пачынаючы з мядзведзя і канчаючы вожыкам. А якія былі забаўныя свойскія жывёлы: конь, які задраў галаву і, аскаліўшы зубы, смяецца да ўпаду, карова, гатовая ўзяць на рогі злога сабаку; добры сабака, які, агарнуўшы лапамі ката, разлёгся на дыванку, а кот спіць сабе, скруціўшыся абаранкам, і нічога не баіцца, бо ў яго такая надзейная ахова.
Ці старыя замурзаныя жорны... Колькі з імі звязана ўспамінаў ваеннага часу! Яны нас кармілі, а мы іх не любілі, але ішлі да іх, жыць без іх не маглі, бо, як кажуць, самы смачны хлеб — жарнавы, асабліва калі ты сам круціў жорны і малоў муку на гэты хлеб. О, хлеб той быў смачны, ён нават сніўся ў галодных снах: чорны жарнавы хлеб.
Вось кавадла на тоўстай калодзе, ціхае, маўклівае, не звініць, не абсыпаецца іскрамі ад жалеза, адпачывае — на пенсіі. I рабацягі, малаткі і молаты, таксама маўчаць, не перазвоньваюцца, не падварваюць сякераў, не куюць нарогаў. Такое знаёмае, такое калісьці блізкае — і такое ўжо забытае начынне! Што ні кажы, Янка, а трэба часам акунацца ва ўсё гэта, як у жывую ваду, каб не забыць, хто ты і адкуль узяўся, адкуль пачаўся, што страціў, а што набыў...
Была на другім паверсе і невялікая зала з крэсламі, тут маглі адбывацца нейкія сустрэчы са знакамітымі людзьмі, адзначацца нейкія круглыя даты. На сценах віселі карціны мясцовых мастакоў, і, трэба сказаць, прафесіянальна выпісаныя: пейзажы, партрэты, знаёмыя і незнаёмыя куткі і мясціны, якіх так шмат навокал і якія так мала пакладзены на музыку — сказаў бы які музыка.
Урэшце спусціліся ўніз — вось яна наша сучаснасць, наш сённяшні дзень: перадавікі вытворчасці, героі сацыялістычнай працы, даяркі, трактарысты, камбайнеры. Тыя, хто нас корміць хлебам і поіць малаком. Неяк нават дзіўна робіцца, што ёсць яшчэ такія людзі, што яны не звяліся, і зямля яшчэ родзіць, бо ёсць яны — змораныя працаю, недаспаныя, паджарыстыя і зарослыя шчаціннем, у сваіх вечных гумовых ботах, у зашмальцаваных ватоўках зімою і летам, часам падпітыя, часам няетыя, — але яны ёсць яшчэ на нашай зямлі, мы можам там, у вялікіх гарадах, спаць спакойна: заўтра хлеб будзе. Калі сёння і няма, дык заўтра будзе — абавязкова! А ў вялікім горадзе некаму здаецца, што батоны растуць на дрэвах, як заморскія бананы! Няпраўда! Часцей прыязджайце ў вёску!
На фота перадавікі вытворчасці выглядалі салідна: паголеныя, гладкія, пад гальштукамі, выспаныя і дагледжаныя, як і належыць выглядаць добрым людзям. Пэўна, яны, калі бачылі тут сябе, не верылі, што гэта яны — такая была вялікая розніца між тымі, якія яны былі тут на фота, і тымі, што ў жыцці: неба і зямля!
Не абышлі, не абмінулі яны ўрэшце і фота Шэўчыка, з якім вучылася Рагнеда, убачылі і Баркуна — вельмі падобнага да Янкі, толькі маладога, кучаравістага, а не амаль што аблыселага, як цяпер.
— А дзе вы ўзялі гэтае фота? — спыталася Рагнеда ў дырэктара, паказваючы на свайго Баркуна. — У мяне яго няма...
— Ды ўзялі ў яго сястры, — сказала маладая супрацоўніца. — Пера- знялі і вярнулі.
— Несалідны ён тут нейкі, праўду кажу, — не адставала Рагнеда ад Янкавай фатаграфй. — Трэба было б памяняць, калі можна...
Як Рагнедзе, а Янку было ну зусім нязвыкла бачыць сваё фота ў нейкім музеі побач з іншымі, ледзь не знакамітымі ў маштабах раёна, людзьмі, а хто ён быў тут для іх? Як адзін пісьменнік сказаў, калі яго назвалі вядомым, што ён вядомы толькі сваёй жонцы і яму самому, а наконт іншых — ён вельмі сумняваецца. Такое мог бы сказаць пра сябе і Янка.
— А я вам лепш раскажу з такое нагоды гістарычны анекдот. Недзе ў Рыме за часам Цэзара ці Нерона ідуць два знатныя патрыцыі ці сенатары і гавораць між сабою. Ніжэйшы па рангу кажа: вось мы тут ідзём па алеі знакамітых людзей Рыма, я гляджу, а твайго бюста не бачу. Навошта такая сціпласць? А той, вышэйшы рангам, гэтак з усмешкаю адказвае: ведаеш, лепей хай людзі пытаюцца, чаго яго тут няма, чым пыталіся б, а чаго ён тут апынуўся... I я так сказаў бы: лепш недабраць, чым перабраць, — закончыў Янка.
Анекдот быў да месца, і ўсе зарагаталі, нават сама Рагнеда. Але пасмяяліся, і дырэктар сказаў, што, калі яны хочуць, дык фота можна памяняць.
Читать дальше